7–8 чэрвеня ў Віцебску адбылася XIV міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы медычнай этыкі ў сучасным свеце». Яна праводзілася па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскага аблвыканкама.
У канферэнцыі бралі ўдзел спецыялісты і духавенства з Беларусі, Італіі, Нігерыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Шры-Ланкі, а таксама прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр, які выступіў на канферэнцыі з дакладам. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў звярнуўся таксама старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
У звароце як іерарха, так і прадстаўніка дзяржаўнай улады была падкрэслена важнасць пытанняў біяэтыкі ў сучасным свеце і духоўных аспектаў іх вырашэння.
Упершыню да аўдыторыі дыпламатаў, медыкаў, духавенства і навукоўцаў, якія сабраліся ў Віцебскім аблвыканкаме, у фармаце відэаканферэнцыі далучыліся ўдзельнікі ў 21 студыі ў раёнах вобласці. Варта адзначыць, што ў працы канферэнцыі бралі ўдзел начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Дзяркач і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.
Праграму канферэнцыі адкрыў даклад «Перспектывы развіцця акушэрска-гінекалагічнай дапамогі ў Віцебскай вобласці», у якім галоўны ўрач абласнога раддома Алена Леановіч акцэнтавала ўвагу на пытаннях дэмаграфічнай бяспекі і іх паспяховым вырашэнні на прыкладзе Віцебскай вобласці. Далей слова было дадзена прадстаўніку Святога Пасаду монсеньёру Дарыюшу Герсу, афіцыялу Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яго паведамленне было прысвечана «Хартыі працаўнікоў аховы здароўя» і працы новага ватыканскага ведамства па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якое ён прадстаўляе.
Таксама прагучалі даклады прафесара Аляксандра Окаракава (Беларусь) «Аптымальная тэрапія артэрыяльнай гіпертэнзіі пры цяжарнасці», прафесара Collegium Bobolanum Папскага тэалагічнага факультэта ў Варшаве кс. Пятра Ашыка SI «Канец жыцця: сучасныя этычныя дылемы», прафесара, члена Папскай акадэміі ў абарону жыцця, касцёльнага дарадчыка Сусветнай федэрацыі каталіцкіх медыцынскіх асацыяцый мансеньёра Жака Судо (Францыя) «Медыцына, арыентаваная на пацыента, супраць медыцыны, арыентаванай на хваробу: аб чым думаць?», дацэнта Волдэ Тэсфайе (Беларусь) «Прафесійныя гуманныя маральныя і духоўныя аспекты медычнай этыкі ў сучасным свеце», кандыдата філасофскіх навук Валерыя Грыня (Беларусь) «Залежнасці – характаралагічныя і этычныя аспекты» і паведамленні прадстаўнікоў Нігерыі і Шры-Ланкі.
З заключным словам да прысутных звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які адзначыў важнасць і неабходнасць самага шырокага супрацоўніцтва ў сферы аховы жыцця і здароўя, дзе Каталіцкі Касцёл заўсёды адстойваў і адстойвае годнасць і недатыкальнасць жыцця кожнай чалавечай асобы ад зачацця да натуральнай смерці.
Удзельнікі канферэнцыі наведалі каталіцкія і праваслаўныя святыні Віцебска, музеі і мастацкія выстаўкі горада, а таксама Віцебскі абласны клінічны раддом і Віцебскую абласную клінічную бальніцу, дзе Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр благаславіў пакой для малітвы і рэлігійных абрадаў з мэтай духоўнай апекі над пацыентамі.
Духоўную апеку над канферэнцыяй ужо другі год ажыццяўлялі святары Таварыства Езуса (кс. Клеменс Верт SI).