Пошук

29.04.2018 22:56   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

Каля дзвюх тысяч удзельнікаў з дзясяткаў парафій Беларусі: у Гродне распачаліся ІІІ усебеларускія дні каталіцкай моладзі.

29 красавіка ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля распачаліся агульнабеларускія дні каталіцкай моладзі Беларусі. Дэвіз сустрэчы – «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай!».

Імшу на распачацце сустрэчы ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Яе канцэлебравалі беларускія біскупы на чале са старшынёй ККББ Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам MIC.

Вітаючы гасцей, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім удзельнікам, каб «дні, праведзеныя ў гістарычным горадзе Стэфана Баторыя, пазначаным прысутнасцю св. Казіміра, былі перажытыя як найлепш – на хвалу Божую і для духоўнай карысці».

«Няхай не будзе недахопу ў часе на малітву і адарацыю, на слуханне Божага слова і сакрамэнту», -- дадаў іерарх.

Апостальскі Нунцый: Ведайце – Папа і Касцёл верыць у вас

Арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што як прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі ён у чарговы раз пераканаўся, што Касцёл тут малады і дынамічны.

«Трэцяя сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі з’яўляецца яскравым гэтаму доказам, – сказаў іерарх. – Падчас гэтай Эўхарыстыі буду маліцца за кожнага з вас, каб вы маглі ўзрастаць у асабістых адносінах з Езусам».

У сваёй гаміліі Апостальскі Нунцый сканцэнтраваўся над тэме мужнасці ў прыняцці паклікання і еднасці ў жыцці чалавека.

«Я рады бачыць вас, з’яднаных у малітве хвалы і ў сведчанні пра вашу веру і любоў да Бога перад аднагодкамі і ўсім грамадствам. Кожны чалавек шукае ў жыцці еднасць. Шчаслівы чалавек, які яе знаходзіць: чые думкі, словы і справы ствараюць адзіны блок і не маюць ніякай супярэчнасці», -- падкрэсліў арцыбіскуп.

Звяртаючыся да Евангелля, іерарх дадаў, што ў Велікодны час Касцёл прапануе задумацца над некаторымі ўрыўкамі з прамовы Езуса пасля Апошняй Вячэры, перад пачаткам мукі.

Гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас Імшы на ІІІ Агульнабеларускіх днях моладзі

«Што азначае «заставацца ў Езусе»? Гэта значыць – трываць у веры, якая ў сваю чаргу ўмацоўваецца праз пастаяннае і ўважлівае слуханне Божага слова. Калі мы застанемся ў Хрысце, Ён будзе жыць у нас і стане тым, чым з’яўляецца лаза для галінак: жыццёвым прынцыпам, натхненнем, прычынай, сэнсам усяго нашага жыцця, нашых выбараў», -- сказаў іерарх.

«Як галінка без лазы засыхае, не прыносячы ніякіх пладоў, так і кожны з нас, калі не будзе трываць у Хрысце, не зможа прынесці ніякіх пладоў справядлівасці, супакою, любові», -- падкрэсліў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на дэвіз сустрэчы «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай».

«Менавіта з упэўненасці ў тым, што Божая ласка – з намі, нараджаецца мужнасць: мужнасць, каб здзейсніць тое, што Бог патрабуе ад нас тут і цяпер, у кожнай сферы нашага жыцця.

Калі мы адкрываемся на Божую ласку, немагчымае становіцца магчымым. «Калі Бог за нас, хто супраць нас?» (Рым 8, 31). Божая ласка закранае вашае «сёння», дакранаецца да вас з усімі вашымі страхамі і абмежаваннямі і раскрывае перад вамі цудоўныя Божыя планы!» -- заключыў іерарх.

Прыводзячы словы папы Францішка да моладзі «Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас», Нунцый зазначыў:

«Папа і Касцёл верыць у вас. І вы даверцеся Касцёлу! Дарагія маладыя сябры, Касцёл у Беларусі верыць у вас!» -- падкрэсліў іерарх.

Згадваючы прыклад Марыі, якая была яшчэ зусім юнай, калі Бог даручыў Ёй важнае заданне, арцыбіскуп звярнуўся да моладзі:

«Сёння гэта вы – поўныя сілы і энергіі. Выкарыстайце гэта, каб палепшыць свет, пачынаючы з вашага асяроддзя.

Бог для кожнага з вас мае асабістае заданне і цудоўны план любові. І той, хто зашчэпіць сваё жыццё ў Божы план любові, паступова ўбачыць не толькі спаўненне сваіх мараў, але, безумоўна, яшчэ больш – убачыць вялікія Божыя справы ў сваім жыцці.

Хрыстус прыйшоў, каб пасяліцца ў вашых сэрцах. Ён увайшоў у ваша жыццё, як гэта здарылася з Марыяй! Калі вы застанецеся ў Ім, Ён сам зробіць так, каб у вашых сэрцах і з вашых сэрцаў вырас плод братэрскай любові.

Памолімся з Касцёлам, каб Айцец прышчапіў вас, як галіны, да вінаграднай лазы, каб дзякуючы сапраўднай любові адзін да аднаго вы сталі першым плёнам адроджанага чалавецтва».

Абноўлена 30.04.2018 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа