Пошук


13 чэрвеня, ва ўспамін св. Антонія Падуанскага, на Сарафінавай гары, што непадалёк ад вёскі Суцін Пухавіцкага раёна (Барысаўскі дэканат), вернікі разам з біскупам Юрыем Касабуцкім памаліліся на месцы знішчанага ў 30-я гады мінулага стагоддзя касцёла св. Антонія.

Нягледзячы на працоўны дзень, на гары сярод лесу сабралася нямала народу. Сёння тут не толькі вернікі з Мар’інай Горкі, з ваколіц Суціна і Талькі, але таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі і нават з-за мяжы. Ва ўспамін св. Антонія яны прыйшлі сюды разам са сваім пробашчам, кс. Генрыхам Кучынскім, каб памаліцца на месцы, дзе калісьці стаяў касцёл, дзе хрысціліся і бралі шлюб іх продкі, дзяды і прадзеды, якія цяпер спачываюць на мясцовых могілках.

Упершыню цэлебрацыю Эўхарыстыі на палявым алтары пад драўлянаю паветкаю на месцы зруйнаванай святыні ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пад пошум ветру ў кронах лясных дрэваў і нязмоўкны гоман птушак узносіліся яго пранікнёныя словы, як у часы святога Францішка і святога Антонія Падуанскага, якія таксама часта абвяшчалі Божае слова на ўлонні прыроды.

У сваёй гаміліі біскуп Юрый, гаворачы пра вялікага прапаведніка з Падуі, адзначыў, што яго красамоўнасць была перадусім плёнам шчырай нястомнай малітвы. Іерарх казаў пра важнасць малітвы ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, нават безвыходных з чалавечага пункту гледжання, а таксама малітвы за памерлых. Усё на свеце мінае, але тыя, хто сёння моліцца за сваіх спачылых продкаў, могуць разлічваць на тое, што калісьці нехта памоліцца і за іх.

Пасля Імшы адбылася малітва за памерлых і асвячэнне могілак.

Абноўлена 13.06.2018 19:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.