Пошук

30.03.2018 08:57   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

У Вялікі чацвер, 29 сакавіка, увечары арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстую святую Імшу Вячэры Пана.

У Вялікі чацвер Касцёл перажывае ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі, у якім Езус Хрыстус пад выглядам хлеба і віна праз рукі святароў па ўсім свеце зноў і зноў сходзіць на зямлю, каб у бяскроўнай ахвяры алтара яднаць з сабою вернікаў у святой Камуніі. Таму Эўхарыстыя нездарма з’яўляецца вяршыняю жыцця Касцёла і кожнага ахрышчанага.

На асаблівым значэнні Эўхарыстыі, якая з’яўляецца сакрамэнтам збаўлення на ўсе часы, а ў сучасную эпоху страты духоўных каштоўнасцяў і маральных арыенціраў наогул застаецца адзіным паратункам для слабога і грэшнага чалавека, засяродзіўся ў гэты вечар арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падчас Імшы адбылося абмыванне ног 12 мужчынам — абрад, які сімвалізуе служэнне і любоў Хрыста, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, але дзеля таго, каб служыць іншым.

«Пасля цуду памнажэння хлеба ў пустыні Езус паабяцаў сваім слухачам даць хлеб вечнага жыцця. Гэтае абяцанне Ён здзейсніў падчас Апошняй Вячэры, — нагадаў у гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Тады, у цёплы пагодны вечар, на другім паверсе дома, які пазней назвалі Вячэрнікам, адбыўся цуд. Езус узяў у рукі хлеб і даў яго сваім вучням, кажучы, што гэта Ягонае Цела. Потым узяў келіх з віном і сказаў, што гэта Яго Кроў. Тым самым Ён устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.

Пасля чаго сказаў: “Гэта чыніце на Маю памяць”. Гэтымі словамі Ён устанавіў сакрамэнт святарства».

Арцыбіскуп дадаў, што сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства самым цесным чынам звязаны паміж сабой: «Святарства выводзіцца з Эўхарыстыі, і яно найперш для Эўхарыстыі. Без святара няма Эўхарыстыі».

На наступны дзень, нагадаў іерарх, Езус быў укрыжаваны, і з Яго боку пралілася Кроў, змываючы грахі свету.

«Гэта ўсё адбывалася дзве тысячы гадоў таму ў часы рымскай акупацыі Палесціны. А дзе цяпер былая моц Рыма? (…) Ад яго валадарства засталіся толькі помнікі старажытнай архітэктуры, — адзначыў арцыбіскуп. — А Эўхарыстыя застаецца.

Безабаронная Гостыя трывае. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што Хрыстус не мог лепшым чынам застацца сярод свайго народа».

«А як мы ставімся да гэтага дару? — задаў пытанне іерарх. — Бог чыніць ласку, прыходзячы да нас, грэшных, са сваёй любоўю і жадаючы карміць сваім Целам.

А чалавечыя сэрцы такія няўдзячныя, такія сляпыя на гэтую любоў. Адкуль у свеце столькі зла, што не бачна сапраўднай любові, якая перамяняе нашы сэрцы?» Перамяніць іх, як падкрэсліў Мітрапаліт, «пад сілу толькі Богу, які прыходзіць да нас у Святым Пісанні, Эўхарыстыі і іншай дзейнасці Касцёла».

«Ззянне Апошняй Вячэры ўжо дзве тысячы гадоў разыходзіцца па ўсім свеце, дае нам надзею і прыцягвае да сябе. Аднак часткай Вялікага чацвярга з’яўляецца таксама цёмная ноч Аліўнага саду, куды Езус ідзе са сваімі вучнямі. Менавіта там Ён на малітве выходзіць на сустрэчу крыжовай смерці», — заўважыў арцыбіскуп.

«Езус ідзе ў гэтую ноч, каб яе перамагчы і адкрыць новы дзень у гісторыі чалавецтва, — адзначыў іерарх. — У сваёй малітве Езус просіць Нябеснага Айца, каб забраў у Яго келіх цярпенняў, але пры гэтым дадае, што няхай будзе Яго воля. Такім чынам Езус змяніў стаўленне Адама, які хацеў, каб здзейснілася не Божая, але яго воля, бо сам хацеў стаць Богам».

Па словах арцыбіскупа, прычынай першароднага граху і ўсіх іншых з’яўляецца пыха: «Мы думаем, што свабодныя і таму можам выконваць выключна сваю волю. Тады ідэя Бога, якому мы павінны падпарадкавацца, супярэчыць нашай свабодзе. Мы думаем, што павінны вызваліцца ад Яго, бо толькі тады будзем сапраўды свабоднымі».

Свабодным чалавек становіцца толькі тады, калі знаходзіцца ў праўдзе перад самім сабой і Богам»: «тады ён будзе “як Бог”, не супрацьпастаўляючыся Богу.

«У малітоўным чуванні на Аліўнай гары Езус нівеліраваў фальшывую супярэчнасць паміж паслухмянасцю і свабодай і адкрыў шлях да сапраўднай свабоды, — звярнуў увагу Мітрапаліт. — Няхай Ён увядзе нас у нашае “так” адносна Божай волі і дазволіць сапраўды стаць свабоднымі».

Касцёл наказвае вернікам прынамсі раз у год спавядацца і прымаць святую Камунію ў Велікодны перыяд. Тое, што мноства вернікаў не занядбоўваюць і сапраўды імкнуцца сумленна выканаць гэты свой абавязак, сведчыць іх вялікая колькасць у гэты дзень як у архікатэдры, так і ў іншых касцёлах у нашай краіне і ў свеце.

На заканчэнне Імшы Вячэры Пана Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную цямніцу, таму што пасля Апошняй Вячэры Езус Хрыстус быў арыштаваны і правёў гэтую ноч у зняволенні. Вернікі ў маўчанні кленчаць перад Збаўцам — вечным Вязнем табэрнакулюма, — дзякуючы Яму за збаўленне, здабытае коштам такіх страшных і несправядлівых цярпенняў.

Абноўлена 30.03.2018 09:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця