Пошук

18.11.2020 18:42   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая з’яўляецца галоўнай Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы і капліцу ў Кваторах, якая належыць да гэтай парафіі.

Як паведамляе Grodnensis.by, у Вялікай Бераставіцы іерарх асвяціў новы алтар, амбону і адноўлены абраз Маці Міласэрнасці, а ў Кваторах — алтар, у цэнтры якога змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

Абраз, які знаходзіцца ў святыні ў Вялікай Бераставіцы, быў створаны ў 1912 г., фундаратарамі яго стварэння былі графы Касакоўскія.

Абраз мае багатую гісторыю і з’яўляецца самым каштоўным скарбам у гэтым касцёле пасля крыжа, створанага ў XVIII ст.

У часы Другой сусветнай вайны святыня ў Вялікай Бераставіцы была зачынена. Пасля 1947 г. яе будынак выкарыстоўваўся як склад, з яго былі выкінуты фігуры і абразы, але капліца з абразом Маці Божай Міласэрнасці засталася.

На падлогу і перад абразом сыпалася збожжа і ўгнаенні, ставіліся бочкі з хімікатамі. Ікона была сведкай духоўнай самоты жыхароў Бераставіцы. Але яна дачакалася часоў, калі вернікі пачалі змагацца за сваю святыню. Гэта было змаганне малітвы і нястомнага звяртання да чыноўнікаў.

Пасля адкрыцця касцёла вернікі знайшлі абраз у бакавой капліцы. Ён быў пакрыты пылам, павуціннем, але зноў вітаў іх пасля таго, як яны не бачыліся 50 гадоў.

На выяве Маці Божай Вастрабрамскай былі адноўлены шаты, рукі і твар.

Па словах пробашча парафіі а. Вальдэмара Слоты CSsR, аднаўленне абраза стала магчымым дзякуючы вялікай ахвярнасці вернікаў парафіі. Гэтая ахвярнасць, як дадаў ён, з’яўляецца выразам любові і пашаны да Маці Божай, да якой сёння парафіяне жадаюць яшчэ больш горача звяртацца ў сваіх малітвах, каб Яна дапамагала ім адкрываць шлях да неба.

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць. Асаблівым чынам ён маліўся за тых, хто падтрымлівае парафію. Іерарх падзякаваў пробашчу і вернікам за клопат аб тым, каб парафія станавілся ўсё прыгажэйшай. Ён пажадаў, каб адноўлены абраз стаў імпульсам да таго, каб яшчэ часцей звяртацца да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, якая заўсёды хоча даць сваім дзецям тое, што самае цудоўнае і добрае.

У капліцы ў Кваторах іерарх заахвоціў парафіян у цяжкі час, калі ўвесь свет змагаецца з эпідэміяй каранавірусу, даверыць Маці Міласэрнасці свае штодзённыя клопаты і прасіць аб ласцы здароўя для хворых, церпячых, тых, хто імі апякуецца.

Таксама ён заклікаў прасіць Бога аб спыненні пандэміі.

На заканчэнне сустрэчы біскуп удзяліў вернікам благаслаўленне і ўручыў абразкі на памяць пра гэты дзень, запэўніўшы ў малітвах за ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця