18 лютага 2018 г. у вёсцы Вынішчы, былых Вынісцах на Случчыне, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў святую Імшу падзякі ў юбілейную 75-ю гадавіну ацалення вёскі ад карнікаў.
Люты 1943 года на Случчыне, і не толькі, быў гарачым месяцам. І не таму, што на дварэ стаяла адліга. З-за актывізацыі ў гэты час дзейнасці партызанаў гітлераўскія карнікі пачалі масава знішчаць вёскі.
Відаць, такі самы лёс чакаў і Вынішчы: у раёне тут і там ужо палалі вёскі. Ратунку можна было чакаць толькі ад Бога. І тады па натхненні звыш мясцовыя мужчыны за адзін дзень зрабілі драўляныя крыжы, а жанчыны саткалі палатно, з якім абышлі вакол вёскі, ставячы на кожным уездзе крыж. Усяго было пастаўлена пяць крыжоў. Гэта адбылося 19 лютага.
У бліжэйшыя дні ў наваколлі было спалена дзевяць вёсак, але Вынісцы ацалелі. З таго часу вяскоўцы штогод дзякуюць Богу за тое цудоўнае ўратаванне.
У першую нядзелю Вялікага посту ў касцёле ў Вынішчах сабраліся амаль усе мясцовыя парафіяне. З іх некаторыя яшчэ памятаюць, што адбывалася тут у вайну, хоць у той час былі яшчэ дзецьмі. І сёння, праз 75 гадоў, яны шчыра дзякуюць Богу за цуд, сведкамі якога сталі ў далёкім 43-м…
На пачатку Імшы пробашч парафіі Св. Барбары ў Замосці, які з’яўляецца душпастырам таксама ў дзвюх суседніх вёсках — Вынішчах і Леньках, кс. Дзмітрый Дубовік шчыра прывітаў біскупа Юрыя Касабуцкага, які ўжо ў другі раз наведаў мясцовую супольнасць. Даведаўшыся падчас візітацыі пра цуд, які адбыўся ў гэтай вёсцы, іерарх пажадаў разам з мясцовай супольнасцю падзякаваць за яго Богу ў юбілейную гадавіну ацалення. Да гэтага вялікага духоўнага свята маленькай вёскі далучыліся таксама дэкан Нясвіжскага дэканату кс. канонік Пётр Шарко і кс. Кірыл Бардонаў, дырэктар інтэрнэт-партала ККББ catholic.by.
У сваёй гаміліі біскуп Юрый засяродзіўся на моцнай веры мясцовых жыхароў, якая іх уратавала. Ён нагадаў, што менавіта ў гэтыя самыя дні, калі Бог захаваў ад знішчэння Вынішчы, у іншай частцы Беларусі, на Верхнядзвіншчыне, карнікі спалілі вёску Росіца і яе жыхароў.
Там у агні загінулі таксама Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра, айцы марыяне, якія адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў і разам з імі прынялі мучаніцкую смерць у палаючай адрыне. Сведчанне іх мучаніцтва, як і ацаленне Вынішчаў — гэта два цуды веры ў Бога, адзінага Валадара жыцця і смерці. Даручыць Богу ўсё жыццё, з пакораю прымаючы Яго святую волю, як зрабілі гэта нашыя продкі ў часы ваеннага ліхалецця, пакліканы таксама і мы, іх нашчадкі.
Умацаваць веру, каб яна была такой жа непахіснай, як і вера продкаў, дапамагае нам перыяд Вялікага посту, які мы цяпер распачалі. Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў вернікаў браць прыклад з Езуса і мужна супрацьстаяць спакусам, з якімі даводзіцца сутыкацца ў жыцці.
На заканчэнне святой Імшы мясцовыя парафіяне ў цёплых і шчырых словах падзякавалі біскупу за супольную Эўхарыстыю, пасля чаго разам з ім памаліліся на вясковых могілках за супакой душаў сваіх пабожных продкаў, ад якіх прынялі дар веры. Дар, які яны як найкаштоўнейшы скарб зберагаюць у сэрцах і перадаюць наступным пакаленням, якія жывуць на свеце дзякуючы таму цуду, што адбыўся тут 75 гадоў таму.