Бяроза ў пісьмовых крыніцах ўпершыню згадваецца ў 1477 годзе, калі яе першыя ўладальнікі Ян і Барбара Гамшэі пабудавалі тут касцёл Святой Тройцы.
Гістарычная справядлівасць была адноўлена ў 1998 годзе, калі на ўездзе ў наш райцэнтр з боку Івацэвіч паўстаў каталіцкі храм з такой жа назвай. Новы касцёл тады асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк — адзіны кардынал ва Усходняй Еўропена той час.
27 мая ў Бярозе прайшлі ўрачыстасці ў гонар 20-годдзя асвячэння касцёла. У іх прынялі ўдзел ксёндз дэлегат Станіслаў Вашкевіч SAC з Мінска, а таксама ксёндз Павел Рудзьман з Баранавіч і брат Андрэй Журко OCD — абое родам Бярозы, а таксама мясцовыя вернікі і госці з Мінска, Брэста, Пінска, Белаазёрска і Сігневіч.
У час святочнай літургіі пробашч парафіі кс. Уладзімір Буклярэвіч SAC найперш узгадаў імя ксяндза Анджэя Мажэца SAC, дзякуючы намаганням якога ў нялёгкія гады была ўзведзена каталіцкая святыня.
Зараз гэты паважаны святар нясе служэнне ў расійскім Бранску, але нашы вернікі ніколі не забываюць таго, хто пабудаваў касцёл.
У розныя гады таксама служылі ў Бярозе і даносілі Божае слова да людзей ксяндзы Уладзімір Мазалеўскі SAC, Петр Кубіцкі SAC, Станіслаў Вашкевіч SAC, а зараз апякуюцца над вернікамі Уладзімір Буклярэвіч SAC і Дзяніс Крываносаў SAC.
Словы удзячнасці былі адрасаваны найстарэйшым парафіянам, якія захавалі веру і перадалі яе сваім дзецям, унукам і праўнукам, а таксама дапамагалі ў будаўніцтве храма.
Прыкладам такой непахіснай веры з’яўляецца Казіміра Новік — жыхарка Самойлавіч, якая захавала самыя важныя рэліквіі зруйнаванага ў 1960-я гады касцёла, прымала ў сваёй хаце святароў і вернікаў, і прыкладала ўсе намаганні, каб у Бярозе з’явілася «сэрца» парафіі.
А за 20 гадоў у Божым доме было ахрышчана 327 дзяцей, 251 пара з’яднала свае лёсы праз сакрамэнт шлюбу, 145 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі, 254 прыступілі да Першай Камуніі, адбылося 16 пешых пілігрымак у Лагішын, Гудагай, Будслаў, Чэнстахову і Рым.
Гэтыя факты былі агучаны ў час святочнай праграмы — добра было глядзець, з якім гонарам дзеці расказвалі пра старанні сваіх бабуль і дзядуль пры ўзвядзенні сцен святыні.
Упрыгожыў свята сваім выступленнем хор касцёла, а паэтычныя радкі Алены Усцілоўскай-Казловіч дазволілі зазірнуць у далёкую даўніну за сцены кляштара картузаў. Музычны гурт з Баранавіч выканаў шмат добрых песен, у якіх ухваляліся лепшыя чалавечыя пачуцці.
У сваім віншавальным слове ксёндз-дэлегат Станіслаў Вашкевіч SAC выказаў сардэчную падзяку ўсім, хто паклаў свае намаганні ў падмурак касцёла, які стаў сэрцам Бярозы і хрысціянства, з’яднаў людзей, а таксама пажадаў вернікам, каб Божы провед адарыў іх супакоем, здароўем і заўсёды спадарожнічаў ім і іх блізкім у жыцці.
Белыя ружы, ад шчырага сэрца ўручаныя святарам, і такога ж колеру шарыкі, якія дзеці ў бялюткім убранні выпусцілі ў сонечнае неба, сталі яшчэ адным сімвалам чысціні памкненняў вернікаў, якія ідуць па жыцці з Божым словам і вучаць гэтаму сваіх дзяцей і унукаў.