Пошук

23.06.2021 15:25   Паводле: Catholicnews.by / Фота: Зміцер Лупач / Catholicnews.by

У нядзелю 20 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, які ўдзяліў групе тутэйшых вернікаў сакрамэнт канфірмацыі, развіталіся з пробашчам ксяндзом Раманам Мурзічам, які працягне служэнне ў Воршы.

Як паведаміў сайт Catholicnews.by, сакрамант хрысціянскай сталасці з рук іерарха ў гэты дзень прынялі 36 чалавек, пераважна моладзь. У прамоўленым Божым слове біскуп засяродзіўся на значэнні дароў Духа Святога ў жыцці хрысціяніна.

«Ад усяго сэрца жадаю моцы Духа Святога кожнаму з вас і сабе таксама», — завяршыў гамілію пастыр Касцёла на Віцебшчыне.

Напрыканцы цэлебрацыі канфірмаваныя падзякавалі свайму біскупу за ўдзелены сакрамэнт. Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас ксяндза Рамана Мурзіча і сясцёр з супольнасці Місіянерак Святой Сям’і, якія дапамаглі вернікам падрыхтавацца да канфірмацыі.

Ксёндз Раман Мурзіч служыў у Параф’янаве на працягу дзесяці гадоў, і святая Імша з удзелам біскупа стала для яго развітальнай як для пробашча гэтай парафіі.

На яе заканчэнне вернікі выказалі словы ўдзячнасці ксяндзу Раману за руплівае служэнне, падчас якога ў касцёле быў адрамантаваны фасад і дах, было зроблена газавае ацяпленне, усталяваныя новае асвятленне і мікрафоны, добраўпарадкавана тэрыторыя парафіяльных могілак. Акрамя гэтых і многіх іншых прац, зробленых непасрэдна для парафіі, святар прычыніўся і да жыцця ўсяго мястэчка, дзе вуліцы займелі хрысціянскія назвы: Касцёльная, Будслаўская, Кальварыйская, ксяндза Мечыслава Багаткевіча, названая ў гонар благаслаўлёнага мучаніка Другой сусветнай вайны, які паходзіў з гэтай парафіі.

Ксёндз Раман Мурзіч падзякаваў усім, хто дапамагаў яму ў служэнні, і папрасіў прабачэння ў тых, каго, магчыма, пакрыўдзіў.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў ксяндзу Раману за яго служэнне і папрасіў вернікаў дастойна прыняць свайго новага пробашча ксяндза Уладзіміра Шымковіча.

Ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава скіраваны ў Воршу, дзе будзе служыць у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі.

Абноўлена 23.06.2021 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа