У панядзелак 13 чэрвеня адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага на Сарафінавай гары.
Гэтае незвычайнае месца, схаванае ў лесе, знаходзіцца непадалёк ад вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Да 1939 года тут на маляўнічым узгорку стаяў драўляны касцёл святога Антонія фундацыі Казіміра і Бэнэдыкты Янішэўсіх.
Традыцыйна ў гэты дзень сюды штогод прыязджаюць сотні людзей з розных куткоў Беларусі, каб ушанаваць святога Антонія і памаліцца за сваіх продкаў, пахаваных на гэтым святым месцы.
З Суціна, Талькі, Мар’інай Горкі, Асіповічаў, Мінска з’язджаюцца да магілаў сваіх дзядоў-прадзедаў шматлікія нашчадкі ігуменскай шляхты.
Нават у савецкі час, калі ўжо не было касцёла і ксяндза, людзі працягвалі збірацца ў Сарафіне. Мясцовая жыхарка апавядае, як у той час людзі святкавалі «забаронены адпуст»:
«Людзі прыходзілі з харугвамі і абыходзілі некалькі разоў вакол месца, дзе стаяў касцёл. Спявалі песні да святога Антонія, літаніі. Спявалі на такія мелодыі, якіх цяпер ніхто нават і не ведае».
Найбольшае выпрабаванне выпала на 30-я гады XX стагоддзя. Як успамінае пані Ганна, жыхарка вёскі Балоча, мноства народу прыбегла сюды ў дзень арышту ксяндза. Людзі не аддавалі савецкім карнікам свайго пастыра; плакалі, галасілі. Але ксёндз быў арыштаваны. Здолеў уратавацца дыякан, які схаваўся за алтаром. Ён сказаў людзям, што іх не пакіне. Невядома, як склаўся лёс гэтага ксяндза і дыякана. Хутчэй за ўсё, абодва аддалі сваё жыццё за Хрыста.
На сёлетнюю ўрачыстасць быў запрошаны айцец Ануфрый Альховік OSPPE з Карэлічаў, продкі якога былі ахрышчаны ў гэтым касцёле. Ксёндз Генрых Кучынскі, пробашч з Мар’інай Горкі, разам з айцом Ануфрыем цэлебравалі адпустовую святую Імшу, падчас якой маліліся таксама за памерлых тутэйшых жыхароў. Людзі загадзя падавалі лісткі з імёнамі сваіх памерлых продкаў і сваякоў.
У прамоўленай гаміліі айцец Ануфрый нагадаў гісторыю сарафінскага касцёла і зазначыў яго важнасць для ўсіх сабраных на ўрачыстасці людзей.
«Касцёл, якога ўжо даўно няма, надалей нас ўсіх аб’ядноўвае, бо менавіта тут калыска нашых сем’яў. Сюды прыходзілі нашыя продкі, каб сустракацца з Панам Богам і праслаўляць Яго веліч. Тут яны былі ахрышчаныя, тут шлюбаваліся, тут, пры касцёле, знаходзілі месца свайго спачыну. Тут, праз заступніцтва святога Антонія, у смутках знаходзілі суцяшэнне», — казаў святар з Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, чые продкі таксама паходзілі з гэтых мясцін.
Айцец Ануфрый Альховік звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць захавання веры продкаў у наш нялёгкі час і перадачы яе наступным пакаленням:
«Сам святы Антоній тут, на гэтым месцы, нас заахвочвае да паглыблення рэлігійных ведаў, каб мы не занядбалі скарб, перададзены нам нашымі продкамі».
Пасля святой Імшы вернікі запрашалі святароў благаславіць магілы родных і разам за іх памаліцца.