12 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, у Параф’янаве (Віцебская дыяцэзія, Докшыцкі дэканат) адбылася дыяцэзіяльная сустрэча духавенства і манаскія асоб, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У гэты дзень у мясцовай парафіі адзначася адпустовая ўрачыстасць тытулу касцёла, які быў пабудаваны 120 гадоў таму.
Сустрэча распачалося з прэзентацыі на тэму «Актуальныя выклікі для душпастырства сям’і», якую прадставіў дырэктар фонда ў абарону жыцця «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч, доктар біблійнай тэалогіі.
Спецыяліст акрэсліў праблемы, якія асабліва востра стаяць сёння на парадку дня ў сферы абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
Потым перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбылася Ружанцовая малітва, пасля якой біскуп Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Разам з пастырам Эўхарыстыю, у якой у парафіяльнае свята брала ўдзел вялікая колькасць вернікаў, канцэлебравалі ўсе прысутныя святары з усёй дыяцэзіі.
Вітаючы сабраных у параф’янаўскім касцёле, іерарх перадусім сказаў: «Дзякуем Богу за дар нашай Апякункі Найсвяцейшай Панны Марыі, Імя якой сёння ўшаноўваем. Адбываецца гэта ў святыні, дзе на працягу 120-і гадоў людзі шукалі сваіх шляхоў да Бога, дзе ядналіся з Ім, атрымліваючы сакраманты <…>. Дзякуем Богу за будаўнікоў і ўсіх тых, хто гэтую святыню ствараў як жывы Касцёл».
У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч засяродзіўся на асобе Найсвяцейшай Панны Марыі, распавёў пра значэнне Яе імя, а таксама нагадаў пра тое, калі і як узнікла гэтае свята.
«Праз заступніцтва Божай Маці мы павінны адбудаваць хрысціянскую традыцыю продкаў.
Яна застаецца той самай, якая калісьці сказала Богу „так“, якая дзякавала Богу і праслаўляла за вялікія рэчы. Яна і сёння застаецца надалей нашай Маці, стаўшы Ёю пад крыжам свайго Сына. Таму калі адкрыем Ёй нашыя сэрцы, паспрабуем ісці тым самым шляхам, якім ішлі нашыя продкі, мы, напэўна, адбудуем і добрае грамадства, і моцныя трывалыя сем’і. Не будзе клопату з тым, каго паклікаць і аддаць на служэнне Езусу як святара ці манахіню. А галоўнае, такім чынам мы можам спакойна, як надыдзе хвіліна, паглядзець смерці ў вочы, якая не будзе страшыць чалавека, але стане проста той брамай, прайшоўшы якую дасягнем радасці Божага Валадарства», — падкрэсліў іерарх.
Гамілію біскуп Буткевіч завяршыў словамі пажадання:
«Няхай далей заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Яе магутная малітва, Яе Імя, якое ў гісторыі неаднойчы ратавала чалавека ад загубы з безвыходных сітуацый, будзе нам той зоркай, якая дапаможа, прайшоўшы праз зямное жыццё, дасягнуць радасці ўдзелу ў жыцці Божым».
Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч прадставіў анонсы бліжэйшых падзей у дыяцэзіі, а біскуп Алег Буткевіч уручыў два дэкрэты з новымі прызначэннямі. У адпаведнасці з імі, ксёндз Чэслаў Куцмеж SCJ прызначаны дыяцэзіяльным душпастырам цвярозасці ў Віцебскай дыяцэзіі, а ксёндз канонік Сяргей Сурыновіч — віцэ-дэканам Віцебскага дэканата.