Пошук

03.06.2024 10:21   Фота: з архіву парафіі ў Ракаве / Catholic.by

2 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылося падвойнае свята: група маленькіх вернікаў прыняла Першую святую Камунію, пасля чаго па вуліцах мястэчка прайшла працэсія Божага Цела.

Па запрашэнні ракаўскага пробашча ксяндза Дзмітрыя Чупрына ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю даўні сябра тутэйшай парафіі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх разам з пробашчам прывітаў каля дзвярэй святыні дзяцей і іх бацькоў, пасля чаго ўвёў іх у касцёл, дзе адбылася святая Імша.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў значэнне Эўхарыстыі як дару Езуса Хрыста, які «рэальна прысутнічае ў гэтым цэнтральным сакрамэнце, каб умацоўваць нашыя духоўныя сілы і быць Хлебам вечнага жыцця».

Іерарх адзначыў, што ў касцёлах святары кожны дзень уздымаюць над алтаром кансэкраваную Гостыю.

«Гэта той скарб, якога мы павінны шукаць, каб шчасліва вандраваць па ўзбураным моры секулярызму нашага часу і крызісу этычных каштоўнасцяў», — дадаў арцыпастыр.

Звяртаючыся да дзяцей, якія ў гэты дзень упершыню прымалі Цела Хрыста, ён заахвоціў іх даверыць сябе Езусу ў святой Камуніі, каб Ён ўмацоўваў іх духоўныя сілы, дапамагаў выбіраць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці і жыць імі.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў кароткай малітвай:

«Езу Эўхарыстычны, міласціва ўзглянь на нас, адары ласкай як мага часцей шукаць Цябе на святой Імшы, сузіраць і адараваць у кансэкраванай Гостыі, каб па ўзбуранм моры сучаснага свету бяспечна даплысці да порту вечнага шчасця».

Пасля Імшы па вуліцах Ракава прайшла Эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў: ад касцёла да могілаках і назад да касцёла. Пры алтары каля могілак удзельнікі набажэнства памаліліся аб вечным жыцці для шматгадовага пробашча ракаўскай парафіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы, які крыху больш за год таму адышоў у вечнасць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа