![]()
Леў XIV наведае Асізі, дзе сустрэнецца з удзельнікамі форуму «GO! Franciscan Youth Meeting 2026». Апостальская Сталіца абвясціла праграму візіту, які адбудзецца 6 жніўня 2026 года.
Форум мае асаблівае духоўнае значэнне, бо праходзіць у межах святкавання 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага.
Верталёт з Папам на борце вылеціць з Ватыкана каля 8.00 і праз паўгадзіны прызямліцца ў Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі. На спартыўным полі «Migaghelli» Пантыфіка сустрэнуць мясцовы арцыбіскуп Фелічэ Акрока, а таксама прадстаўнікі мясцовых і рэгіянальных уладаў.
Пасля пераезду да базылікі Маці Божай Анёльскай Пантыфіка прывітае кіраўніцтва францішканскіх ордэнаў — айцы Масіма Фузарэлі, Карлас Альберта Траварэлі і Раберта Джэнуін.
Цэнтральная падзея — дыялог з моладдзю
Каля 8.45 на плошчы перад базылікай Маці Божай Анёльскай распачнецца сустрэча з удзельнікамі форуму «GO! Franciscan Youth Meeting 2026». Леў XIV адкажа на пытанні, якія яму зададуць маладыя людзі.
Пазней ва ўнутраным дворыку кляштара Пантыфік прывітае прадстаўнікоў францішканскіх ордэнаў і біскупаў.
Ён таксама сустрэнецца з чальцамі Нацыянальнага камітэта па святкаванні 800-годдзя смерці святога Францішка з Асізі.
Кульмінацыяй візіту стане Эўхарыстыя
Каля 10.30 у базыліцы Маці Божай Анёльскай распачнецца Імша, падчас якой Леў XIV прамовіць гамілію. Плануецца, што каля 12.00 Папа пакіне святыню ў Асізі. Пасля развітання з уладамі каля верталёта Пантыфік вылеціць назад у Ватыкан, дзе яго прызямлення будуць чакаць каля 12.45.
Форум мае асаблівае духоўнае значэнне, бо праходзіць у межах святкавання 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага.
«Гэтая сустрэча нарадзілася з жадання даць голас глыбокаму прагненню, якое жыве ў сэрцы кожнага маладога чалавека — прагненню сустрэць Пана. Ідучы шляхам святога Францішка, мы хочам будаваць масты, каб кожны малады чалавек мог нанова адкрыць прыгажосць гэтай надзеі ў сваім штодзённым жыцці і ўбачыць Аблічча Бога, які становіцца прысутным у кожным чалавеку, асабліва ў малых і найбольш уразлівых»,
— заявілі арганізатары асізскага францішканскага форуму.







