Пошук

28.06.2022 10:33   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

З 24 па 26 чэрвеня ў Оршы праходзіла усебеларуская сустрэча ўдзельніц руху «Маці ў малітве», у якой узялі ўдзел кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Удзельніцы руху рознага ўзросту з усіх дыяцэзій нашай краіны, а таксама з Расіі, сабраліся на дні супольнай малітвы ў рэкалекцыйным доме пры аршанскай парафіі святога Юзафа, служэнне ў якой нясуць ксяндзы марыяне. Аніматарам сустрэчы стаў адзін з мясцовых святароў ксёндз Ілля Саўчанка МІС.

Сустрэча распачалася ў пятніцу ўвечары святой Імшой, цэлебрацыю якой ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Пастыр Касцёла на Віцебшчыне шчыра прывітаў на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі ўсіх маці з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі ў гэтыя дні ў Оршу.

У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, як важна, каб маці маліліся за сваіх дзяцей, а дзеці — за сваіх бацькоў, падкрэсліўшы, што Бог заўсёды чуе гэтую малітву, бо яна заўсёды выплывае з сэрца.

Эўхарыстыю біскуп Буткевіч ахвяраваў у інтэнцыі ўсіх удзельніц руху «Маці ў малітве» і іх дзяцей. Напрыканцы святой Імшы іерарх павіншаваў каардынатарку руху ў Беларусі Людмілу Губіну, якая ў гэты дзень адзначала сваё 70-годдзе. Больш за 20 гадоў жыцця яна прысвяціла стварэнню і развіццю беларускай супольнасці «Маці ў малітве». Падараваны біскупу жанчынамі букет кветак ён перадаў Людміле Губінай, а тая занесла яго да Марыі — нашай агульнай Матулі.

Увечары маці сабраліся на салодкі пачастунак і вясёлы вечар, падчас якога гучала шмат цёплых словаў у адрас каардынатаркі і яе паплечніц. Прысутная на сустрэчы каардынатарка руху «Маці ў малітве» ў Расіі Галіна Балтоўская прачытала ліст ад заснавальніцы супольнасці Вэронікі Уільямс з Англіі, скіраваны да беларускіх маці.

«Часта ў нашым жыцці здараецца такі збег акалічнасцяў, які недасяжны нашаму разуменню, але існуе тое, што з’яўляецца абсалютнай рэальнасцю.

Пан прабывае навекі. Ён той самы ўчора, сёння і заўтра. Ён — наша скала, на якую мы заўжды можам абаперціся. Таму, дарагія сёстры ў Хрысце, мы працягваем разам маліцца», — напісала удзельніцам усебеларускай сустрэчы заснавальніца руху «Маці ў малітве».

На наступны дзень, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, маці наведалі пасвячаны чатыры гады таму ў Оршы касцёл з такім тытулам, дзе ўзялі ўдзел у адпустовай святой Імшы. Яны таксама пазнаёміліся з горадам на Дняпры, здзейсніўшы па ім пазнавальную экскурсію, а ўвечары сбараліся на супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовую малітву. Жанчыны маліліся да Бога за ўдзельніц руху і іх дзяцей — жывых і спачылых, якія жывуць у Пану.

Завяршылася сустрэча нядзельнай Эўхарыстыяй. Яе цэлебравалі біскупы Алег Буткевіч і Юрый Касабуцкі, які духоўна дапамагаў і спрыяў развіццю руху ў нашай краіне з першых крокаў яго існавання, напачатку як малітоўнай групы пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. На развітанне біскуп Буткевіч узяў у рукі гітару і ад сэрца заспяваў для ўдзельніц усебеларускай сустрэчы руху «Маці ў малітве», якія выязджалі з Оршы духоўна ўмацаванымі і ўзбагачанымі, каб нястомна працягваць маліцца за ўсіх дзяцей.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.