Пошук

13.03.2018 19:30   Catholic.by
Архіўнае фота

13 сакавіка вечарам у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у асісце канонікаў Мінскага катэдральнага капітула цэлебраваў святую Імшу з нагоды пятай гадавіны абрання папы Францішка на Святы Пасад.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў гісторыю абрання наступніка св. апостала Пятра пасля адрачэння папы Бэнэдыкта XVI. Тады трон Князя апосталаў заняў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыё Берголіа. Сімвалічная, па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, назва біскупскай сталіцы, адкуль прыйшоў новы Пантыфік, — Буэнас-Айрэс, што можна перакласці як «новае, свежае паветра». І сапраўды, дадаў іерарх, новы Папа адразу пачаў рэформу касцёльных структур, каб унесці ў яго новы, свежы подых.

Мітрапаліт падкрэсліў і тое, наколькі важным з’яўляецца заклік Папы, каб Касцёл выйшаў па-за сцены малітоўных дамоў і ішоў на перыферыю. Гэтым самым Касцёл зможа лепш выканаць даручанае яму Езусам заданне абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, што вельмі важна ў часы секулярызацыі і жыцця так, як быццам Бог не існуе.

Іерарх таксама засяродзіўся на чытаннях з аўторка чацвёртай нядзелі Вялікага посту. У першым чытанні прарок Эзэхіэль нагадвае пра ваду, якая выплывае з-пад парога святыні. Прарок піша, што там, куды ўвойдзе паток гэтай вады, усё будзе жывым. Гэта, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, алюзія да патоку жывой вады, якой з’яўляецца Божая ласка, што мы атрымліваем у святых сакрамэнтах, якія цэлебруюцца ў Касцёле.

«Кожны з нас добра ведае, якой праблемай з’яўляецца экалагічны крызіс, — адзначыў Мітрапаліт. — Папа Францішак нагадвае нам, што зямля — гэта наш супольны дом, у якім, на жаль, мы вельмі смецім. Таму вобраз чыстай вады, пра якую кажа Эзехіэль, з’яўляецца вельмі актуальным у наш час. Чалавецтву патрэбна матэрыяльная вада, якая ажыўляе прыроду і самога чалавека, Патрэбна яна і ў якасці Божай ласкі. Толькі Божая ласка, якую мы атрымліваем дзякуючы Божай міласэрнасці, можа перамяніць чалавека».

Святога Айца Францішка, як дадаў арцыбіскуп, «смела можна назваць апосталам Божай міласэрнасці», бо яна «займае асаблівае месца ў яго вучэнні і служэнні».

Евангелле ў літургічным чытанні гэтага дня прадстаўляе чарговы цуд, які здзейсніў Езус. Чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў, знаходзіўся каля купальні Бэтэзда, але не было нікога, хто апусціў бы яго ў купальню, калі там узварушвалася вада. Езус, бачачы яго веру, аздаравіў яго. Гэта здарылася ў шабат. Юдэі былі незадаволеныя гэтым, бо ў шабат забаронена працаваць. Такіх выпадкаў было некалькі. Але Езус казаў, што шабат для чалавека, але не чалавек для шабату.

«Так паступае і Святы Айцец Францішак: ён заклікае заўсёды чыніць дабро, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Адна гісторыя распавядае, як жанчына спавядалася з таго, што не была ў нядзелю ў касцёле на набажэнстве, бо ў яе не было з кім пакінуць хворую дачку. Святар ёй сказаў, што грэх быў бы тады, калі б яна пакінула хворую дзяўчынку без апекі».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі папы Францішка, каб яго высілкі па абвяшчэнню Евангелля дасягнулі перыферыі жыцця кожнага чалавека, а заклік да міласэрнасці парушыў сэрцы людзей з мэтай дапамагчы патрабуючым.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа