Пошук

19.02.2018 15:07   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

17 лютага ў Росіцы ўзгадалі 75-ю гадавіну подзвігу смерці благаслаўлёных марыянскіх мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

75 гадоў таму з 16 па 19 лютага ў наваколлі Росіцы нямецка-фашысцкімі карнікамі была праведзена акцыя пацыфікацыі пад здзеклівай назвай «Зімовая чароўнасць». На працягу некалькіх лютаўскіх дзён жыхары навакольных вёсак зганяліся ў Росіцу ў касцёл, які быў прызначаны пунктам «сарціроўкі», а самі вёскі спальваліся. Толькі святарам, што служылі тады ў Росіцы — Антонію Ляшчэвічу і Юрыю Кашыру — карнікі падарылі свабоду, але святары пастанавілі застацца разам са сваёй паствай да канца.

На працягу некалькіх дзен яны служылі вернікам, рыхтуючы іх да вечнасці. 17 лютага загінуў айцец Антоні Ляшчэвіч, на наступны дзень — айцец Юрый Кашыра. 13 чэрвеня 1999 г. святы папа Ян Павел II беатыфікаваў іх сярод 108 мучанікаў часоў Другой сусветнай вайны.

Сёлета 17 лютага ў маленькую вёску на памежжы з Латвіяй з’ехалася вялікая колькасць святароў і вернікаў з усёй Беларусі, каб у чарговы раз ушанаваць мужны прыклад адданасці росіцкіх мучанікаў Богу і свайму пакліканню, а таксама прасіць аб патрэбных ласках праз іх заступніцтва.

У гэты дзень у Росіцы адбылася таксама сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі.

Па традыцыі ўсіх тых, хто прыбывае ў гэты дзень у Росіцу, вітае апякун месца мучаніцкай гібелі благаслаўлёных айцец Чэслаў Курэчка МІС. Для кожнага ў яго ёсць цёплая ўсмешка і добрае слова. У прывітальнай прамове на пачатку святой Імшы святар пажадаў усім, каб «прабыванне ў Росіцы стала магчымасцю паглыбіць таямніцу Божай любові».

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі віцебскі ардынарый казаў пра асаблівую прысутнасць Бога ў росіцкім касцёле, адзначаючы, што яна праявілася «асаблівым чынам праз служэнне святароў, якія засталіся, каб Бог быў сапраўды з тымі, хто меўся пайсці ў свой апошні шлях». «Гэтая прысутнасць Езуса Хрыста сярод тых і праз тых, хто Яму служыць, ёсць знакам Яго бязмежнай любові, Яго жадання быць з чалавекам заўсёды там, дзе ёсць чалавек, і асабліва тады, калі чалавек перажывае цяжкія хвіліны ў сваім жыцці. У той дзень і час Ён асаблівым чынам быў з людзьмі», — працягваў іерарх.

 

Узімку росіцкі касцёл вельмі халодны, тут не заўсёды лёгка вытрываць на малітве, але біскуп Віцебскі адзначыў, што «атмасфера залежыць не столькі ад спрыяльных умоў, колькі ад стану нашага сэрца». «Гэтае месца прыцягвае сваёй цеплынёй — цеплынёй той ласкі, якая тут была выслужана і ўмацавана пралітай крывёю. Мы збіраемся ў святым месцы, каб ушанаваць Бога, і ўзгадваем тых, для каго гэтае месца стала апошнім месцам спаткання з Богам на гэтай зямлі. Яны атрымалі гэтую ласку — мець Бога ў сваім сэрцы, і тады Бог быў з імі», — дадаў іерарх.

Кажучы аб подзвігу благаслаўлёных Юрыя і Антонія, біскуп звярнуў увагу, што ім была ўласціва «безумоўнасць у пакліканні». «Іх святарскае жыццё было прызначана дзеля таго, каб у гэтым месцы для тых людзей, што стаялі перад абліччам смерці, паказаць прысутнасць Бога», — заўважыў іерарх, адзначаючы, што яны «сваёй ахвярай праз 75 гадоў мацуюць веру тых, хто прыходзіць на гэтае месца, у гэтую святыню». «Гэта каштоўнасць іх ахвяры, аддадзенай Богу, учыненай у Ягонае імя, дзеля хвалы Божай на карысць іншага чалавека», — сказаў біскуп.

      

Пасля Імшы вернікі і святары з малітвай, несучы ў руках запаленыя знічы, прайшлі ў працэсіі на пляц мучаніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі. Потым гэтыя знічы пакідаюць на пляцы, дзе трапяткія агеньчыкі яшчэ доўга бачныя на снезе. Пляц мучаніцкай гібелі — гэта тое месца, дзе словы малітвы «Будзь воля Твая» набываюць асаблівы сэнс. Кульмінацыяй набажэнства на пляцы была адарацыя крыжа, што ўздымаецца высока ў неба.

З кожным годам у Росіцу прыязджае ўсё большая колькасць пілігрымаў. Менавіта пра іх паклапаціўся пробашч росіцкай парафіі айцец Чэслаў Курэчка, перабудоўваючы на Дом пілігрыма былы дзіцячы садок. Пэўна, у нейкай меры гэта сімвалічна — дзіцячы садок зачынілі, бо Росіца лічыцца «выміраючай» вёскай. Але пакуль пра Росіцу памятаюць, яна ніколі не «памрэ», і замест галасоў мясцовых дзяцей тут будуць чутны галасы дзяцей пілігрымаў.

Таксама пасля Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў Дом пілігрыма. Ён разлічаны на размяшчэнне 16 чалавек, але можна сказаць, што першых пілігрымаў ужо прыняў — менавіта тут іх пасля Эўхарыстыі частавалі абедам, поліўку для якога гатаваў сам айцец Чэслаў Курэчка па сваім адмысловым рэцепце.

Абноўлена 19.02.2018 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.