Пошук

22.05.2018 09:11   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Catholic.by

9-гадовы Андрэй Мялешка — адзіны хлопчык з групы дзяцей, якія сёлета ўпершыню прынялі Першую святую Камунію ў парафіі св. Апостала Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску.

Парафія, у якой нясуць служэнне ксяндзы аблаты і сёстры шарыткі, месціцца ў сталічным мікрараёне Зялёны Луг, у капліцы Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У школе Андрэй заканчвае трэці клас і ў групе падрыхтоўкі да Першай Камуніі быў наймалодшым.

Разам з ім на занятках да прыняцця сакрамэнту рыхтаваліся тры дзяўчынкі: 11-гадовая Лера Суровіч, а таксама сёстры Бойка — сямікласніца Ксенія і чацвёртакласніца Караліна.

Два гады. Чатыры дзіцяці. Адна парафія

Як і ўсе «першакамунійныя» дзеці ў каталіцкіх парафіях Беларусі, маленькія парафіяне з Зялёнага Луга рыхтаваліся да сакрамэнту два гады. За гэты час яны вучылі катэхізіс і асноўныя малітвы.

У суботу, напярэдадні нядзельнай урачыстасці і Першай Камуніі, дзеці прыйшлі ў капліцу на рэпетыцыю і першую ў сваім жыцці споведзь.

«Хвалюемся. Хочам, каб усё прайшло добра, — наперабой расказваюць яны. — Экзамен мы ўжо здалі. Вучылі патрэбныя малітвы: „Ойча наш“, „Вітай, Марыя“, „Хвала Айцу“, Сімвал веры, 10 запаведзяў і інш.».

Мы сустракаемся ў катэхетычным класе пасля рэпетыцыі Першай Камуніі. Да першай споведзі застаецца пару гадзін.

— Я вельмі перажываю. Гэта страшна: раптам штосьці забудуся ці хтосьці перакажа мае грахі далей...

— Я ўжо не! Мяне супакойваюць і падтрымліваюць бацькі.

— Мы з сястрой рэпеціравалі першую споведзь, — дзеліцца сваёй «схемай барацьбы» са страхам 12-гадовая Ксенія Бойка. — Яна была нібыта святаром, і я магла патрэніравацца.

Ксенія Бойка Першую Камунію будзе прымаць разам з малодшай сястрой. Андрэй і Лера адзначаюць, што будуць першымі дзецьмі ў сваіх сем’ях, хто прыме Першую Камунію, — іх сёстры яшчэ зусім маленькія.

«Па-польску не разумеем, ведаем толькі беларускія малітвы»

Заняткі да Першай Камуніі ў дзяцей вялі катэхетка с. Юлія Новікава SM і пробашч кс. Дзмітрый Занямонскі OMI. Усе малітвы дзеці вучылі па-беларуску.

На польскамоўных Імшах дзеці таксама былі, ведаюць пра іх, але разумелі там няшмат.

«На такой Імшы трэба ведаць польскую мову. А мы разумеем рускую і беларускую. Рускую лепш», — дапаўняюць адно аднаго дзеці.

«Калі я была на польскай Імшы, то назірала за людзьмі і проста рабіла, як і яны», — кажа Лера.

«Я маліўся сваімі малітвамі. Мама, тата і бабуля маліліся па-польску, яны ведаюць малітвы на польскай мове», — дадае Андрэй.

У школе ў сваіх класах дзеці амаль што адзіныя католікі, большасць жа аднакласнікаў — праваслаўныя.

З трымценнем у сэрцы. Першая святая Камунія Леры Суровіч

«Я толькі самым лепшым сяброўкам расказала, што рыхтуюся да Першай Камуніі, іншым ведаць і неабавязкова», — усміхаецца Лера.

«І я толькі лепшым сябрам расказаў», — дапаўняе Андрэй.

На апошняе пытанне — што б дзеці пажадалі сабе ў будучыні — кожны адказаў арыгінальна.

«Жадаю сабе ўдачы!»

«Удачы!»

«Удачы, залаты медаль у школе і айфон ікс плюс...» — пералічвае Андрэй.

«Спыталі не пра гэта», — падказваюць хлопчыку дзяўчаты.

«А, тады пра гэта не пішыце. Я пажадаў бы сабе ўдачы, хадзіць у касцёл і быць верным Богу», — не па гадах сур'ёзна адказвае хлопчык.

***

Дзень Першай Камуніі прайшоў вельмі ўрачыста. Акрамя парафіянаў і бацькоў, падтрымаць дзяцей прыйшло шмат родных, блізкіх і сяброў.

Хочацца спадзявацца, што ўспаміны пра гэты дзень дзеці пранясуць з сабой праз усё жыццё. А ці памятаеце сваю Першую Камунію вы? Дзе яна праходзіла і калі? Запрашаем падзяліцца ў каментарыях да гэтага матэрыялу ў сацыяльных сетках.

Абноўлена 22.05.2018 14:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця