Пошук


9 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, пад такім тытулам у Воршы быў асвячаны новы касцёл. Дэдыкацыю святыні здзейсніў Мінска-Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пры ўдзеле Віцебскага біскупа Алега Буткевіча.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч на самым пачатку выказаў шчырую падзяку ўсім тым, хто прычыніўся да пабудовы касцёла: біскупу на пенсіі Уладзіславу Бліну, які своечасова прачытаў знакі часу і заснаваў у горадзе другую парафію на Задняпроўі, Віцебскаму біскупу Алегу Буткевічу, пробашчу кс. Валерыю Орсіку, на чые плечы лёг увесь цяжар будаўнічых працаў, дзяржаўным уладам, праектным арганізацыям, спонсарам, будаўнічым і вернікам.

«Касцёл будуецца для вернікаў і іх нашчадкаў. Таму менавіта яны ў першую чаргу павінны клапаціцца пра яго будаўніцтва і ўтрыманне», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Асвячэнне новага касцёла, на думку іерарха, сведчыць пра рэлігійнае адраджэнне пасля трох пакаленняў ганенняў на веру ў нашай краіне, а таксама з’яўляецца знакам ажыццяўлення фацімскага прароцтва аб навяртанні нашай зямлі. Аднак навяртанне — гэта не толькі штосьці знешняе: гэта перадусім духоўная перамена чалавека.

Папа Францішак казаў, што пра сапраўднасць хрысціяніна сведчаць яго адносіны да дзвюх маці: да Марыі і да Касцёла. Нагадаўшы гэтыя словы Святога Айца, Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі і асвячэнне новай святыні ў Яе гонар — гэта добрая нагода задаць сабе пытанне, як мы адносімся да Касцёла і Марыі, якое месца яны займаюць ў нашым жыцці.

«Сёння, калі людзі занядбоўваюць нядзельную і святочную Імшу, не моляцца, не ўдзельнічаюць у сакрамэнтах, перад намі стаіць фундаментальнае пытанне аб нашым месцы ў Касцёле. Гэта таксама пытанне аб нашай хрысціянскай тоеснасці і хрысціянскім пакліканні; аб тым, кім мы як хрысціяне з’яўляемся. Гэта наш экзамен на хрысціянскую сталасць», — падкрэсліў іерарх.

Пры гэтым ён дадаў, што адказаць на гэтае пытанне нам дапамагае Марыя. Тэст на хрысціянскую тоеснасць, паводле яго словаў, мы здаем тады, калі, як Марыя, слухаем і прымаем Божае слова, якое абвяшчаецца ў Касцёле, калі прымаем удзел у сакрамэнтальным жыцці і дапамагаем бліжнім.

Пастыр звярнуў увагу на тое, што, будуючы Касцёл як Божы народ, мы не можам адгароджвацца і замыкацца толькі ў сваёй парафіяльнай супольнасці, а, наадварот, павінны быць адкрытымі для іншых, як Марыя, якая пасля Звеставання пайшла ў дом Альжбеты і Захарыі з дапамогай. «Атрымаўшы дар хрысціянства, мы павінны несці яго ў сучасны свет», — заклікаў арцыпастыр.

Ён адзначыў, што Імша з абрадам асвячэння новага касцёла з’яўляецца завяршэннем этапу будовы матэрыяльнай святыні, каб ў ёй працягваць будаваць святыню духоўную. І хоць людзі часта пад словам «касцёл» разумеюць будынак, на самай справе сапраўдным Касцёлам з’яўляюцца вернікі.

«Гэта пабудова не з цаглін ці бетонных блокаў, а з жывых камянёў, якімі з’яўляюцца нашыя сэрцы і душы», — падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.

Новы касцёл, на думку арцыбіскупа, гэта таксама «знак супраціву супраць свету, які ўсё больш секулярызуецца, у выніку чаго, пазбаўлены Бога, траціць надзею, напаўняецца пустэчай і бессэнсоўнасцю. У гэтым касцёле будзе абвяшчацца праўда пра Бога і чалавека, праўда, якую свет высмейвае, але толькі яна падымае чалавека з грахоўнага падзення, каб ён мог ісці наперад».

Завяршыў сваю гамілію Мінска-Магілёўскі мітрапаліт пажаданнем, каб новы касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Воршы стаў месцам выпрабавання хрысціянскай тоеснасці, месцам кансэкрацыі чалавечых сэрцаў і брамай неба, месцам святым, з якога Бог кажа: «Чалавек, не бойся, Я з табой».

З гісторыі Касцёла ў Воршы

У XVII ст. у горадзе было 9 касцёлаў, але ў савецкі час тут не дзейнічала ніводная каталіцкая святыня. Толькі ў 1990 г. з вялікімі намаганнямі аршанскім вернікам удалося вярнуць касцёл св. Юзафа, у якім нясуць служэнне айцы марыяне. Святыня былога дамініканскага кляштара, пабудаваная на пачатку ХІХ ст., была перададзена католікам у зруйнаваным стане, і не адзін год спатрэбіўся для таго, каб гэты знявечаны будынак паступова зноў стаў годным месцам Божага культу.

У 2007 г. па рашэнні тагачаснага пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна ў Воршы з’явілася другая парафія — Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Дняпро падзяляе Оршу на дзве часткі, і новая парафія тэрытарыяльна аб’яднала вернікаў, якія жывуць на Задняпроўі.

© sercedlaorszy.pl

Напачатку вернікі новастворанай парафіі маліліся ў касцёле св. Юзафа, пасля чаго сталі збірацца на Імшу і набажэнствы на тэрыторыі парафіі, на пляцоўцы пад адкрытым небам, пад елкаю, дзе ўсталявалі крыж, ставілі пераносны алтар і вешалі абраз Беззаганнага Сэрца Марыі.

Дзякуючы «Дажынкам», якія праходзілі ў горадзе ў 2008 г., вернікам разам з іх тагачасным душпастырам кс. Здзіславам Петрашэўскім удалося пабудаваць часовую капліцу.

Праз год пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Валерый Орсік, ураджэнец Бярозаўкі (Гродзенская дыяцэзія). Менавіта пад яго кіраўніцтвам і яго намаганнямі ў 2012 г. распачалося будаўніцтва новага касцёла.

© catholicnews.by

28 чэрвеня 2014 г., у парафіяльную ўрачыстасць Беззаганнага Сэрца Марыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў і ўмураваў вуглавы камень святыні. І вось, праз чатыры гады руплівай працы, у тое ж свята, адбылося асвячэнне касцёла.

Такім чынам, сёння ў горадзе, які налічвае каля 115 тысяч жыхароў, дзейнічаюць дзве каталіцкія парафіі са сваімі святынямі.

На заканчэнне ўрачыстасці асвячэння перад удзельнікамі выступіў Андрусь Такінданг і гурт «Рэха».

Абноўлена 11.06.2018 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця