Кацярына Адамчык, якая прадстаўляла Беларусь на перадсінадальнай сустрэчы моладзі ў Рыме, у калонцы для Catholic.by падзялілася сваімі ўражаннямі ад ІІІ усебеларускіх дзён моладзі ў Гродне.
Кацярына — парафіянка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску і ўдзельніца душпастырства FIDES Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дні моладзі былі адкрытыя для розных канфесій
На сустрэчы ў Рыме была крыху іншая абстаноўка: там у моладзі была канкрэтная мэта — данесці да біскупаў усе свае праблемы ў лакальных Касцёлах, таму абстаноўка была больш напружанай, працоўнай. Удзельнікі баяліся правесці без справы вольную хвілінку. Лавілі кожны момант, каб толькі выказаць усё, што баліць.
На днях моладзі ў Гродне панавала больш нязмушаная атмасфера, дзе моладзь проста радавалася магчымасці пабыць у супольнасці, сярод аднагодкаў і атрымаць максімальнае задавальненне ад сустрэчы.
Я заўважыла шмат і праваслаўных маладых людзей, якім сустрэча вельмі спадабалася. Магчыма, пабачыўшы дні моладзі ў католікаў, яны прынясуць такія ж ідэі і ў свае прыходы, што можа стаць крокам да збліжэння праваслаўнай і каталіцкай моладзі.
Магчыма, Касцёл у Беларусі гатовы праводзіць не толькі экуменічныя набажэнствы, але і моладзевыя экуменічныя сустрэчы. Якраз для Беларусі гэта вельмі актуальна, таму што ў нас шмат змешаных сем’яў.
Вельмі парадавала, што на сустрэчы была моладзь і Грэка-Каталіцкай Царквы са сваім хорам, які выконваў спевы, уласцівыя візантыйскаму абраду. Гэта ўвогуле вельмі крута, таму што не так часта пачуеш грэка-каталіцкія спевы.
«Удзячная біскупам за прысутнасць і ўвагу»
Прысутнасць біскупаў на днях моладзі стала для мяне паказчыкам таго, што іерархі імкнуцца зразумець нас і што адносіны з моладдзю для іх важныя.
Па-мойму, гэта адзіны правільны шлях, калі духавенства не ўзводзіць сцены паміж сабой і парафіянамі, а знаходзіцца разам з людзьмі. Я ўдзячная ім за прысутнасць і ўвагу.
Праслаўленне Бога праз музыку
Пасля канцэрта гурта AVE ў мяне ўпершыню з'явілася думка, што такія канцэрты семінарыстаў таксама дапамагаюць у праслаўленні Бога. Цудоўна, што мы праслаўляем Бога ўсё часцей праз сучасную музыку.
На канцэрце гурта CROSSWAY ад кс. Паўла Рудзьмана я пачула такі выраз: «Я — хуліган Хрыста», якую ён сказаў у кантэксце музыкі і хрысціянскіх музычных фестываляў.
Вельмі хочацца, каб гэты кірунак, звязаны з хрысціянскай музыкай, развіваўся і надалей. Гэта будзе крокам наперад да альтэрнатыўнага хрысціянскага мыслення і праслаўлення Бога.
Запомнілася прэзентацыя дыяцэзій — дзяўчаты і хлопцы з энтузіязмам падышлі да распрацоўкі сцэнарыя, каб не прапусціць нічога з таго, чым жыве моладзь той ці іншай дыяцэзіі.
Другі дзень пачынаўся з ранішняй малітвы, куды, на дзіва, падцягнулася шмат народу. Такога я не памятаю нават падчас сустрэчы ў Рыме. Там я прыйшла адзін раз і пабачыла яшчэ літаральна чалавек пяць. Гэта гаворыць аб тым, што вера ў беларускай моладзі глыбей і яна сапраўды не заканчваецца на такіх мерапрыемствах.
«У Гродне я пабачыла вялікую, дружную хрысціянскую сям’ю»
Шмат уражанняў, шмат добрых слоў і шмат таго, чым хочацца падзяліцца. Я вельмі рада, што нашы сустрэчы моладзі нічым не горшыя за перадсінадальную сустрэчу моладзі ў Рыме.
Няглядзячы на розныя задачы і мэты дзвюх сустрэч, яны абедзве аб’ядноўваюць маладых людзей і сеюць у іх сэрцах веру ў тое, што яны не адны, што нас у Хрысце шмат і праз такія сустрэчы мы ўмацоўваем свой хрысціянскі стрыжань.
На святой Імшы, якая заканчвала моладзевы форум, духавенства заклікала моладзь быць сведкамі Хрыста і несці Яго людзям, якія нас атачаюць. Сапраўды, вельмі важна быць адной вялікай сям’ёй, як гэта і было ў Гродне — вялікая, дружная хрысціянская сям’я.
Спадзяюся, наступныя сустрэчы збяруць яшчэ больш удзельнікаў і аднойчы мы будзем у стане, як Панама, прыняць у сябе хрысціянскую моладзь з усяго свету. А пакуль чакаем, молімся і працуем.
Дзякуй вялікі ўсім, хто прычыніўся да гэтай сустрэчы: арганізатарам, духавенству, моладзі і ўсім гродзенцам, якія годна прынялі нас у сваім горадзе. Хочацца, каб гэтую атмасферу цеплыні, радасці і праслаўлення Бога мы прывезлі ў свае парафіі і захавалі яе.