Пошук

15.12.2021 16:15   Тэкст: Юлія Капусціна / Фота: Ірына Капусціна / Catholic.by

12 снежня, у Трэцюю нядзелю Адвэнту — «нядзелю радасці», — з удзелам арцыбiскупа Юзафа Станеўскага ў касцёл Сэрца Пана Езуса ў Лебедзеве былi ўрачыста ўнесены рэлiквii благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка, мучаніц Другой сусветнай вайны.

Урачыстасць узначалiў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбiскуп Юзаф Станеўскi, які ўпершыню наведаў мясцовую каталіцкую супольнасць. Згодна з даўняй традыцыяй гасцiннасцi вернiкi сустрэлi арцыпастыра хлебам-соллю.

Атрымаўшы з рук сясцёр назарэтанак, якія прыбылі з Гродна і з Маладзечна, рэлiквii адзiнаццацi благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, арцыбіскуп урачыста ўнёс іх у лебедзеўскую святыню.

Сястра Лаўра Шукеловіч CSFN з Кангрэгацыi Найсвяцешай Сям’і з Назарэта, якая на працягу доўгага часу дапмагала ў падрыхтоўцы мясцовых дзяцей да першай святой Камунii, а цяпер працягвае несцi служэнне ў Гродне, расказала пра жыццё і пакутніцкі шлях благаслаўлёных сясцёр, якiя 1 жнiўня 1943 года аддалi сваё жыццё за бліжніх, засведчыўшы, што любоў мацнейшая за смерць.

Разам з арцыбiскупам Эўхарыстыю канцэлебравалі дэкан Маладзечанскага дэканата ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкi, ксёндз Юрый Ясевіч i пробашч лебедзеўскай парафii ксёндз Уладзiмiр Русак.

Божае слова да вернiкаў прамовiў арцыбiскуп Станеўскi. «Радуцеся i не бойцеся! Радуйцеся, бо блiзка ёсць Пан! Мараната! Прыйдзі, о, Пане, бо мы Цябе чакаем», — заклiкаў iерарх на пачатку гаміліі. «Сёння Касцёл праз сваiх пастыраў прыходзiць i нанава гаворыць нам не толькi „радуйцеся“, але i „не бойцеся“: не бойцеся таго, што нас фiзiчна прыгнятае, але будзьце адважнымi i iдзiце насустрач Пану, нават праз цярпеннi i крыж.

У сённяшнюю нядзелю ў нашай святынi мы маем магчымасць быць сведкамi радасцi спаўнення Божай волi праз благаслаўлёных сясцёр мучанiц. Калi прыйшло выпрабаванне, яны ведалi з Евангелля, што няма большай любовi, калi жыццё сваё аддаеш за брата свайго. Тады ў iх сэрцах таксама прагучала «не бойцеся». Пан чакаў iх Евангелля, як кажа Папа Францiшак, Евангелля на далонi, якое яны пацвердзiлi праз сэрца i крыж. Яны паказалi, што гэта значыць любiць аж да смерцi, без боязi ў радасцi Евангелля iшлi на навагрудскую Галготу, дзе сёння таксама ўзвышаецца крыж. Сённяшнi свет таксама патрабуе менавiта такiх адважных вызнаўцаў Евангелля Езуса Хрыста, Евангелля на далонi.

Як казаў благаслаўлёны кардынал Стэфан Вышынскі, лягчэй аддаць жыццё, чым усё жыццё працаваць. У гэтым таксама ёсць свой сэнс. I мы з’яўляемся тымi, ад каго сённяшнi свет не патрабуе ахвяры жыцця, але патрабуе ахвярнага жыцця: жыцця поўнага любовi, прабачэння, паразумення.

Няхай благаслаўлёныя назарэтанкi з Навагрудка выпрошваюць для вас усе неабходныя ласкi. Прасiце не толькi аб тым, каб было лягчэй, але аб тым, каб пераадолець усялякiя цяжкасцi, каб мець радасць перамогi над злом i над няпраўдамi гэтага свету.

Няхай благаслаўлёныя сёстры вас вучаць i заахвочваюць, бо iх прысутнасць у гэтай святынi сведчаць аб тым, што чалавек можа выконваць тое, чаму нас вучыць Евангелле. Бог не накладае на нас немагчымае для выканання. Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе i адорвае сваёй ласкай. Няхай жа Езус Хрыстус дакранецца да кожнага з вас сваёй моцай, каб ў сённяшнiм свеце вы былi сведкамi радасцi Евангелля, бо Ён жывы сярод нас», — пажадаў арцыпастыр.

Напрыканцы святой Iмшы вернiкi лебедзеўскай парафii выказалi словы падзякi арцыбiскупу, а таксама прысутным на ўрачыстасцi сёстрам, падкрэлiўшы адвагу благаслаўлёных сясцёр мучанiц, прыклад якiх узмацняе iх веру ў тое, што любоў парамагае нянавiсць.

Да словаў падзякi сваiх вернiкаў далучыўся пробашч парафii ксёндз Уладзiмiр Русак. Ён падзякаваў арцыбiскупу, праз паслугу якога ў парафii з’явiлiся рэлiквii благаслаўлёных Назарэтанак; ксяндзу прэлату, якi стаяў каля вытокаў адраджэння мясцовай супольнасцi; ксяндзу Юрыю за тое, што падзялiў з вернiкамi Лебедзеўскай парафii радасць урачыстасцi; сёстрам з Кангрэгацыi Найсвяцешай Сям’і з Назарэта: тым, якiя аддалi сваё жыццё, баронячы каштоўнасць сям’i i жыццё святара, тым, якiя ад пачатку адраджэння мясцовай парафii ўспамагаюць сваёй непрыкметнай, але дзейснай службай, i тым, якiя зрабiлi ўсё, каб мучанiцы Назарэтанкi прыбылi ў мясцовую парафiю, «каб назаўсёды застацца для нас прыкладам любовi, якая дае плён праз ахвяру»; а таксама ўсім тым, хто прычынiўся да падрыхтойкi ўрачыстасцi фізічна i духоўна.

«Сёння, у нядзелю радасцi, у нядзелю Gaudete, мы маем вялiкую радасць, што наша супольнасць у рэлiквiях благаслаўлёных сясцёр мучанiц павялiчылася на адзiнаццаць асоб. I яны застануцца з намi назаўсёды», — сказаў пробашч.

Абноўлена 15.12.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.