Пад золкаю імжою каля гадзіны дня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай падышла першая пешая пілігрымка. Разам са сваім пробашчам кс. канонікам Дзмітрыем Барылам Маці Божую першымі прывіталі пілігрымы парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка з в. Ракаў (Валожынскі дэканат).
У сёлетняй пілігрымца з Ракава ў Будслаў, пераадолеўшы 135-кіламетровы шлях, увайшлі 95 пілігрымаў.
Адразу за імі разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім, біскупскім вікарыем для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, увайшла пілігрымка з Барысава, удзельнікі якой — усяго 106 чалавек — пераадолелі 115 кіламетраў.
Змоклыя, але поўныя энтузіязму, радаснымі спевамі яны прывіталі Найсвяцейшую Маці ў Яе будслаўскай святыні.