Пошук


29 сакавіка, у Вялікі чацвер, раніцай у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся ўсе святары, якія нясуць служэнне ў Мінскай вобласці, каб разам са сваім пастырам, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, у святой Імшы Хрызма цэлебраваць успамін устанаўлення сакрамэнту святарства.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі ўзялі ўдзел таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Хрыстус Пан устанавіў святарства і Эўхарыстыю падчас Апошняй Вячэры, калі на заканчэнне свайго зямнога шляху ў апошні раз спажываў Пасху са сваімі вучнямі.

Падчас Імшы Хрызма мінская катэдра таксама стала падобнай на вялікі Вячэрнік, у якім святары, нібы апосталы, сабраліся за Эўхарыстычным сталом Пана на чале са сваім біскупам, які ў гэты дзень асаблівым чынам засяродзіўся на велічы святарскага служэння і паклікання, а таксама звярнуў увагу на складанасці, што стаяць перад святарамі ў сучасным секулярызаваным свеце, асабліва ў сферы выхавання моладзі.

У сваёй гаміліі на тэму «Выхаванне моладзі — актуальнае заданне Касцёла», арцыбіскуп нагадаў духавенству, што ў Касцёле на Беларусі 2018 год абвешчаны Годам моладзі, «што само па сабе заклікае нас засяродзіцца над значэннем яе выхавання ў наш час, калі хвалі цунамі амаральнасці вельмі моцна пагражаюць ёй».

Хоць асноўнае роля ў выхаванні належыць бацькам, «святар, паводле даручанай яму Хрыстом місіі абвяшчаць Божае слова ўсім народам (пар. Мц 28, 19), з’яўляецца адказным за духоўнае выхаванне моладзі».

«Ніхто і нішто не можа замяніць жывога слова і сведчання спецыяльна пакліканага для гэтага і ўмацаванага моцаю сакрамэнту святарства пастыра», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён нагадаў, што папа Францішак у кастрычніку склікае Сінод Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», паколькі Касцёл як настаўнік і абаронца маральнасці не можа абыякава назіраць за негатыўнымі з’явамі, што адбываюцца ў галіне выхавання маладога пакалення.

«Жыццё паказвае, што неабходны новы падыход у адносінах Касцёла да моладзі, каб яна адышла ад тэндэнцыі жыць так, „як усе жывуць“, і плысці па цячэнні замест таго, каб плысці супраць цячэння і шукаць новых жыццёвых шляхоў.

Неабходна засяродзіцца над тым, як дапамагчы ёй даць рады сённяшнім выклікам, найбольш небяспечным з якіх з’яўляецца бясплодная культура спажывальніцтва і прагі задавальненняў», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён заклікаў святароў быць даступнымі для моладзі, якая, на думку іерарха, з удзячнасцю на гэта адгукнецца. «На жаль, мы не заўсёды ўсведамляем, што ў нашых парафіях ёсць моладзь, якая шукае пастыра. Праблема ў тым, што як сама моладзь, так і грамадства сёння іншае, чым было яшчэ зусім нядаўна. А мы, пастыры, нярэдка жывём учарашнім днём і не заўсёды адпаведна адказваем на іх новыя патрабаванні. У выніку чаго не ведаем, як дапамагчы маладым людзям не згубіцца ў жыцці».

У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў гісторыі Касцёла евангелізацыя і катэхізацыя заўсёды былі адказам на выклікі часу, а дактрына пры гэтым заставалася нязменнай. «Добрая Навіна заўсёды застаецца той самай, аднак спосабы яе абвяшчэння могуць змяняцца ў залежнасці ад выклікаў часу», — даў параду сваім святарам арцыпастыр.

«Трэба пазнаваць свет, у якім жыве моладзь. Калі мы не ведаем маладых, то баімся ісці да іх, бо яны нас не зразумеюць. А калі мы не пойдзем да іх, то яны застануцца сам-насам са сваімі праблемамі, а мы будзем аддаляцца ад іх», — падкрэсліў арцыбіскуп.

На яго думку, моладзь будзе слухаць святароў, калі тыя звернуцца да свету перажыванняў і праблем юнакоў і дзяўчат і пачнуць прамаўляць на даступнай ім мове.

«Моладзь хоча, каб Касцёл глядзеў наперад, выйшаў па-за свае муры, чыста касцёльнае асяроддзе і структуры. Моладзь патрабуе суправаджэння, ёй патрэбны лідары, якія як паплечнікі будуць ісці разам з ёю. Такімі лідарамі павінны быць бацькі, аніматары і найперш святары», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Вялікі чацвер >>>

Падчас Імшы Хрызма былі асвячаны алеі, неабходныя для цэлебрацыі некаторых сакрамэнтаў. У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй Касцёла, перад заканчэннем эўхарыстычнай малітвы арцыбіскуп здзейсніў благаслаўленне алея хворых, а пасля Камуніі кансэкраваў Хрызма — алей, ад якога атрымала назву сама гэтая літургічная цэлебрацыя. Хрызма — натуральны аліўкавы алей з дадаткам каштоўнага араматычнага бальзаму — выкарыстоўваецца падчас сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, пры пасвячэнні святароў і біскупаў, а таксама пры дэдыкацыі касцёлаў і алтароў.

Пасля Імшы адбылася традыцыйная перадсвяточная сустрэча святароў, на якой арцыбіскуп падзякаваў ім за служэнне, асабліва насычанае ў перыяд Вялікага посту.

 

Абноўлена 29.03.2018 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.