Пошук

14.05.2018 08:31   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Працягваецца месяц май і маёвыя набажэнствы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. 13 мая яны мелі асаблівы «фацімскі» характар.

У гэты дзень сёлета прыпала 101-я гадавіна пачатку аб’яўленняў Маці Божай тром пастушкам у партугальскай Фаціме. Як вядома, гэтыя аб’яўленні адбываліся да кастрычніка 1917 года.

І ўжо 13-ы год у парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат), дзе нясе святарскае служэнне кс. пробашч Антоні Казлоўскі, кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік праходзяць адмысловыя Фацімскія набажэнствы.

Па гэтых днях у вішнеўскім касцёле, што прыгожа размясціўся на маляўнічым пагорку ў засені векавых клёнаў, якія ў той час, калі Марыя аб’яўлялася партугальскім пастушкам, былі яшчэ маленькімі дрэўцамі, збіраюцца ўсе мясцовыя парафіяне, якія толькі могуць прыйсці — старыя і малыя. Святая Імша цэлебруецца ў інтэнцыях падзякі і просьбаў да Маці Божай.

…Доўга чытае святар ад алтара шчырыя і жыццёвыя людскія просьбы: сведчанне дзіцячага даверу Божага народа да сваёй нябеснай Матулі.

Пасля Імшы — працэсія вакол святыні, у якой вернікі, па чарзе змяняючыся, нясуць на ферэтроне фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай.

Пяць прыпынкаў працэсіі — пяць таямніцаў святога Ружанца: цотныя таямніцы ўсе ўдзельнікі набажэнства моляцца з высока ўзнятымі ўгару рукамі. Узнятыя да неба рукі — знак пакорнай просьбы і пакаяння, перапрашэння за свае грахі і грахі ўсяго свету. Менавіта да такой малітвы заклікала сваіх дзяцей Маці Божая ў Фаціме больш за стагоддзе таму.

Абноўлена 14.05.2018 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця