З 8 па 10 сакавіка ў рэкалекцыйным доме пры кляштары ксяндзоў марыянаў ў Воршы (Віцебская дыяцэзія) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для студэнтаў і працоўнай моладзі.
Сёлета традыцыйная сустрэча, у якой узялі ўдзел некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Беларусі, прайшла пад назвай «Стацыя X».
Духоўныя практыкаванні праходзілі пад кіраўніцтвам ажно чатырох святароў.
У велікапосных разважаннях моладзь суправаджалі айцец Віктар Мялешка, францішканін з Удзела, ксёндз Яўген Шымановіч з з парафіі Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Воршы, ксёндз Ілля Саўчанка, марыянін з Оршы, а таксама адказны за душпастрыства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко.
Для юнакоў і дзяўчат была падрыхтавана вельмі насычаная праграма. Важнай асаблівасцю гэтых рэкалекцый стала тое, што на час іх правядзення ўдзельнікі адмовіліся ад мабільных тэлефонаў, каб максімальна плённа перажыць гэтыя духоўна насычаныя дні.
Тры дні былі напоўненыя малітвай, часам пустыні (цішыні), адарацыяй, асабістымі размовамі з духоўнымі кіраўнікамі рэкалекцый.
У нядзелю пасля святой Імшы моладзь дзялілася сведчаннямі і ўражаннямі ад пройдзеных рэкалекцый, асаблівым чынам падкрэсліўшы важнасць і неабходнасць такіх духоўных практыкаванняў, што даюць багаты плён.