Пошук


8 красавіка, у другую Велікодную нядзелю, у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве (Маладзечанскі дэканат) прайшла першая пасля Другой сусветнай вайны кананічная пастырская візітацыя, якую здзейсніў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. У гэтую нядзелю, якая называецца ў Касцёле таксама нядзеляй Божай Міласэрнасці,  ў парафіяльны касцёл былі ўрачыста ўнесены рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай.

Арцыпастыра перад новапабудаваным касцёлам у сонечны веснавы дзень віталі вернікі парафіі, гісторыя якой бярэ свой пачатак з XV ст., на чале са сваім пробашчам кс. Уладзімірам Русаком. Першая ў пасляваеннай гісторыі пастырская візітацыя стала для мясцовых вернікаў і іх цяперашняга душпастыра важнай падзеяй, а таксама экзаменам іх духоўнай сталасці, які яны з гонарам вытрымалі.

Згодна з традыцыяй, прыняўшы ключы ад святыні, арцыбіскуп распачаў урачыстую частку візітацыі, у якой бралі ўдзел дэкан Маладзечанскага дэканату кс. пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, кс. пралат Андрэй Стэцкевіч, пробашч парафіі ў Радашковічах кс. канонік Юрый Быкаў, пробашч маладзечанскай парафіі св. Казіміра а. Анатоль Ярошка OFMCap, а таксама шматлікія вернікі. Прывітаць іерарха прыйшла таксама прадстаўнік мясцовай улады — старшыня Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэта сп. Тамара Дудзіч.

Урачыстая св. Імша распачалася працэсіяй, у якой у нядаўна пабудаваную лебедзеўскую святыню былі ўнесены рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай — «сакратаркі Божай Міласэрнасці», як назваў яе арцыбіскуп Кандрусевіч. Менавіта яе рэліквіі з'явіліся ў Лебедзеве невыпадкова. Тут у цэнтральным алтары касцёла змешчаны абраз Езуса Міласэрнага, паабапал якога знаходзяцца выявы св. сястры Фаўстыны і бл. ксяндза Міхала Сапоцькі, яе спаведніка, прычым рэліквіі апошняга ўжо былі ў лебедзеўскай святыні. Такім чынам, у гэтую нядзелю Божай Міласэрнасці, як вобразна выказаўся пробашч кс. Уладзімір, тут з'явілася «яшчэ адна парафіянка — і не звычайная, а святая», якая пераказала ўсяму свету ў сваім духоўным «Дзённіку» пасланне Божай Міласэрнасці. 

У апошні дзень актавы Пасхі, якая з'яўляецца самай галоўнай літургічнай падзеяй года ў Касцёле і святкуцецца, як адзін дзень, іерарх нагадаў, што ён супаў з Вялікаднем у праваслаўных вернікаў.

«Няхай ззяючае з пустой магілы Езуса святло асвятляе шлях усіх хрысціянаў, каб мы разам сведчылі аб праўдзе ўваскрасення, якая з’яўляецца падмуркам нашай веры», — зазначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп дадаў, што ў другую велікодную нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай міласэрнасці, устаноўленае св. Янам Паўлам II.

«Пасхальная таямніца крыжовай смерці і ўваскрасення Хрыста — гэта апагей праяўлення любові Бога да чалавека. Таму лагічна, што наступная пасля Пасхі нядзеля з’яўляецца нядзеляй Божай міласэрнасці, так як прасіў Езус у сваіх аб’яўленнях святой Фаўстыне Кавальскай», — сказаў арцыбіскуп.

Святы Ян Павел II на св. Імшы падчас кананізацыі с. Фаўстыны Кавальскай 30 красавіка 2000 г. сказаў, што нам неабходна прыняць пасланне Божага слова другой Велікоднай нядзелі, якое заклікае нас разважаць пра Божую міласэрнасць.

«Заклікае да гэтага таксама і сённяшняе Евангелле. Езус вітае апосталаў словамі: „Супакой вам“ і кажа: „Вазьміце Духа Святога, каму адпусціце грахі, будуць адпушчаны“. Усё гэта сведчыць аб тым, што адной з місій Касцёла з’яўляецца прабачэнне грахоў і ўсталяванне міру праз прабачэнне».

Пастыр нагадаў, што духоўны супакой мы атрымліваем менавіта дзякуючы Божай міласэрнасці:

«Той, хто не жадае прабачыць бліжняму, не толькі пазбаўляе сябе хрысціянскай годнасці, але крадзе ў сябе самога духоўны супакой», — нагадаў іерарх.

Паводле слоў арцыбіскупа, Божая міласэрнасць з’яўляецца галоўнай рысай Бога: калі чалавек адвярнуўся ад Бога, то «ён хоць і пакараў яго, але, тым не менш, працягваў клапаціцца аб ім».

«Бог і далей не адварочваецца ад чалавека, але чакае, як бацька чакаў свайго марнатраўнага сына. Гэта асабліва бачна ў аб’яўленнях міласэрнага Езуса св. Фаўстыне Кавальскай у 30-гады мінулага стагоддзя, калі на Захадзе Еўропы падымаў галаву нацызм, а Усход быў пазначаны атэістычным пераследам веры. Тады Езус выбраў сабе „сакратарку“, калі так можна выказацца, св. Фаўстыну Кавальскую», — распавёў Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх зазначыў, што вялікая роля ў тым, што сёння мы маем магчымасць чытаць дзённік св. Фаўстыны, належыць бл. Міхалу Сапоцьку, які быў звязаны з Лебедзевам.

«Сёння ў сваіх рэліквіях св. Фаўстына прыходзіць у Лебедзеўскую парафію, каб нагадаць пра актуальнасць паслання Божай міласэрнасці ў наш час і неабходнасць звяртацца да яе, — сказаў іерарх. — Св. Ян Павел II казаў, што Божая міласэрнасць — гэта адзіная надзея сучаснага свету».

Як дадаў Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікія намаганні грамадскіх і дзяржаўных арганізацый не здольныя вырашыць праблем, якія ўзнікаюць у сучасным грамадстве, нагадаўшы прысутным пра спробу правесці ў святочныя пасхальныя дні ў Мінску мерапрыемства гомасексуалістаў, якое не адбылося толькі дзякуючы пратэсту прадстаўнікоў асноўных хрысціянскіх канфесій краіны.

«Няхай рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай дапамогуць нам у звароце да Божай міласэрнасці ў нашых патрэбах і да асабістай практыкі міласэрнасці ў паўсюдным жыцці», — заклікаў вернікаў іх пастыр.

На заканчэнне св. Імшы лебедзеўскія вернікі выказалі словы шчырай падзякі арцыпастыру, а таксама кс. пралату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, які стаяў ля вытокаў адраджэння рэлігійнага жыцця мясцовай парафіі, і кс. пралату Андрэю Стэцкевічу, які пэўны час духоўна ёй апекаваўся. Падчас урачыстасці служэнне Божай Міласэрнасці ў канфесіянале нёс а. Анатоль Ярошка OFMCap, які пасля заканчэння св. Імшы даў магчымасць ушанаваць рэліквіі св. сястры Фаўстыны ўсім прысутным.

Абноўлена 17.04.2018 22:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.