Пошук

07.05.2018 08:12   Тэкст: Ілья Лапато / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Май толькі пачаўся, а ў вёсцы Семернікі на Ашмяншчыне ўжо адчуваецца дыханне лета. Хаты патанаюць у кветках, а водар бэзу прыемна спалучаецца з цвірканнем шпакоў на маладым клёне і стракатаннем конікаў.

Зводдаль чуваць, як хтосьці ўжо кляпае касу.

Час бярэцца да другой гадзіны дня, і ў хату Ягелаў у Семерніках паціху збіраюцца на малітву людзі — маёвыя тут моляцца ў вясковай хаце. Усе, хто хоча і можа.

«Мо, да крыжа пойдзем? Бо ў нас тут усё па-простаму», — перажываюць жанчыны, пабачыўшы, як фотакарэспандэнт наладжвае камеру.

Касцёл — не ў месцы, а ў людзях

Дом Міхаіла Пятровіча і Яніны Іванаўны Ягелаў стаў збіраць аднавяскоўцаў адносна нядаўна — раней на маёвыя набажэнствы збіраліся ў іншай хаце, але ўжо тры вясны як тая хата пустуе — з кожным годам людзей у вёсцы ўсё менш.

«Мы гароды пасадзілі, час ёсць, чаму ж не прыйсці? — жартуюць вяскоўцы на пытанне, чаму на малітву яны збіраюцца ў абед, а не вечарам. — Вечарам лепш серыял паглядзець. Праўда, калі ён доўгі, так і ў дзесяць-адзінаццаць спаць ідзём».

«Ну, Пятровіч, палі свечкі». Пакуль гаспадар дому на ўладкаваным на стале з кветак і абразкоў алтары запальвае ў шкляных падсвечніках дзве свечкі, людзі шамацяць малітоўнікамі, дастаюць ружанцы. Рыхтуюцца.

Міхаіл Пятровіч Ягела разам з жонкай ужо тры гады прымаюць вяскоўцаў на маёвыя набажэнствы

Гаспадыня і гаспадар займаюць месца праваруч і леваруч ад алтара. За імі ў два шэрагі — іншыя кабеты. «В імен Ойца, і Сына, і Духа Свентэго...»

Услухоўваешся ў словы ружанцовай малітвы, сочыш за тым, як акуратна перабіраюць пацеркі пашчапаныя працай людскія рукі, і разумееш: Касцёл — ён не ў месцы, але ў людзях.

У лепшыя часы ў Семерніках жыло пад 130 чалавек, сёння — удвая менш. Пра веру вяскоўцаў прыезджым нагадваюць крыжы ў пачатку вёскі: каталіцкі і праваслаўны. Католікаў тут палова ад усіх жыхароў.

На фота (злева направа): Ядвіга Ягела, Тэрэса Жукоўская, Міхаіл і Яніна Ягелы, Фаіна Апанэль і Ганна Лугіна

«Ку-ка-рэ-ку!» З хаты чуваць, як у двары на ўсё наваколле пра сваю прысутнасць звонка абвяшчае вялікі певень з чорна-зялёным пер’ем. Побач — важна выхаджваюць рознакаляровыя куры.

Вось у шыбіну стукнуўся, пералятаючы на чарговую кветку, чмель. У пакоі ж акрамя галасоў вернікаў зусім ціха. Цішыня, прахалода і адчуванне незвычайнага спакою.

«Уздровене хорых, мудль сень за намі. Пшытулэк гжэшных...» — на гэтых словах Ларэтанскай Літаніі людзі б’юць сябе ў грудзі. Канцоўку Літаніі, як і малітву св. Бэрнарда, тут гавораць на памяць.

Кожны ведае што, калі і за чым. Ружанец праводзіць адзін, Літанію чытае другі, спеў «Сардэчна Маці» заводзіць трэці. Гэты касцёльны матыў пазнаеш адразу — і здзіўляешся, быццам спявае яго адзін і той жа хор падобных галасоў, якія ты чуў у самых рознааддаленых парафіях Беларусі.

«Да касцёла ходзіць аўтобус, а як даехаць дахаты – пытанне»

Семернікі — тыповая заходнебеларуская вёска. Моляцца тут па-польску, а між сабой гавораць па-беларуску. Чаму так?

«Па-польску прывыклі маліцца адмалку, — кажуць людзі. — Як бацькі навучылі, так і молімся».

«Я тыя пацеры як навучылася ў 10 гадоў, усё помню. Так і памру, а ведаць іх буду».

«У касцёле па-польску. Штосьці разумееш, штосьці не. А як не разумееш, то здагадаешся. Добра, што навука па-беларуску».

Ад Семернікоў да парафіяльнага касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах — каля чатырох кіламетраў. У нядзелю зранку туды ходзіць аўтобус, якім на Імшу ездзяць вернікі. А вось назад транспарт не ходзіць.

«Як даехаць дахаты і не ведаем, — бядуюць людзі. — Усё просім, каб аўтобус назад пусцілі, а нам кажуць, што нявыгадна».

«А ў Семерніках ад даўна маліліся маёвыя, нават і ў савецкі час. Ніхто нас не чапаў. І ў касцёл ездзілі, і напрасткі хадзілі: у Вішнева, у Баруны, у Трабы».

«Пужалі, каб дзяцей не вадзілі. Гальшанскія настаўнікі надта пільнавалі. Помню Корзуна-дырэктара. А цяпер пайшлі на пэнсію і першыя ў лаўках сядзяць...»

«Даўней хацеў-не хацеў, а бацькі заставілі — вучыш. А цяпер каго вучаць, каго не, а нарады красівыя. А раней і сітцавую сукенку не купіць...»

        

«Касцёл наш Саветы былі адабралі — склад там быў калгозны. Ссыпалі ўдабрэнія, унутры ўсё абсыпалася. А цяпер аднаўляем. 9 алтароў — прыгожа. Толькі ўнутры яшчэ шмат працы».

«Парафія вялікая — больш за дзве тысячы. Ксёндз Багуслаў у нас перажывацельны. Глядзіць, каб усё добра, каб паспавядаць усіх...»

Крыж пры дарозе. Маёвае набажэнства ў Юркаўшчыне

Сонца неўпрыкмет пачынае хіліцца долу, гуляючы з зялёнымі лапікамі травы і дрэваў. Лёгкае шамаценне рослых асін паступова набірае моц, і гарэза-вецер сваім халодным дотыкам ужо казыча скуру.

Ля крыжа ў цэнтры вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёна ўжо завіхаюцца першыя жанчыны. Яны засцілаюць абрусам маленькі алтар і лавы па абодва бакі ад крыжа — тут будуць сядзець парафіяне.

На алтар ставіцца прынесены з дому абраз Маці Божай. Па баках — свежыя кветкі. Да нашага прыезду адна клапатлівая парафіянка спякла пончыкаў, якія таксама змясцілі на алтары.

На гадзінніку амаль 19.00, і людзей ля крыжа пабольшала. Каб не спазніцца, многія прыехалі сюды роварам, акуратна прымасціўшы яго ля дрэў на супрацьлеглым ад крыжа баку дарогі.

Як і ў Семерніках, на маёвым у Юркаўшчыне толькі адзін мужчына.

«У імя Айца, і Сына, і Духа Святога...» Малітва пачынаецца з Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі. Жанчына, якая вядзе Літанію, чытае яе з беларускага малітоўніка.

Людзі адказваюць у такт, усе разам. Хтосьці засяроджаны ў сабе, іншы глядзіць на алтар, позірк трэцяга прасціраецца далёка за межы вуліцы...

Веснавы вечар дае аб сабе знаць. Спрабуючы сагрэцца, вяскоўцы кутаюцца глыбей у курткі і кофты, сядаючы бліжэй адно да аднаго. Неўзабаве Літанію змяняе малітва, а затым — спевы. Спяваюць па-польску ў адзін голас. На хвіліну здаецца, што ты не на вуліцы, а ў касцёле і вось-вось распачнецца святая Імша.

Католікі Юркаўшчыны належаць да парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве, што за восем кіламетраў адсюль.

«Даязджаем сваім ходам, — прызнаюцца вернікі. — А на маёвыя, як і на чэрвеньскія набажэнствы, штодня збіраемся тут, ля крыжа».

Многія ў вёсцы яшчэ трымаюць кароў (вясковае стада налічвае 16 галоў), якіх звычайна з поля прыганяюць у 20.00, таму час малітвы ля крыжа абраны невыпадкова.

«Сёлета кароў яшчэ не выганялі, трава не падрасла», — кажуць людзі.

«Было б добра, каб нашу вёсачку абнавілі хоць як-небудзь, — звяртаючыся да нас, уздыхае мясцовая жыхарка Марына Маркевіч. — Бо ў нас дагэтуль не праведзены газ».

Людзі пачынаюць гучна абмяркоўваць словы кабеты, як бы саромеючыся журналістаў і таго, што вёска да гэтага часу вымушана карыстацца балонамі.  У канцы чуваць голас: «Мы ўжо старыя...»

«Скора тут будзе цішына, выміраюшчая вёска ў нас. 50 чалавек засталося. Але летам дзяцей многа», — расказваюць далей вяскоўцы.

«Большасць з нас родам з бліжэйшых вёсак, а сюды пераехалі. Але ўсе мы хадзілі сюды ў школу. Карэнных юркаўцаў, можа, толькі два дамы. Тут раней быў цэнтр калхоза. З хутароў сцягвалі, калі ў 75-м меліярацыю рабілі».

 

Тут добра памятаюць усіх святароў, якія ў 1990-х аднаўлялі парафію, як у мясцовай школе ўсе збіраліся на святую Імшу, «як кс. Тадэвуш Кавальскі даводзіў да першай Кумуніі» і «многія дзеці былі міністрантамі».

«Як прыехаў ксёндз, спачатку маліліся па-польску, а затым па-беларуску — нас вучыў».

«Каб захаваць веру, трэба паважаць традыцыі бацькоў і жыць з Богам, а таксама перадаваць веру сваім дзецям. Галоўнае — верыць самім».

«На тату кажыць: куды дзяцёнка вязеш? Дык ён кажыць: нажывеш сваіх, вязі куды хочаш, а я ў касцёл»

На пытанне пра Будслаў вернікі заўважна ажываюць:

«Канешне, ходзім. Яшчэ нашы дзяды і прадзеды хадзілі і шанавалі абраз Маці Божай Будслаўскай. 10 км праз лясок — і Будслаў. Перш і праз балота хадзілі. Будслаў — гэта святое».

«У савецкія часы хадзілі таксама. Не баяліся. Паругаюць-паругаюць у школе, але ішлі ўсё адно. Што яны нам зробяць?»

«Адзін раз, як хадзілі да Першай Камуніі, нас дырэктрыса вылавіла. На лінейцы пасля нас абмяркоўвалі пры ўсіх. Касцёл у Будславе быў закрыты. Нас мама павяла ў Крывічы да Першай Камуніі, дагаварылася — ксёндз у сакрыстыі ціхонечка нас паспавядаў. У касцёл ездзілі на цягніку.

Дык у Крывічах стаялі, як мы казалі, камуністы. На тату кажыць: куды дзяцёнка вязеш? Дык ён кажыць: нажывеш сваіх, вязі куды хочаш, а я — у касцёл».

***

Ад рэдакцыі: Калі ў вашым рэгіёне захаваліся цікавыя каталіцкія традыцыі, пра якія варта расказаць — пішыце або тэлефануйце ў рэдакцыю.

Абноўлена 12.08.2018 17:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа