Пошук

20.04.2018 14:20   Уладзіслаў Козел / Фота: Servizio Fotografico de "L'O.R." 00120 Citta' del Vaticano / Catholic.by

18 красавіка ў Рыме адбылася адмысловая сустрэча супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску са Святым Айцом Францішкам. Сустрэча прайшла ў межах пілігрымкі гэтай фармацыйнай супольнасці з нагоды святкавання 80-й гадавіны кананізацыі св. Андрэя Баболі і сотай гадавіны біскупскага пасвячэння слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскага, заснавальніка семінарыі ў Пінску.

Семінарысты і святары-фарматары на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам спачатку прынялі ўдзел у агульнай сустрэчы Святога Айца з вернікамі на плошчы святога Пятра. Пасля заканчэння агульнай аўдыенцыі адбылася спецыяльная і непасрэдная сустрэча з Пантыфікам. Вітаючы супольнасць навучэнцаў і фарматараў, Папа ўдзяліў апостальскае благаслаўленне семінарыі ў Пінску.

Біскуп Дзям’янка падзякаваў Святому Айцу за магчымасць сустрэчы і прадставіў яму прысутных святароў і семінарыстаў. Пантыфік заклікаў семінарыстаў памятаць пра яго ў малітвах. У сваю чаргу рэктар семінарыі ксёндз Андрэй Рылка запэўніў папу Францішка, што супольнасць семінарыі ў Пінску штодня моліцца за яго і дзякуе Богу за яго ахвярнае апостальскае служэнне.

Біскуп Антоні Дзям’янка разам з супольнасцю Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску выказвае асаблівую падзяку арцыбіскупу Георгу Генсвайну, прэфекту Папскага Дому, а таксама Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Габару Пінтэру за магчымасць сустрэчы са Святым Айцом Францішкам і атрыманне яго апостальскага благаслаўлення для семінарыі.

Абноўлена 20.04.2018 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця