Пошук

01.05.2018 14:31   Тэкст і фота: Кацярына Дурко / Catholic.by
Патрыцыя Анікеіч (злева) з дачкой, пляменніцай і ўдзельніцай дзён моладзі

Больш за 300 сем’яў з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Дзевятоўцы прымала ў сваіх дамах каля 1700 удзельнікаў ІІІ агульнабеларускай сустрэчы моладзі.

Жыхары Гродна адгукнуліся на прапанову яшчэ ўзімку і ўжо з таго часу рыхтаваліся, каб прыняць у сваіх дамах маладых католікаў з усёй Беларусі. Парафіяне дзяліліся з пілігрымамі не толькі дахам над галавой і ежай, але і сваёй дабрынёй.

«Сустракаючы пілігрымаў, мы прымаем Хрыста»

На працягу трох дзён сустрэчы гаспадары давалі сведчанне хрысціянскай гасціннасці і выканання ўчынку міласэрнасці для цела бліжняга. Па вечарах пілігрымы і сем’і сустракаліся за кубкам гарбаты, каб паразмаўляць і падзяліцца сваім сведчаннем.

Сям'я Патрыцыі Анікеіч была адной з тых сем'яў, якія спрычыніліся да гэтай справы. Жанчына распавяла пра свае ўражанні ад сустрэчы.

– Інфармацыю пра ІІІ сустрэчу каталіцкай моладзі Беларусі аб’явілі яшчэ зімой. Я думаю, што ўсе парафіяне, хто знаходзіцца блізка да Касцёла, адразу станоўча вырашылі, што прымуць пілігрымаў.

Некаторыя з парафіі прынялі такое рашэнне пазней, але ім ужо не хапіла пілігрымаў (усміхаецца – заўв. аўтара).

Я думаю, што людзі так ахвотна адгукнуліся на гэту прапанову, бо прагнуць служыць. Напрыклад, для мяне ахвяраваны час і іншыя клопаты не бяруцца ў разлік, бо проста хочацца прымаць удзел у свяце і таксама прынесці карысць. Праз тое, што я ўключылася ў гэту справу, я яшчэ больш адчуваю еднасць і моц нашага Касцёла.

– Якім чынам Вы рыхтаваліся да ІІІ сустрэчы моладзі Беларусі?

– З радасцю. Прыклад нам давалі нашы айцы, яны паказвалі, як трэба рыхтавацца і шмат маліцца ў гэтай справе. Мы збіраліся на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і маліліся за сябе і ўсю моладзь, якая прыедзе на сустрэчу.

Не толькі маліліся ў інтэнцыі сустрэчы, але і рыхтаваліся да сустрэчы пілігрымаў. Чакалі гасцей і рыхтавалі сваю кватэру.

Для мяне важна, што гэты прыклад гасціннасці і служэння бачаць нашы дзеці.

Я тлумачу дачцэ, што, сустракаючы пілігрымаў, мы сустракаем і прымаем Хрыста.

– Чым для Вас асабіста сталі перажытыя дні?

– Гэтыя дні сталі святам моладзі і надзеі. Для мяне вельмі важна, што наша маладое пакаленне мае такую магчымасць. У час маёй маладосці пра штосьці падобнае мы нават не маглі і марыць. Таму сёння я радуюся, калі гляджу на гэту перамену і развіццё Касцёла на нашых землях.

Вельмі цешуся, што наша сям’я таксама мела магчымасць далучыцца да такой важнай справы – ІІІ сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі.

Абноўлена 02.05.2018 12:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа