Пошук

02.05.2018 12:19   Catholic.by
фота Святланы Лабковіч

Моладзь, адгукніся, як даехалі?

Любая і дарагая моладзь!

Наша сустрэча ў Гродне, дзе ты і я ўдзельнічалі ў III усебеларускіх днях каталіцкай моладзі, ужо стала гісторыяй. Мы пачулі яшчэ раз пра любоў Бога да чалавека, пра Яго клопат пра нашае сёння і заўтра.

Я ўпэўнены, што гэтыя дні «моладзі Хрыста» пасля сябе пакінуць не толькі віртуальныя «лайкі», але застануцца зыходным пунктам цудоўна перажытай «прыгоды з Панам», якая працягваецца ўсё жыццё.

Ці пачулі вы адказы на ўсе хвалюючыя вас пытанні? На жаль, напэўна, усё ж такі не. Гэтых пытанняў шмат, і яны не перастаюць з'яўляцца і змяняцца кожны дзень. Аднак вы «пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай», і Ёй трэба даверыцца, Яе трымацца, праз Яе ісці да Езуса.

Марыя, наша Нябесная Маці, апякуйся будучыняй нашага Касцёла і грамадства!

Пасля сустрэчы адна вашая сяброўка спыталася ў мяне: «Як мне быць, як трываць у Хрысце, калі ў класе я толькі адна веручая?»

Не буду паўтарацца і гаварыць казанне, бо словы трэба ўвасабляць у справах. Аднак дазвольце вас, любая моладзь, запрасіць да прагляду фільма «Бог не памёр». Гэта, на маю думку, вельмі добрая стужка, якая складаецца з дзвюх частак: «Бог не памёр» і «Бог не памёр-2», і я раю паглядзець абедзве.

Ад усяго сэрца прагну выказаць словы падзякі ксяндзу каноніку Антонію Грэмзу — галоўнаму арганізатару — і яго камандзе, айцам рэдэмптарыстам і парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) за паданы імі ўсім нам «кубак вады і скібку хлеба».

Дзякую і заклікаю святароў, кансэкраваных асобаў, дыяканаў, семінарыстаў і катэхетаў да яшчэ большай руплівасці пра моладзь. Словы падзякі скіроўваю і да вас, дарагія бацькі, бо вы турбуецеся пра тое, каб вашыя дзеці «не толькі мелі, але і былі». Вашыя дзеці — нашыя дзеці — цудоўныя! Дзякую ўсім вам.

Сродкі масавай камунікацыі, каталіцкія СМІ, вы сапраўды пераадольваеце межы і трапляеце ў сэрца. Дзякуй!

Запрашаю да духоўнай лучнасці ў малітве падзякі 5 мая ў касцёле айцоў рэдэмптарыстаў на Дзевятоўцы. У 16.00 тут адбудзецца святая Імша падзякі Богу за Яго дабрыню, за ваш удзел, за вашу адданасць справе евангелізацыі. Да сустрэчы!

Благаслаўляю вас у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Абноўлена 02.05.2018 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.