Пошук

07.06.2018 14:18   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

7 чэрвеня ў Віцебску распачалася праца XIV міжнароднай медыцынскай канферэнцыі «Праблемы медычнай этыкі ў сучасным свеце», якая праводзіцца па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі і мясцовага аблвыканкама.

У працы канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі вышэйшых навучальных установаў Віцебска, а таксама прадстаўнікі Касцёла, сярод якіх біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і супрацоўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека монсеньёр Дарыюш Герс.

У прамове, з якой да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Апостальскі Нунцый, ён перадусім выказаў ім падзяку за ўнёсак у паглыбленне навуковых, антрапалагічных і этычных ведаў, а таксама за служэнне жыццю, асабліва праз клопат пра чалавечае жыццё з моманту зачацця ажно да яго натуральнага завяршэння.

Па словах прадстаўніка Святога Айца Францішка ў нашай краіне, тэма канферэнцыі складаная і разам з тым неабходная. Яна датычыцца праблематыкі апошніх тэхналагічных распрацовак у галіне навук пра жыццё, якія кідаюць выклік гуманізму.

«Магутнасць біятэхналогій, што ўжо сёння дазваляе здзяйсняць маніпуляцыі з жыццём, якіх яшчэ ўчора немагчыма было сабе ўявіць, нараджае шмат пытанняў», — адзначыў арцыбіскуп Пінтэр.

Таму, на яго думку, неабходна актывізаваць вывучэнне і даследванне эфектаў тэхналагічнай эвалюцыі чалавечага грамадства, каб сфармуляваць антрапалагічны сінтэз, які будзе даваць адказы на выклікі сучаснасці. Прадстаўнік папы Францішка лічыць, што сфера кваліфікаваных кансультацый спецыялістаў не можа абмяжоўвацца вырашэннем пытанняў, звязаных з канкрэтнымі сітуацыямі этычнага, сацыяльнага або прававога канфліктаў.

«Прапанова мадэлі паводзінаў, адпаведнай годнасці чалавечай асобы, адносіцца да тэорыі і практыкі навукі і тэхнікі ў іх агульным падыходзе да жыцця, да яго значэння і каштоўнасці. Для гэтага мы павінны ўсвядоміць, што нашае жыццё — гэта дар, які мы атрымалі ад кагосьці Іншага. Як хрысціяне мы верым, што гэты Іншы, гэтая Моц, якая вышэй за нас, — гэта Бог. Ён з’яўляецца крыніцай нашага жыцця. Усё Святое Пісанне сведчыць пра гэта», — падкрэсліў іерарх.

Другі прынцып, якім, як ён лічыць, неабходна кіравацца ў гэтай працы, — гэта тое, што чалавечае жыццё — арыгінальнае і адрозніваецца ад жыцця іншых жывых істотаў. Папскі Нунцый звярнуў увагу на тое, што ў біблійным аповедзе адрозненне паміж чалавекам і іншымі істотамі падкрэсліваецца перадусім тым фактам, што толькі чалавек створаны паводле «вобразу і падабенства» Бога (гл. Быц 1, 26). У кнізе Мудрасці Сіраха ідзе гаворка пра такія адметныя ўласцівасці чалавека, як розум і здольнасць адрозніваць дабро і зло. Сярод усіх бачных істотаў толькі чалавек здольны пазнаваць дабро і зло, прымаць закон жыцця і Запавет, прапанаваныя яму Творцам (гл. Сір 17, 6–10).

Трэці асноватворны элемент, названы ватыканскім дыпламатам, грунтуецца на тым факце, што жыццё, якое Бог дае чалавеку, — гэта штосьці нашмат большае, чым проста існаванне ў часе.

«Гэта — імкненне да паўнаты жыцця, гэта — зачатак існавання, якое выходзіць па-за межы самога часу.

З улікам гэтага, мы ўсе пакліканы абараняць і ахоўваць чалавечае жыццё, асабліва ва ўлонні маці, у дзяцінстве, у старасці і недзеяздольнасці. Хрысціянская вера прымушае нас узяць ініцыятыву ў свае рукі!

Спакон веку ў Касцёле было шмат светлых і высокіх розумаў, якія ў свой час адкрывалі новыя шляхі ў навуцы і ў свядомасці людзей. Свету неабходныя вернікі, якія сур’ёзна і з радасцю, творча і з ініцыятывай, пакорна і мужна, рашуча змогуць аднавіць поўнае бачанне чалавечага жыцця, яго значэння і каштоўнасці», — сцвердзіў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Згадаўшы энцыкліку папы Францішка Laudato si’, яго прадстаўнік у Беларусі назваў гэты дакумент, прысвечаны абароне стварэння, маніфестам такога адраджэння погляду чалавека на Бога і на свет, які прапануецца ў першых раздзелах кнігі Быцця. Нунцый падкрэсліў, што «кожны з нас сам па сабе — жаданае і любімае Богам стварэнне, а не толькі набор добра арганізаваных і падабраных у працэсе эвалюцыі клетак». «У гэтую асаблівую любоў Бога да чалавека ўпісана ўсё стварэнне; яна распаўсюджваецца на ўсе пакаленні», — сказаў іерарх.

«Словам, мы стаім на парозе сапраўднай культурнай рэвалюцыі, якая з’явілася на даляглядзе гісторыі нашага часу. І Касцёл першым павінен выканаць сваю частку, якая яму прызначана», — адзначыў Апостальскі Нунцый.

Гаворачы пра тое, што падчас канферэнцыі будуць закранутыя пытанні медыцынскага суправаджэння невылечна хворых пацыентаў, прадстаўнік Святога Айца дадаў, што працэс секулярызацыі ў многіх краінах прывёў да попыту на эўтаназію як ідэалагічнае пацвярджэнне ўлады волі чалавека над жыццём. Гэта, на яго думку, стала магчымым з-за таго, што жыццё разглядаецца як каштоўнасць не з увагі на ўласцівую яму годнасць, а з пункту гледжання яго эфектыўнасці і прадукцыйнасці.

«У гэтым выпадку неабходна нагадаць, што чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнага заканчэння само па сабе мае годнасць, якая робіць яго недатыкальным, — сцвердзіў іерарх. — Боль, пакуты, сэнс жыцця і смерці — гэта рэаліі, на якія сучасны менталітэт з цяжкасцю глядзіць позіркам, поўным надзеі. Разам з тым, без даверлівай надзеі, якая дапамагае справіцца з цярпеннем і прыняццем смерці як пераходу да новага жыцця, чалавек не можа жыць годна і захаваць пазітыўнае бачанне сваёй будучыні.

Надзея — гэта і ёсць адна з тых паслугаў, якую Касцёл з усімі ягонымі ініцыятывамі, падобнымі да той, у якой мы сёння ўдзельнічаем, пакліканы падараваць сучаснаму чалавеку», — падкрэсліў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На заканчэнне сваёй прамовы на медыцынскай канферэнцыі, прадстаўнік папы Францішка ад імя Святога Айца выказаў падзяку яе ўдзельнікам і перадаў ім яго апостальскае благаслаўленне на плённую працу.

Абноўлена 07.06.2018 23:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.