Пошук

02.04.2021 07:07   Catholic.by
Фота: Рinterest.com

У Вялікую пятніцу нідзе ў свеце не цэлебруецца Эўхарыстыя. У гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей.

Хоць перыяд Вялікага посту ўжо завяршыўся, аднак у дзень смерці Хрыста вернікі абавязаны пасціць: неабходна ўстрымлівацца ад мясных страваў і толькі адзін раз на працягу дня можна паесці дасыта, хоць дазваляецца спажыць крыху ежы таксама раніцай і вечарам.

Фота з адкрытых крыніц

У гэты дзень адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху, адно з якіх з удзелам Папы праходзіць у рымскім Калізеі — старажытным амфітэатры, што стаў месцам крывавага мучаніцтва тысяч хрысціянаў, якіх жорстка пераследавалі і забівалі на пачатку нашай эры.

У Беларусі вернікі могуць прайсці Крыжовым шляхам на Кальварыях на ўлонні прыроды, напрыклад у Гудагаі, Мосары ці пад Мядзелам.

Гэтыя месцы культу можна знайсці нават на электронных картах у навігатарах.

Фота Віктара Ведзеня

Увечары ў гэты дзень ва ўсіх касцёлах адбываецца набажэнства Адарацыі святога Крыжа.

Выйшаўшы да алтара, святары кладуцца перад ім крыжам і пэўны час моляцца ў маўчанні разам з вернікамі, якія кленчаць.

Пачынае набажэнства Вялікай пятніцы літургія Слова і доўгая малітва ў 10-ці розных інтэнцыях: за Святы Касцёл, за Папу, за ўсе станы духавенства і вернікаў, за катэхуменаў, за адзінства хрысціянаў, за жыдоў, за тых, хто не верыць у Хрыста, за тых, хто не верыць у Бога, за тых, хто кіруе дзяржавамі, за церпячых.

Пасля гэтай малітвы святар уносіць крыж, захінуты ў фіялетавую тканіну, і, узняўшы яго, паступова здымае тканіну, тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Вернікі адказваюць: «Пойдзем з паклонам».

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Потым святар ушаноўвае крыж, а за ім гэта робяць усе вернікі. Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі крыж ушануе пацалункам толькі святар, а ўсе астатнія ўдзельнікі адарацыі аддадуць пашану Укрыжаванаму ўкленчваннем.

За ўдзел у адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу можна атрымаць поўны адпуст.

Пасля пакланення Крыжу адбываецца ўдзяленне Камуніі, і святыя Эўхарыстычныя дары пераносяцца ў сімвалічную грабніцу, дзе застануцца да заканчэння Пасхальнай Вігіліі.

Фота Ірэны Ахрамовіч

Гэтая «грабніца Хрыста», зазвычай прыгожа аздобленая кветкамі, застаецца адзіным асветленым месцам у касцёле, а ўсё іншае святло гасіцца.

Вернікі застаюцца перад ёй у малітве і адарацыі на доўгі час — некаторыя нават на ўсю ноч.

Ахвяраванні, сабраныя ў касцёлах падчас адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу, прызначаюцца на патрэбы святыні Гробу Пана ў Ерузалеме.

Абноўлена 07.04.2023 08:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа