Пошук

13.07.2018 09:30   Ірына Мялешка / Catholic.by

З 6 па 11 ліпеня Рада па cправах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арганізавала т.зв. «Школу нараджэння» — курсы для сужэнцаў, гінеколагаў, акушэраў і іншых зацікаўленых з мэтай падрыхтоўкі бацькоў да натуральных родаў.

Такія курсы прайшла ў Беларусі ўжо ў восьмы раз, сёлета ў Навагрудку. Удзел у іх прынялі католікі і праваслаўныя з Мiнска, Гродна, Бабруска, Гомеля, Лiды, Жодзіна, Магілёва i Баранавічаў.

Сем’і прыязджаюць у «Школу нараджэння», каб фізічна, духоўна, інтэлектуальна і псіхалагічна падрыхтавацца да прыняцця дзяцей, а галоўнае — адкрыць Бога, які прысутнічае пры зачацці і нараджэнні чалавека.

«Школа» прапануе цыкл сустрэч, падчас якіх бацькі вучацца ўсталёўваць сувязі з зачатым дзіцём ужо з самых першых хвілін яго жыцця ва ўлонні маці, рыхтуюцца да поўнага ўдзелу ў цудзе нараджэння і вучацца правільнаму догляду нованароджанага і немаўляці.

Шмат увагі тут прысвячаецца як самому працэсу нараджэння, так і ролі бацькоў: не толькі маці, але і бацькі, бо роды — важная сямейная падзея.

Кожны ўдзельнік мог адкрыць, наколькі патрэбна падтрымка мужа, якая гэта цяжкая і адказная праца і што такое натуральныя роды.

Курсы рыхтуюць перш за ўсё будучых «інструктараў», якія будуць дапамагаць маладым бацькам у падрыхтоўцы да родаў.

У «Школе» праходзiлi сустрэчы, падчас якіх удзельнікі паглыблялi свае веды ў практыкаваннях для цяжарных, музыкатэрапіi, падрыхтоўцы да народзінаў, доглядзе нованароджанага. Заняткі праходзiлi ў цікавай і разнастайнай форме: слуханне лекцый, прагляд фільмаў і абавязкова малітва за дзяцей. Сёлета курсы праводзілі сужэнская пара і акушэр-гінеколаг з Варшавы.

«Школа нараджэння» носіць хрысціянскі характар: яна грунтуецца на малітве і асабістых адносінах з Богам.

Прадметныя веды па медыцыне цесна звязаны з малітвай. Галоўным пунктам дня была Эўхарыстыя.

Дзякуючы добрым уражанням удзельнікаў з папярэдніх гадоў, «Школа нараджэння» — працэс, які не заканчваецца пасля пяці дзён, а заахвочвае новых людзей да ўдзелу ў занятках, якія плануюцца у будучыні.

Абноўлена 13.07.2018 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця