Пошук


Аўталаўка прыязджае да жыхароў в. Родзевічы часцей за некаторых сваякоў. Каб заехаць у вёску, трэба справіцца з каменнем на шляху і аб’ехаць дзясяткі калдобінаў. Дарога сюды дагэтуль незаасфальтаваная і наўрад ці ўжо будзе.

Калісьці тут было 26 двароў — сямейных гнёздаў, адкуль у першы жыццёвы вырай адляталі маладыя родзевіцкія «птушаняты». З часам гнёзды рассыпаліся, ператвараючыся ў здані.

Калі б у Беларусі стваралі Чырвоную кнігу для вёсак, Родзевічы знайшлі б сябе ў спісах Ашмянскага раёна — сёння ў вёсцы жыве каля дзесяці чалавек.

Хата Маліноўскіх

Хата Казіміра і Гэлены Маліноўскіх — адна з першых у Родзевічах. Яе можна пазнаць па драўляным крыжы вышынёй з добрую капу сена. Крыж усталяваны перад вокнамі, што глядзяць на адзіную ў гэтай вёсцы вуліцу.

Гэлена і Казімір Маліноўскія
Гэлена і Казімір Маліноўскія

У двары нас чакае гаспадар. Каржакаваты мужчына, у касцюме, з пасівелымі пасмамі — «срэбрам» гадоў і жыццёвай мудрасці. Казіміру Маліноўскаму — 84. Калісьці ён стаяў ля вытокаў аднаўлення гальшанскай парафіі і стварэння касцёльнага камітэту.

Аддаўшы «пахвалёнку», Казімір Уладзіслававіч запрашае ў хату, ветліва прапускаючы наперад, і ўваходзіць апошнім. «З таго камітэту ўжо амаль нікога няма — я адзін астаўшыся...»

Прахалоду вясковай хаты ўзмацняе водар свежых цюльпанаў — у доме Маліноўскіх толькі нядаўна скончыліся маёвыя набажэнствы (касцёл няблізка, таму на іх вяскоўцы прыходзяць сюды).

У цэнтры хатняга алтара, пад які прыстасавалі накрыты каляровым абрусам стол, узвышаецца фігура Маці Божай у атачэнні свежых цюльпанаў.

«Падземны ход ёсць. Кажуць, што вядзе ў Крэва. Але ніхто не бачыў»

Нягледзячы на паважны ўзрост, Казімір Маліноўскі захаваў яснасць розуму і да драбніц памятае падзеі 30-гадовай даўніны, калі касцёл у Гальшанах, нарэшце, аддалі вернікам.

«Калі касцёл вярталі, не было ніводнага алтара, які б без мяне не паставілі. Помню, як гэтыя вокны ніжнія кранам падымалі. Кран не даставаў, то я з законнікамі сам насіў і падаваў. А пасля шклілі.

Наш касцёл закрылі акурат пасля вайны — у 1945–46 гг. Пасля з яго зрабілі склад, нібыта, нават машыны туды заязджалі. Я гэтаму не веру, бо быў памераўшы дзверы.

Ці ёсць падземны ход? Ёсць. Кажуць, што падвалы на Крэва вядуць, бо там таксама кляштар. Але ўжо ніхто не ведае. Мы ў тыя падвалы жалеза для касцёла складалі і шкло для вокнаў...»

Размова з біскупам, паездка ў Маскву і стварэнне камітэта

«У 1990 годзе ў суседнія Жупраны прыязджаў Тадэвуш Кандрусевіч: тады яшчэ біскуп жыў у Гродне. Я пайшоў да яго прасіць, каб нам далі святара і каб парафія зноў стала дзейнай. Але біскуп сказаў прама: няма касцёльнага камітэта — няма і размовы, не дазволяць.

Я вырашыў паспытаць шчасця ў Маскве. Паехаў да старшыні Савета па справах рэлігій СССР Уладзіміра Кураедава.

Да самога старшыні я тады не трапіў, але пагутарыў з яго намеснікам.

Той параіў, што і як зрабіць. „Вы не сюды прыехалі, — кажа. — Прыехалі добра, але пачынаць трэба з мясцовых уладаў — сельсавета, раёна і вобласці. Ужо пасля ўсе дакументы дасылаюць да нас“. Калі вярнуўся дадому, пачаў шукаць людзей, каб заснаваць касцёльны камітэт».

«Колькі разоў прапаноўвалі ў камуну ўступаць, але я не выемка: куды вецер павее, туды і дахіліўся...»

«Запісваць у камітэт я ездзіў з сябрам па прозвішчы Гнусэвіч з Гальшан. Я нашу старану ведаў добра, а гэны бок — не. Ён жа быў шаўцом і ўсю парафію ведаў ці не лепш, асабліва з таго боку, дзе жыў.

4 кастрычніка, на ўспамін св. Францішка, камітэт зарэгістравалі. Увогуле, святары ў нас вельмі старанныя былі, першы быў кс. Людвік, а пасля кс. Рышард. Кватараваліся яны спачатку ў людзей, а пасля ўжо і кляштар адрамантавалі.

Быў адзін чалавек з Казлоўшчыны, які не хацеў падпісвацца за камітэт, бо баяўся, каб сыноў з работы не паскідалі. Ці баяўся я? А чаго мне баяцца? Я не з такіх.

Казімір Маліноўскі (першы злева) разам з членамі касцёльнага камітэту, 1990-я.
Казімір Маліноўскі (першы злева) разам з членамі касцёльнага камітэту, 1990-я.

Мяне і сведкі Іеговы хацелі да сябе, колькі разоў прапановы былі ў камуну ўступаць. Але і блізка туды не хацелася. Я не выемка: куды вецер павее, туды і дахіліўся».

«Маіх братоў называлі клерыкамі, бо верылі ў Бога»

Аповед ўважліва слухае і 78-гадовая Гэлена Маліноўская (са Станкевічаў), жонка Казіміра Уладзіслававіча.

Час ад часу яна імкнецца дапоўніць мужа, але часцей абмяжоўваецца словамі шкадавання: «Раней вокны ў касцёле ставіў, а цяпер ледзьве ходзіш, цяпер ужо б не здужаў...»

«Мы пазнаёміліся ў касцёле, абое туды хадзілі, — з агеньчыкам у вачах прыгадвае Гэлена Казіміраўна. — Да мяне хлапцы ўжо хадзілі сватацца, але мама не пускала: „Той п’яніца, той яшчэ што, а гэты добры — у касцёл ходзіць, моліцца, можаш ісці“. Так у 1962 годзе і ажаніліся.

Фота з сямейнага архіва: Казімір Уладзіслававіч разам з дзецьмі і зяцем (другі злева)
Фота з сямейнага архіва: Казімір Уладзіслававіч разам з дзецьмі і зяцем (другі злева)

Маем шасцёра дзяцей: двое ў Калініградскай вобласці, адзін у Паўднёвай Карэі, адна ў Гродзях ля Гудагая, дачка ў Мінску і дачка ў суседніх Семерніках».

Варта дадаць, адзін з унукаў Казіміра і Гэлены Маліноўскіх — Андрэй Лугін (саліст гурта Laudans) — з будучай жонкай таксама пазнаёміўся ў касцёле.

«Як мне было гадоў пятнасце, то хацела ў закон пайсці, — працягвае кабета. — Але браты не дазволілі. Сказалі: павесяць цябе камуністы, вось паглядзіш. А выйшла замуж, то кажуць: от табе і ўвесь закон».

«Я пра святарства не задумваўся, там жа вучаным трэба быць, — дадае Казімір Уладзіслававіч. — А я толькі чатыры класы скончыў... Вучыцца любіў, нават задачы за сёмы клас рашаў (усміхаецца — заўв. аўт.). Братоў маіх, праўда, у школе называлі клерыкамі, бо былі веруючымі».

«Яко дрэва — такі клін, які ойцец — такі сын»

«Мы абзываць сябе не давалі. Наадварот, самі з іх смяяліся: чорт забярэ вас у пекла, —  паўжартам прыгадвае школьныя гады Гэлена Казіміраўна. — Але дзецьмі ўсе ведалі: Бог усё бачыць, за добрае ўзнагароджае, за дрэннае карае».            

На развітанне просім Казіміра Уладзіслававіча і Гэлену Казіміраўну папазіраваць для партрэта — гаспадары старанна заміраюць на некалькі секунд.

Пасля чаго Казімір Уладзіслававіч працягвае адказваць на наша пытанне:

«Я вось рос без бацькі. Мне было два гады, калі ён памёр. Усе браты былі старэйшымі за мяне. Вырасціла мяне мама. Яна малілася і мы разам з ёй. Я заўсёды ведаў: як памолішся, то нешта дапаможа».

«Як захаваць веру? Калі бацькі давядуць да Першай Камуніі — дзіця будзе даведзенае. А як яно не бачыць, каб бацькі верылі ці маліліся, то і яно будзе такім жа. Яко дрэва — такі клін, які ойцец — такі сын», — дапаўняюць адно аднаго гаспадары.

Ад рэдакцыі: Калі ў вашым рэгіёне жывуць людзі, якія памятаюць аднаўленне парафій, ці захаваліся цікавыя каталіцкія традыцыі, пра якія варта расказаць — пішыце або тэлефануйце ў рэдакцыю.

Абноўлена 02.06.2018 00:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.