Пошук

09.03.2018 20:02   Catholic.by

Архіўнае фота

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 9 сакавіка цэлебраваў вечаровую святую Імшу ў мінскай архікатэдры ў межах малітоўнай праграмы «24 гадзіны для Пана».

Да правядзення малітоўнай акцыі ва ўсіх катэдрах свету, спалучаную з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, заахвоціў Папа Рымскі Францішак.

Праходзяць такія набажэнствы і ў касцёлах Беларусі.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што галоўнай думкай чытанняў пятніцы ІІІ тыдня Вялікага посту з’яўляецца навяртанне.

У першым чытанні прарок Осія заклікае Ізраэль вярнуцца да Бога, як да Таго, хто яго любіць. У Евангеллі Езус на пытанне кніжніка, якая запаведзь самая галоўная, адказаў, што першая — любіць Бога, а другая — любіць бліжняга, як самога сябе. Кніжнік згаджаецца з гэтым, і Езус кажа яму, што ён блізка да Божага Валадарства.

Дзесяць Божых запаведзяў — гэта праграма жыцця чалавека, якая павінна прывесці яго да вечнага шчасця. Усе Божыя запаведзі раздзелены на дзве часткі. Першая — з першай па трэцюю запаведзь — рэгулюе адносіны чалавека да Бога. Другая — з чацвёртай па дзясятую — рэгулюе адносіны паміж людзьмі.

Як адзначыў іерарх, яднае гэтыя запаведзі любоў да Бога і бліжняга.

«Першы закон заклікае любіць Бога, другі — бліжняга. Хрыстус аддае першынство Богу. У той самы час любоў да бліжняга вядзе да любові да Бога, бо, як кажа святы апостал Ян, як можна любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Праграмай жыцця кожнага чалавека павінна быць двайная любоў — да Бога і да бліжняга. А яна будзе тады, калі мы ў духу навяртання вернемся да захавання Божага закону», — сказаў арцыбіскуп.

У Вялікі пост, як зазначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, мы разважаем аб цярпеннях Езуса дзеля нашага збаўлення.

Перад сваёй крыжовай мукай Хрыстус ідзе ў Аліўны сад, каб маліцца. Ён бярэ з сабой трох вучняў: Пятра, Яна і Якуба — тых самых, якіх узяў на гару Табор, дзе перамяніўся. Падчас малітвы ў Аліўным садзе Езус абліваўся крывавым потам, а яго вучні ў гэты час спалі. Потым Езус іх дакараў, чаму яны не маглі чуваць з Ім.

«Святы Айцец ставіць падобнае пытанне нам, людзям XXI стагоддзя, якія не маюць часу на малітву і нярэдка лічаць яе пустой стратай часу.

Такім чынам Папа заклікае нас знайсці час на малітву, якая з’яўляецца духоўным паветрам. Без доступу паветра чалавек задыхнецца і памрэ. Таксама і без малітвы чалавек задыхаецца духоўна і памірае. Мы жывём і, можа, нават вельмі здаровыя целам, але ў той жа час як шмат з нас памерлых духоўна!»

Іерарх пажадаў вернікам, каб гэты час малітвы, Крыжовага шляху і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту дапамог ім у ажыццяўленні галоўнай мэты Вялікага посту — навяртання, каб сапраўды любіць Бога і бліжняга.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа