У чацвер пасля Найсвяцейшай Тройцы ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Паводле агульнаеўрапейскай традыцыі, у якой гэтая ўрачыстасць на лаціне называецца Corpus Domini — «Цела Пана», — у нас у народзе яе таксама называюць «Божае Цела».
Святкаванне ўрачыстасці ў чацвер нагадвае пра тое, што менавіта ў гэты дзень тыдня Хрыстус на Апошняй Вячэры ўстанавіў успамін сваёй смерці і ўваскрасення ў Эўхарыстыі — Найсвяцейшым Сакрамэнце, у якім хлеб і віно становяцца Яго сапраўднымі Целам і Крывёю.
Традыцыйна ва ўрачыстасць Божага Цела і ў актаву — на працягу васьмі дзён пасля яе — адбываюцца святочныя працэсіі, у якіх святары нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак сапраўднае Цела Хрыста ў выглядзе Эўхарыстычнага Хлеба.
Падчас працэсіі адбываецца чатыры прыпынкі (стацыі) каля чатырох алтароў. На кожным прыпынку чытаюцца эўхарыстычныя тэксты паводле кожнага з чатырох евангелістаў. Пасля гэтага святар благаслаўляе ўсіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам у манстранцыі, і працэсія ідзе далей.
Наперадзе ў працэсіі ідуць дзеці ў белым адзенні. Гэта тыя, хто сёлета ўпершыню прыняў у сваё сэрца Езуса Хрыста ў святой Камуніі.
У адрозненне ад Усходніх Цэркваў, дзе прынята прычашчаць немаўлятаў, рыма-католікі могуць прымаць Хрыста ў Эўхарыстыі толькі дасягнуўшы ўзросту, калі ўжо ў стане адрозніць Цела Хрыста ад звычайнага хлеба, і прайшоўшы адпаведную падрыхтоўку, якая працягваецца як мінімум 2 гады.
Паколькі ўрачыстасць Божага Цела прыпадае ў нас на працоўны дзень, зазвычай, асабліва ў вялікіх гарадах, эўхарыстычныя працэсіі праходзяць у бліжэйшую да яе нядзелю.
Так, сёлета працэсія Божага Цела пройдзе ў Нясвіжы ў суботу 2 чэрвеня, а ў Мінску — у нядзелю 3 чэрвеня.
Вельмі пажадана, каб усе, каму дазваляе здароўе, бралі ўдзел таксама ў эўхарыстычнай працэсіі, паколькі яна з’яўляецца выразам і сведчаннем нашай веры ў жывую і рэальную прысутнасць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Пры гэтым варта памятаць, што ўдзел у эўхарыстычнай працэсіі не вызваляе ад абавязку ўдзельнічаць у нядзельнай св. Імшы і Імшы ў чацвер, калі адзначаецца сама ўрачыстасць Божага Цела і Крыві.