Пошук


З наступленнем цемры ў Вялікую суботу ў касцёлах цэлебруецца самая галоўная хрысціянская літургія на працягу года — Пасхальная вігілія ў Святую ноч. 11 красавіка ў 21.45 на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама на нашым партале распачнецца прамая трансляцыя Пасхальнай вігіліі з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

У гэтую Святую, вялікую ноч святкуецца найбольшая ўрачыстасць усіх хрысціянаў — Уваскрасенне Хрыста.

Паводле найстаражытнейшай традыцыі ў гэтую ноч, калі Хрыстус уваскрос з памерлых, адбываецца чуванне, што ў перакладзе з лацінскай мовы і азначае слова «вігілія».

Святы Аўгустын казаў, што гэтая літургія — «маці ўсіх святых вігілій», бо яна з’яўляецца літургічным успамінам той ночы, калі Збаўца ўваскрос з памерлых. Яе правобразам у Старым Запавеце была ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі.

Трансляцыя святой Пасхальнай вігіліі распачнецца 11 красавіка ў 21.45.

Вернікі, згодна з напамінам Евангелля, трымаючы ў руках запаленыя светачы, становяцца падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго Валадара, каб той, прыйшоўшы, знайшоў іх у чуванні і запрасіў да свайго стала.

 

Першая частка гэтага начнога чування Божага народа называецца «Літургіяй святла».

З асвячэння новага вагню, ад якога запальваецца вялікая васковая свечка — пасхал — сімвал уваскрослага Хрыста, распачынаецца святкаванне Змёртвыхпаўстання Пана.

Вялікдзень — гэта так званае «рухомае» свята, якое заўжды святкуецца ў нядзелю, але не замацавана за нейкай канкрэтнай датай. У Евангеллі дакладна не сказана, калі ўваскрос Хрыстус: тое, што Яго цела не было ў магіле, заўважылі на світанні першага дня пасля суботы, або праз тры дні пасля Яго смерці і пахавання.

Днём смерці Пана даследчыкі святых тэкстаў лічаць пятніцу 7 красавіка 30 г., аднак гэта магло адбыцца, хоць і з меншай верагоднасцю, 27 красавіка 31 г. або 3 красавіка 33 г.

Такім чынам, найбольш верагодная дата Уваскрасення Хрыста — гэта 9 красавіка 30 г.

Паколькі Пэсах (юдэйская Пасха) святкуецца праз 14 дзён пасля пачатку новага года (а пачынаецца юдэйскі год заўсёды ў маладзік), хрысціянскае свята Уваскрасення Хрыста павінна было б святкавацца ў першую нядзелю пасля Пэсаху, як гэта апісана ў Евангеллі. Але паколькі праз 14 дзён пасля маладзіка бывае поўня, на Першым Нікейскім Саборы ў 325 г. было вырашана, што Вялікдзень будзе святкавацца ў нядзелю, якая наступае адразу ж пасля першай веснавой поўні. Гэта поўня пасля раўнадзенства, якое ў Паўночным паўшар’і адбываецца 20 сакавіка.

З-за каляндарных адрозненняў, якія існуюць паміж католікамі і праваслаўнымі, дзень святкавання Пасхі ў адных і ў другіх не заўсёды супадае. У католікаў Вялікдзень можа святкавацца найраней 22 сакавіка, а найпазней — 25 красавіка. Калі ж першая веснавая поўня прыпадае ў нядзелю, тады святкаванне пераносіцца на наступную за ёй. Такім чынам, хрысціянская Пасха ніколі не супадае з юдэйскім Пэсахам, які заўсёды святкуецца ў поўню.

Тым не менш, хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што яскрава відаць з біблейскіх чытанняў, якія гучаць у другой частцы Вігіліі — «Літургіі слова».

Правадыр ізраэльскага народа Майсей — гэта правобраз Езуса Хрыста, які ўсіх нас кліча да сапраўднай свабоды і вечнага жыцця ў нашай сапраўднай Айчыне — у Нябесным Валадарстве.

Само слова Пасха — па-габрэйску Пэсах — азначае пераход. Гэтае свята, устаноўленае ў памяць зыходу сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі, пасля ўваскрасення Хрыста набыло іншае значэнне. У гэты дзень хрысціяне святкуюць свой канчатковы і незваротны зыход з няволі граху і смерці і пераход да новага жыцця ў Хрысце, да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей, якімі мы становімся праз хрост. Менавіта правобразам водаў хросту, якія кожнага, хто прымае гэты сакрамэнт, абмываюць ад першароднага граху, з’яўляецца пераход ізраэльскага народа праз воды Чырвонага мора, пра што распавядаецца ў другой кнізе Старога Запавету, якая называецца «Зыход».

Сімвалам святкавання Пасхі ў Старым Запавеце было пасхальнае ягня. Кроў гэтага ягняці, якая ўратавала ізраільцянаў ад знішчэння, стала правобразам крыві сапраўднага Божага Ягняці — Езуса Хрыста, які сам стаў ахвяраю за грахі ўсяго чалавецтва

З Яго прабітага на пагорку Галгофы боку праліліся кроў і вада, і з іх узялі пачатак сакрамэнты Касцёла, першым з якіх з’яўляецца святы хрост. Нездарма трэцяя частка Вігіліі — гэта «Літургія хросту».

У раннехрысціянскія часы толькі ў гэтую ноч хрысцілі новых вернікаў. Цяпер хрост можа адбывацца ў любы час, а падчас Пасхальнай вігіліі асвячаецца вада для хросту. У гэтую святую ноч вада набывае моц асвячэння: яна не толькі можа ачысціць цела, але таксама змыць з чалавечай душы бруд першароднага граху і ўсіх грахоў, учыненых да хросту.

Пасля асвячэння вады ўсе вернікі ў касцёле аднаўляюць хросныя абяцанні: адракаюцца ад зла і вызнаюць веру ў Бога, адзінага ў трох Асобах — Айца і Сына, і Святога Духа. Большасць сённяшніх вернікаў былі ахрышчаныя яшчэ немаўлятамі, таму гэтыя абяцанні за іх давалі бацькі і хросныя.

Літургія Пасхальнай вігіліі дае магчымасць усім вернікам нанава і ўжо свядома перажыць свой уласны хрост. Гэта адбываецца праз акрапленне асвячанай вадой. За аднаўленне хросных абяцанняў у Святую ноч вернікі могуць атрымаць поўны адпуст.

Завяршаецца Пасхальная вігілія Эўхарыстычнай літургіяй, у якой зноў здзяйсняецца тая самая ахвяра, якую Хрыстус прынёс на крыжы за збаўленне свету, але ўжо без праліцця крыві, а ў выглядзе хлеба, які становіцца сапраўдным Целам Хрыста, і віна, якое становіцца Яго сапраўднаю Крывёю.

Адразу пасля Вігіліі або на світанні адбываецца Рэзурэкцыйная працэсія, у якой вернікі ідуць за сваім уваскрослым Панам. Гэта — сімвал зямнога вандравання Божага народа, які кіруецца ў Нябеснае Валадарства. Менавіта Уваскрасенне Хрыста адкрыла туды ўваход для ўсіх, хто ў Яго верыць.

Фота Ірыны Дашчэчкі

Абноўлена 11.04.2020 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця