3 снежня ў парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве, што ў Докшыцкім дэканаце Віцебскай дыяцэзіі, развіталіся са спачылым ксяндзом Чэславам Адамовічам.
На тэрыторыі гэтай парафіі ў вёсцы Караліно 29 жніўня 1947 года ў вялікай сям’і Вінцэнта і Ядвігі Адамовічаў нарадзіўся будучы святар Чэслаў, які быў малодшым з чатырох братоў.
Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў парафіянаўскім касцёле ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Разам з ім маліліся Генеральны вікарый Мінска-магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, мясцовыя вернікі, родныя і блізкія спачылага святара.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх адзначыў, што шлях памерлага ксяндза Чэслава да святарства быў няпростым. Ужо ў сталым узросце ён вырашыў паступіць у духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, якую паспяхова скончыў у 2000 годзе і прыняў святарскае пасвячэнне.
«Гэта быў другі выпуск адноўленай санкт-пецярбуржскай семінарыі. Пасля гэтага ён даволі доўгі час працаваў у Калініградскай вобласці, займаўся там душпастырствам вернікаў розных нацыянальнасцяў. Акрамя беларускай, рускай і польскай моў, ён добра ведаў літоўскую мову. Як вядома, у Калініградскай вобласці пражывае шмат літоўцаў, і там праводзяцца таксама набажэнствы на літоўскай мове.
У 2008 годзе пераехаў у Беларусь, вярнуўся на сваю радзіму і працягнуў сваё служэнне тут. Пэўны час працаваў у парафіі на Залатой Горцы, калі там пробашчам быў сённяшні біскуп Юрый Касабуцкі, а потым дапамагаў у парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску», — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што спачылы ксёндз Чэслаў дзякуючы веданню літоўскай мовы быў таксама першым душпастырам супольнасці літоўцаў у Мінску.
«Сёння мы ўдзячныя яму за тое, што ён нёс людзям святло Евангелля, выконваючы галоўны абавязак святара — абвяшчаць Божае Слова, якое заўсёды з’яўляецца актуальным, якое вядзе да веры. <…> Мы ўдзячныя яму за цэлебрацыю святых Імшаў і іншых сакрамэнтаў, бо праз іх чалавек атрымлівае Божую ласку, якая патрэбная для збаўлення. Мы ўдзячныя яму таксама і за служэнне любові, служэнне бліжнім», — дадаў арцыпастыр.
Развітваючыся са спачылым святаром, іерарх выказаў занепакоенасць тым, што старэйшыя служыцелі алтара адыходзяць, а на іх месца прыходзіць вельмі мала тых, хто будзе працягваць іх служэнне. Арцыбіскуп зазначыў, што сёння ў адзінай беларускай семінарыі ў Гродне вучыцца менш семінарыстаў, чым было сюды прынята на першы курс у 1990 годзе, калі яна толькі адкрылася.
У сувязі з гэтым перад труной спачылага ксяндза Чэслава іерарх заахвоціў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарства.
Арцыпастыр таксама нагадаў пра неабходнасць чування, каб заўсёды быць духоўна падрыхтаванымі да сустрэчы з Хрыстом.
«Няхай добры Бог будзе да яго міласэрным і прывядзе яго ў радасць вечнага шчасця ў небе», — завяршыў гамілію малітвай за спачылага святара арцыбіскуп.
Пахавалі памерлага ксяндза Чэслава Адамовіча на могілках вёскі Лісавічы, побач з бацькамі і старэйшым братам.
Пахавальныя абрады ў касцёле і на могілках правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Як са смуткам прызнаўся пасля пахавання заслужаны іерарх, яму давялося пахаваць ужо другога святара, якому ён раней удзяліў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння.