Пошук

16.06.2020 10:18   Тэкст і фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

13 чэрвеня ўспамін святога Антонія зноў сабраў на Сарафінавай гары каля вёскі Суцін Пухавіцкага раёна вернікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы. Людзі ў чарговы раз прыйшлі сюды, каб ушанаваць аднаго з самых папулярных каталіцкіх святых і памаліцца за сваіх продкаў, пахаваных на гэтым святым месцы.

  

Некалі на Сарафінавай гары стаяў драўляны касцёл у гонар святога Антонія, а пры ім — каталіцкія могілкі. Напрыканцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя касцёл быў закрыты. У 1939 годзе святыню па загаду ўладаў разбурылі, а бярвенні перавезлі ў Суцін. Аднак вернікі працягвалі прыходзіць на «намоленае» месца.

Сёлета з прычыны пандэміі тут сабралося менш людзей, чым у мінулыя гады, — каля ста чалавек.

Марыя Іванаўна, 82-гадовая жыхарка суседняй вёскі Весялова, распавядае, як яе яшчэ немаўлём у 1945 годзе сюды прыносіла мама. «Вось, мама ахвяравала мяне, цяпер кожны год „паўзу“ сюды».

    

Іна і Аксана Сенькоўскія, якія паходзяць з гэтых мясцінаў, цяпер жывуць у Асіповічах. Іх родныя таксама прыехалі сёння на Сарафінаву гару з Вільні і Маладзечна. «Кожны год у гэты дзень сюды прыязджаем, — распавядае Іна Сенькоўская, — нават калі ёсць праца, неяк шукаем, каб замяніцца, але быць тут.

13-а — святога Антонія. У нас, у Суціне, гэта свята».

«Мы памятаем, як вакол ямы, дзе касцёл быў, людзі на каленях ішлі, тры разы абыходзілі, — успамінае яе сястра, — Нашыя бабулі хадзілі: мы яшчэ маленькія тады былі. Раней яма была глыбей. Камуністы потым будьдозер прыганялі, засыпалі. А той мужчына, што засыпаў… Думайце што хочаце, але ў яго адняліся ногі. А ён малады быў».

У Валянціны Сельхановіч на могілках на Сарафінавай гары пахаваныя родныя, сябры і знаёмыя. Яна са сваёй сям’ёй таксама кожны год прыязджае наведаць памерлых.

«Для нас гэта памяць, гэта нашая спадчына, гэта тое, што вельмі дорага. Тут у кожнага сваё мінулае, штосьці блізкае сэрцу», — кажа жанчына.

Пасля адраджэння парафіі ў 2007 годзе на месцы былога касцёла парафіяне пабудавалі невялікую паветку для цэлебрацыі літургіі, быў усталяваны крыж і зроблены драўляныя лаўкі.

Пасля таго, як удзельнікі фэсту наведалі могілкі, дзе пахаваныя іх блізкія, распачалася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Генрых Кучынскі, пробашч з Мар’інай Горкі, разам з кс. Станіславам Станеўскім з Мінска. Як кажа кс. Генрых, «Імша адпустовая і адначасова „выпамінковая“»: людзі загадзя падавалі карткі-выпамінкі з імёнамі памерлых, за якіх хацелі памаліцца.

У казанні, якое прамовіў кс. Станіслаў, ён засяродзіў увагу на пытанні, якою ёсць наша вера. Ці гэта пару разоў на год прыйсці ў касцёл на Вялікдзень, Божае Нараджэнне ці на фэст на Сарафінаву гару? Як наша вера праяўляецца ў час пандэміі? Як мы будуем сваё жыццё і свае адносіны з Богам?.

«Вера — гэта не толькі мае словы, вера — гэта маё жыццё. Як я веру? Калі я кажу „Пане Божа, я ў Цябе веру“, гэта значыць, што я буду выконваць Тваю волю ў маім жыцці, — заўважыў кс. Станіслаў. — Мы з Богам павінны наладзіць адносіны, і для гэтага ёсць некалькі важных спраў.

Калі я хачу пабудаваць з іншай асобай адносіны, у першую чаргу я павінен з ёю размаўляць. Без гэтага ніякіх адносін не будзе. Таксама і з Богам. Мая размова з Ім — гэта малітва».

«Наступны момант — гэта мая сустрэча. Калі не буду сустракацца з гэтаю асобаю, яна ніколі не стане для мяне блізкай. Таксама і з Богам. А сустракаюся я з Ім падчас Эўхарыстыі, падчас святой Імшы.

Я прыходжу да Езуса Хрыста, прыходжу паслухаць, што Ён хоча мне сказаць. Праз сваё слова Ён звяртаецца да мяне. Але не толькі паслухаць. Прыходжу, каб прыняць Яго ў святой Камуніі. Гэта Ён працягвае да мяне сваю далонь і кажа: „бяры і еш“. Прыходжу, каб сустрэцца з Хрыстом, прыняць Яго і потым разам з Ім ісці і будаваць сваё жыццё, сваю рэчаіснасць», — дадаў кс. Станіслаў.

Пасля Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій святога Антонія, але з-за неабходнасці захоўваць санітарныя нормы без цалавання, а паклонам.

На завяршэнне ўрачыстасці кс. Генрых Кучынскі асвяціў вялікі паклонны крыж.

Раней у бліжэйшай да гары вёсцы Суцін была невялікая драўляная капліца, якая каля пятнаццаці гадоў таму згарэла пры пажары, што адбыўся па неасцярожнасці. Пасля ўрачыстасці кс. Генрых з мясцовымі вернікамі ўсталявалі новаасвячаны крыж на месцы, дзе стаяла капліца.

…На жаль, не заўсёды нам удаецца захаваць святыні. Пра іх застаецца толькі памяць. Але захавайма нашую веру і вернасць Хрысту, каб разам з Ім будаваць новую будучыню.

Абноўлена 18.06.2020 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця