Пошук

18.02.2019 13:56   Алена Казловіч / Фота: Дзмітрый Паўховіч / Catholic.by

17 лютага біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў з кананічнай візітацыяй парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе, Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сігневічах, св. Аляксея ў Сяльцы і Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Белаазёрску.

Як прадпісвае кананічнае права, візітацыя адбываецца раз на пяць гадоў. У кожнай парафіі вернікі сардэчна сустракалі біскупа Антонія Дзям’янку і дыякана Януша Чарнаморава перад касцёлам. У знак удзячнасці за прысутнасць шаноўным гасцям у парафіяльных касцёлах дарылі кветкі, каравай і цёплыя словы.

«Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп, пастыр нашай дыяцэзіі, вітаем Вас у гэтай святыні, у супольнасці веры, надзеі і любові на нашай бярозаўскай зямлі», — так прывіталі ў Бярозе іерарха самыя малодшыя парафіяне і ўручылі цюльпаны, а дзіцячы і моладзевы хор парадаваў прыгожай песняй.

Сапраўды, кожная з парафій, якія ў гэты дзень наведаў біскуп, — гэта супольнасць, якая жыве хрысціянскімі каштоўнасцямі, моцная малітвай, праслаўляе Бога добрымі ўчынкамі, а таксама спевамі.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў, што боскі Заснавальнік Касцёла — Езус Хрыстус і што праз хрост — браму, якая вядзе да збаўлення, — кожны ахрышчаны ўваходзіць у супольнасць Касцёла і крочыць да святасці.

 

У гэты дзень у кожнай парафіі гучала шмат слоў падзякі: Богу ў Тройцы за дар веры, за прыналежнасць да Яго святога Касцёла; біскупу Антонію Дзям’янку за візітацыю і супольную малітву; пробашчу кс. Уладзіміру Буклярэвічу, вікарыю кс. Дзянісу Крываносаву і сёстрам палатынкам за дар служэння ў гэтых парафіях і адданы клопат аб сваёй пастве.

Пробашч кс. Уладзімір Буклярэвіч уручыў біскупу як пастыру дыяцэзіі сімвалічны ключ ад кожнай даверанай яму парафіі.

«На большую хвалу Бога», — гэтыя словы згадваў у гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка. Гэтая візітацыя, якая стала шчырай сустрэчай іерарха з парафіянамі Бярозаўшчыны, таксама была на большую хвалу Бога.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.