Пошук

29.03.2018 11:51   Catholic.by

«Зробім усё магчымае і смела пойдзем на перыферыі духоўнага жыцця моладзі, каб гэты год прынёс як мага больш духоўнага плёну», — адзначае Мітрапаліт.

29 сакавіка 2018 г.

Выхаванне моладзі — актуальнае заданне Касцёла

Глыбокапаважаныя святары!

1. У Вялікі чацвер Касцёл заахвочвае нас засяродзіцца над сакрамэнтамі святарства і Эўхарыстыі, якія Езус устанавіў падчас Апошняй Вячэры.

У Касцёле ў Беларусі 2018 год абвешчаны Годам моладзі, што само па сабе заклікае нас засяродзіцца над значэннем яе выхавання ў наш час, калі хвалі цунамі амаральнасці вельмі моцна пагражаюць ёй. Першымі выхавальнікамі дзяцей і моладзі з’яўляюцца бацькі. Асаблівае значэнне адыгрываюць школа, універсітэт і ўсё асяроддзе.

Вядома таксама, што выхаванне павінна быць усебаковым і шматвектарным. Яно не можа абмяжоўвацца толькі фізічным, інтэлектуальным і культурным напрамкамі, але павінна ўключаць у сябе і духоўны элемент. Чалавек — гэта не толькі цела, але і душа, і яна патрабуе свайго. Нездарма Езус вучыць, што чалавек жыве не толькі хлебам, але і кожным словам, якое выходзіць з Божых вуснаў (пар. Мц 4, 4). Таму святар, паводле даручанай яму Езусам Хрыстом місіі абвяшчаць Божае слова ўсім народам (пар. Мц 28, 19), з’яўляецца адказным за духоўнае выхаванне моладзі.

Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце значэнне аўтарытэтаў з дня на дзень памяншаецца і іх ролю часта пераймаюць медыя, артысты, палітыкі, бізнесмены, спартсмены і інш., тым не менш ніхто і нішто не можа замяніць жывога слова і сведчання спецыяльна пакліканага для гэтага і ўмацаванага моцаю сакрамэнту святарства пастыра.

Гэта асабліва важна ў наш час, калі ў выхаванні маладога чалавека назіраюцца небяспечныя тэндэнцыі адыходу ад трывалай і выпрабаванай тысячагоддзямі сістэмы маральных каштоўнасцяў. Незаўважальна ў сістэму школьнага і ўніверсітэцкага выхавання ўводзяцца паняцці і практыкі, якія яшчэ зусім нядаўна лічыліся дэмаралізуючымі, сярод якіх асаблівае месца займае не згоднае з маральным законам сексуальнае выхаванне і прапаганда гендарнай ідэалогіі.

2. Каб адказаць на гэтыя і падобныя пытанні і дапамагчы сучаснай моладзі, папа Францішак склікае чарговы XV Сінод Біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане 3-28 кастрычніка 2018 г. на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Касцёл, як настаўнік і абаронца маральнасці, не можа стаяць побач і абыякава назіраць за негатыўнымі з’явамі, што адбываюцца ў галіне выхавання, якія толькі ўскладняюць сітуацыю. Першасная роля ў гэтым належыць святарам і таксама катэхізатарам і выхавальнікам, якія супрацоўнічаюць з імі. Таму сённяшняе наша разважанне прысвецім ролі святара ў выхаванні моладзі.

3. У працэсе выхавання неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на тое, што сучасны веруючы чалавек часта схільны да выбарачнага захоўвання Божага закону і рэлігійных практык. Так, напр., ён ахвотна прымае ўдзел у святкаванні Божага Нараджэння ці Пасхі, але ў той жа час яму не падабаецца вучэнне аб захаванні духоўнай чысціні ці сужэнскай вернасці.

Такая з’ява пагражае небяспечнымі наступствамі, бо выбарачнае прыняцце маральных прынцыпаў уводзіць чалавека ў стан нявызначанасці і блытаніны і вядзе да духоўнага хаосу. Гэта, у сваю чаргу, перашкаджае яго паўнавартаснаму развіццю і засяроджвае ўвагу толькі на замяняльніках шчасця і на задавальненні патрэбаў свету. Між тым для чалавека, асабліва маладога, важным з’яўляецца пачуццё стабільнасці і бяспекі. Таму яму неабходна мудрае суправаджэнне на шляху да сталасці з мэтай умацоўваць веру і распазнаваць своё пакліканне, каб з радасцю яго ажыццяўляць.

Жыццё паказвае, што неабходны новы падыход у адносінах Касцёла да моладзі, каб яна адышла ад тэндэнцыі жыць так, як усе жывуць, і плысці па цячэнні замест таго, каб плысці супраць цячэння і шукаць новых жыццёвых шляхоў. Неабходна засяродзіцца над тым, як дапамагчы ёй справіцца з сённяшнімі выклікамі, з якіх найбольш небяспечным з’яўляецца бясплодная культура спажывецкага і шукаючага задавальненняў грамадства.

Кожная эпоха нясе свае выклікі і цяжкасці ў выхаванні маладога пакалення. Сучасная пазначана тым, што звязаныя з часам сталення праблемы моладзі маюць вельмі вялікае значэнне і ўплываюць на яе пазнейшае дарослае жыццё. Маладыя людзі часта не даюць рады са сваімі праблемамі і шукаюць альтэрнатывы. Яе можа даць Касцёл праз паслугу святара, дапамогі якога шукае моладзь.

Аднак у той жа час Касцёл павінен быць належным чынам падрыхтаваны да гэтай складанай місіі. Аб гэтым вельмі добра сведчыць перадсінадальны форум моладзі, які адбыўся ў Ватыкане 18-25 сакавіка г.г. і які сусветныя медыя ўжо ахрысцілі «Сінодам моладзі». Прапановы маладых людзей з усяго свету заклікаюць да новай ацэнкі і аднаўлення сучаснага стану душпастырства моладзі і крытычнага погляду на яго, бо яно становіцца ўсё больш неадпавядаючым сучасным патрабаванням (пар. https://ekai.pl/musimy-zweryfikowac-ksztalt-duszpasterstwa-mlodziezy/). Неабходна, кажучы мовай Другога Ватканскага Сабору, яго «aggiornanento» ці прыстасаванне да патрабаванняў нашага часу.

4. Што можна прапанаваць у душпастырстве моладзі?

Ключавым элементам з’яўляюцца асабістыя адносіны паміж выхавальнікам і маладым чалавекам. Калі такой сувязі няма, то ў праблемнай сітуацыі ён сам сабе не дасць рады. Гэта зваротны пункт у жыцці маладога чалавека, бо калі ён уваходзіць у дэструктыўнае асяроддзе, то адсутнасць такіх адносін можа прывесці да трагедыі.

Таму ў душпастырстве моладзі неабходна быць даступнымі ёй. Моладзь гэта ўшануе і будзе ўдзячнай. Калі нехта сапраўды хоча працаваць з маладымі людзьмі, то магчымасці настолькі вялікія, што не хопіць сіл. Таму неабходна самым сур’ёзным чынам заняцца моладдзю.

На жаль, мы не заўсёды ўсведамляем, што ў нашых парафіях ёсць моладзь, якая шукае пастыра. Праблема ў тым, што як сама моладзь, так і грамадства сёння іншае, чым было яшчэ зусім нядаўна. А мы, пастыры, нярэдка жывём учарашнім днём і не заўсёды адпаведна адказваем на іх новыя патрабаванні. У выніку чаго не ведаем, як дапамагчы маладым людзям не згубіцца ў жыцці.

Хрыстус кажа, што «сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення» (Лк 16, 8). Гэтыя словы Збаўцы актуальныя і ў наш час. Велізарныя карпарацыі дзень і ноч думаюць над тым, як прадаць свой тавар. Ці ў нас, святарах, існуе такая самая дэтэрмінацыя? Ці мы сапраўды клапоцімся аб тым, як данесці праўду збаўлення маладым?

Паглядзім, як шмат высілкаў мы пакладаем, каб арганізаваць адвэнтавае ці велікапоснае чуванне моладзі, у якіх сапраўды бярэ ўдзел вялікая колькасць юнакоў і дзяўчат. Гэтыя сустрэчы, таксама як «Музычная майстэрня», малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы і іншыя, вельмі патрэбныя і прыносяць шмат духоўнага плёну. Але разам з гэтым паглядзім і спытаемся ў сябе: чаму так мала людзей прымае ўдзел у катэхізацыі пасля першай споведзі і Камуніі? Чаму мала людзей удзельнічае ў парафіяльных сустрэчах моладзі? Чаму мала валанцёраў у нашых парафіях і дабрачынных арганізацыях? Не трэба ехаць далёка, бо ўсё адбываецца на месцы, а моладзь не грашыць шматлікасцю прысутнасці. Яе віна? А можа, нас, святароў? Можа, мы не ўмеем або не імкнёмся прадставіць моладзі такія прапановы, якія адпавядаюць яе патрэбам?

Таму мы павінны паставіць сабе пытанні: ці маем мы адпаведныя прапановы для сучаснай моладзі? Калі сучасны малады чалавек жыве ў эпоху фэйсбука, смартфонаў і камп’ютарных гульняў, то з чым мы ідзём да яго?

У сувязі з гэтым можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: ці не прыйшоў час евангелізаваць у стылі, які ўспрымае моладзь? Адказваючы на гэтае пытанне, трэба сказаць, што ў гісторыі Касцёла евангелізацыя і катэхізацыя заўсёды была адказам на выклікі часу, аднак дактрына заставалася нязменнай. Добрая Навіна заўсёды застаецца той самай, аднак спосабы яе абвяшчэння могуць змяняцца ў залежнасці ад выклікаў часу.

Але як гэта ўчыніць? На жаль, у гэтай галіне мы часта жывём як быццам у мінулым стагоддзі. А маладога чалавека неабходна зачараваць ужо самой назвай сустрэчы.

Для яго больш цікавай будзе назва, напр., «Жыццёвы enter» са знакам «←», як на камп’ютары, чым, напр., «Уводзіны да Святога Пісання». Божае слова вядзе да духоўнага жыцця, аднак ці толькі гэтае сцвярджэнне так моцна прыцягвае сучаснага маладога чалавека? З упэўненасцю трэба сказаць, што ён хутчэй адчуе заклік да пазнання Божага слова праз сучасныя сімвалы, асабліва лічбавыя тэхналогіі.

Цікавым і сучасным будзе, напр., заклік «Перамажы самога сябе» з выявамі славутага спартсмена ці чалавека, які спавядаецца. Спартсмен, каб стаць чэмпіёнам, павінен перамагчы самога сябе. Так павінен паступіць і грэшнік, падобна як паступіў марнатраўны сын, які сказаў: зграшыў, але ўстану і пайду (пар. Лк 15, 11-32).

4. Асаблівае значэнне мае праблема мовы, якой мы прамаўляем да моладзі. Тут не ідзе гаворка пра ненарматыўную лексіку, якой не можам прыняць. Тут існуе праблема перадачы Евангелля. Як пастыры, мы павінны задаць сабе пытанне: што мы ведаем пра жыццё сучаснай моладзі? Ці яго пазнаём? Ці імкнёмся на зразумелай ім мове перадаваць Божае слова?

Аднак мы не зможам размаўляць іх мовай, калі не ведаем іх культуры. Таму трэба пазнаваць свет, у якім жыве моладзь. Калі ў такім сэнсе мы не ведам маладых, то баімся ісці да іх, бо яны нас не зразумеюць. А калі мы не пойдзем да іх, то яны застануцца самі са сваімі праблемамі, а мы будзем аддаляцца ад іх.

А гэта ўжо сур’ёзны недахоп нашага пастырства, бо ў пастырстве моладзі, як і ў кожным іншым, заўсёды існуе зваротная сувязь. У сувязі з чым неабходна паставіць сабе пытанне: ці ў нашым мысленні, жывучы ў дзвюх розных рэчаіснасцях, мы не аддаляемся ад моладзі з-за таго, што баімся быць незразуметымі?

Моладзь будзе нас слухаць, калі будзем прамаўляць мовай іх праблем і зваротам да свету іх перажыванняў. Падчас перадсінадальнага форуму моладзь паставіла ясны пастулат: а менавіта, што неабходна змена мовы. Пра Езуса неабходна казаць той мовай, якой аб Ім кажа моладзь, а не выкарыстоўваць складаныя канцэпцыі, якіх яна не разумее (пар. https://ekai.pl/musimy-zweryfikowac-ksztalt-duszpasterstwa-mlodziezy/).

5. Касцёл не з гэтага свету, але ў гэтым свеце. Таксама і хрысціянін, жывучы ў рэальным свеце, павінен быць сведкам нябачнага Бога. Калі святло веры не будзе пранікаць у свецкі і нерэлігійны свет, а гэта адбываецца найперш праз культуру, то хрысціянства не выканае да канца сваю місію быць носьбітам збаўлення ў новай рэчаіснасці.

Таму кожнае пакаленне святароў павінна вучыцца жыць і служыць у свеце, які пастаянна змяняецца, што нялёгка. Адны заданні стаялі перад нешматлікімі святарамі ў часы ганенняў. Сёння новыя, калі ўжо недастаткова перадаваць рэлігійную традыцыю, але неабходна вучыць жыць жывой верай у новых абставінах культуры, якая спіхвае Бога на перыферыю жыцця. Ці мы, як святары, гатовыя прадставіць евангельскае пасланне так, каб яно рэальна змяніла жыццё маладых людзей?

6. У вырашэнні гэтай праблемы вельмі важным з’яўляецца хрысціянскае сведчанне і яго практычнае прадстаўленне. Бізнесмены добра ведаюць, што недастаткова мець добры тавар — яго яшчэ неабходна добра прадставіць. Коратка кажучы, патрэбна рэклама. Патрэбна яна і ў нашым святарскім сведчанні.

Сучасны малады чалавек у харчаванні часта карыстаецца фастфудамі. Яго цяжка пераканаць, што просты гарохавы суп здаравейшы, чым чызбургеры ці чыпсы, якія запіваюць пепсі-колай. Таму праблема не ў тым, што няма добрай ежы, але ў тым, што не ўмеем зрабіць добрай рэкламы, напр., для гарохавага супа ці баршчу, каб па іх людзі выцягвалі рукі. Падобна і са справай евангелізацыі.

Моладзь хоча, каб Касцёл глядзеў наперад, выйшаў па-за свае муры, чыста касцёльнае асяроддзе і структуры. Моладзь патрабуе суправаджэння, ёй патрэбны лідары, якія плячо ў плячо будуць ісці разам з ёй. Такімі лідарамі павінны быць бацькі, аніматары і найперш святары (пар. https://ekai.pl/musimy-zweryfikowac-ksztalt-duszpasterstwa-mlodziezy/).

Наступнай праблемай душпастырства моладзі з’яўляецца негатыўны вобраз Касцёла і святароў, які ўсё часцей прадстаўляе сучасны свет. Трэба прызнаць, што не ўсё духоўныя асобы — анёлы, але няўзброеным вокам бачныя негатыўныя і запланаваныя тэндэнцыі, што адмоўна ўплывае на ўспрыняцце Касцёла моладдзю.

Дапамагчы ў змене ўспрымання Касцёла і святара можа наша аўтэнтычнае святарскае сведчанне. Моладзь нас будзе ацэньваць не па якасці нашай машыны ці нашага адзення, але па якасці нашага служэння.

Моладзь жыве інтэрнэтам, кіно, тэатрам, часопісамі, канцэртамі, субкультурай і г.д. Мы павінны пазнаць і зразумець гэты свет, каб выкарыстаць яго ў нашым пастырстве, а не перакрэсліваць.

Вельмі важным у душпастырстве моладзі з’яўляецца асоба святара і яго адданасць гэтай справе. Праца з моладдзю распачынаецца з малой групы, якая складаецца з некалькіх чалавек. Калі яны атрымаюць цікавыя прапановы, то прывядуць іншых, і група пачне расці. Моладзевыя парафіяльныя групы растуць не столькі дзякуючы развешаным плакатам, хаця яны маюць сваё вельмі важнае і пазітыўнае значэнне, але найперш дзякуючы таму, што адзін прыводзіць другога. Калі святар мае добрую волю, не шкадуе часу, шукае новых ідэй і сам адкрыты на моладзь, то ніхто не перашкодзіць ёй прыйсці да яго.

Пры гэтым моладзь неабходна акцэптаваць і ў ёй бачыць Богам створаных асобаў, якімі з’яўляемся і мы. Неабходна імкнуцца і да таго, каб моладзь узаемна ўспрымала нас, святароў, чаму дапамагае непасрэдны стыль адносін да яе. Узаемнае ўспрыняцце з’яўляецца фундаментальным элементам евангелізацыі.

На жаль, мы, святары, нярэдка хварэем на хваробу месіянізму. Мы прадстаўляем сябе як вельмі важных і тых, якія ўсё ведаюць. Наракаем на занятасць да такой ступені, што не маем дастаткова часу на новыя пастырскія ініцыятывы, у тым ліку і ў душпастырстве моладзі.

У той жа час папа Францішак вучыць, што мы пакліканы не да таго, каб замяняць Хрыста, але каб плячо ў плячо разам з Ім працаваць, заўсёды памятаючы, што не займаем Яго месца. Таму мы з’яўляемся не месіямі, але тымі, якія пакліканы служыць, у чым і праяўляецца наша ўлада. Нашы супольнасці патрабуюць не сяржантаў, якіх дастаткова ў войску, але сапраўдных слугаў (пар. http://www.fronda.pl/a/papiez-do-kleru-nie-jestesmy-mesjaszem,105567.html/), якія дзейнічаюць «In persona Christi» — «У асобе Хрыста», як вучыць Другі Ватыканскі Сабор (пар. LG 10).

7. Год моладзі як надзеі Касцёла і грамадства, які мы перажываем, не павінен прайсці проста так, не пакідаючы ніякага следу. Гэта час ласкі, і яго неабходна выкарыстаць адпаведным чынам, бо яшчэ так шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангелля.

Святы Айцец Францішак заклікае ісці на перыферыю. Гэтай перыферыяй з’яўляюцца не толькі далёкія і малыя парафіі, але маладыя людзі, якія не ведаюць малітвы «Ойча наш», не кажучы пра праўды веры.

Папа вельмі добра прачытаў знакі часу і адчуў гістарычны момант, у які мы жывём. Менавіта таму ён кажа, што Касцёл павінен знаходзіцца ў руху і ісці наперад. У такім Касцёле асаблівая роля належыць моладзі, якая гатовая ісці наперад і ісці хутчэй за старэйшае пакаленне (пар. https://ekai.pl/musimy-zweryfikowac-ksztalt-duszpasterstwa-mlodziezy/). Хаця, як кажа той жа Пантыфік, калі моладзь паклікана адчыняць дзверы ў будучыню, то ключы ад іх знаходзяцца ў старэйшых (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/homilies/2018/documents/papa-francesco_20180202_omelia-vita-consacrata.html). Гэта азначае, што таксама неабходна цеснае супрацоўніцтва паміж старэйшым пакаленнем, асабліва святарамі, і моладдзю.

8. Дарагія браты ў святарстве!

Прадстаўленыя ў гэтым традыцыйным Слове да святароў на Вялікі чацвер прапановы не з’яўляюцца вычарпальнымі. Іх задачай з’яўляецца дапамагчы ў арганізацыі пастырства нашай моладзі, якая часта знаходзіцца на скрыжаванні жыццёвых шляхоў і маральна заблукала, але адначасова шукае праўды Евангелля, каб на ёй будаваць сваю будучыню.

Зробім усё магчымае і смела пойдзем на перыферыі духоўнага жыцця моладзі, каб гэты год прынёс як мага больш духоўнага плёну.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці святароў і Апякунцы моладзі, — на гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, + і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium» (LG).
2. http://www.fronda.pl/a/papiez-do-kleru-nie-jestesmy-mesjaszem,105567.html/.
3. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/homilies/2018/documents/
papa-francesco_20180202_omelia-vita-consacrata.html.
4. https://ekai.pl/musimy-zweryfikowac-ksztalt-duszpasterstwa-mlodziezy/.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа