V Звычайная нядзеля, 4 лютага, у межах візіту беларускіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу ad limina Apostolorum была вольным днём. Па запрашэнні манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанкі) іерархі цэлебравалі святую Імшу ў іх генеральным доме.
Эўхарыстыю ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Варта адзначыць, што заснавальнікамі гэтай жаночай манаскай супольнасці з’яўляюцца благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая і яе дачка Ядвіга. Цэліна нарадзілася пад Оршай, выйшаўшы замуж, жыла ў вёсцы Абрэмшчына ў заневіцкай парафіі на Гродзеншчыне. Харызматам гэтай манаскай супольнасці з’яўляецца хрысціянская адукацыя і выхаванне дзяўчат. Беатыфікацыя Цэліны адбылася 27 кастрычніка 2007 г. у Латэранскай базыліцы ў Рыме.
У сувязі з гэтым Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў, што гэтая манаская супольнасць сваімі каранямі дасягае Беларусі, што сведчыць аб вялікім духоўным патэнцыяле нашай зямлі. Больш за тое, парафія ў Заневічах вядомая шматлікімі святарскімі пакліканнямі; з яе паходзіць і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У Беларусі сёстры змёртвыхпаўстанкі працуюць у парафіі ў Наваполацку.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу на Евангеллі V Звычайнай нядзелі аб аздараўленні цёшчы апостала Пятра. Прадстаўленая евангелістам Маркам сцэна поўная сімвалізму. Евангельскі аповед гэтай нядзелі прадстаўляе Хрыста як вандруючага прапаведніка, за якім ідуць не толькі апосталы, але і шматлікія звычайныя людзі. Браты-апосталы Пётр і Андрэй не толькі захапляюцца вучэннем Езуса, але нават запрашаюць Яго ў свой дом.
Дом Пятра, па словах арцыбіскупа, сімвалізуе іншы дом, а менавіта Касцёл, якога бачнай галавой ён потым стане.
Увайшоўшы ў дом апосталаў, Езус заўважыў, што цёшча Пятра хворая. Тут, адзначыў Мітрапаліт, таксама бачна свая сімволіка. Мы кажам: «Ecclesia sancta et simul peccata» — «Касцёл святы і адначасова складаецца з грэшнікаў». Паводле Евангелля, у цёшчы Пятра была высокая тэмпература, што з’яўляецца чарговым сімвалам. Чалавек з высокай тэмпературай адчувае холад і патрабуе дадатковага накрыцця — коўдры ці цёплага світэра. «Гэтай коўдрай з’яўляецца Касцёл, як сакрамэнт паўсюднага збаўлення, які ахінае ўсіх, і святых, і грэшнікаў», — патлумачыў іерарх.
Яшэ больш сімвалічным, працягваў Мітрапаліт, з’яўляецца той факт, што, калі Езус аздаравіў цёшчу Пятра, яна адразу ўстала і служыла гасцям. Служэнне іншым — гэта, па словах арцыбіскупа, знак праяўлення любові да іх; «Касцёл праз біскупаў, святароў і кансэкраваных асобаў служыць іншым і нікога не адкідвае».
Іерарх звярнуў увагу, што Езус не абмежаваўся толькі аздараўленнем цёшчы Пятра, але, калі прыйшоў вечар, то працягваў аздараўляць хворых, церпячых і апантаных, якіх да Яго прыносілі. Раніцай Ён пайшоў маліцца. Калі апосталы Яму казалі, што многія Яго шукаюць, то Ён адказваў, што павінен ісці ў іншае месца, каб навучаць і аздараўляць. Гэтым самым Ён, па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, паказаў, што прыйшоў да ўсіх і ўсе маюць права звярнуцца да Яго.
«Што Езус хоча нам сказаць у сённяшнім Евангеллі? Да чаго запрашае? Чаго прагне? Найперш таго, каб жыць заўсёды дзейсным і актуальным Божым словам», — падкрэсліў арцыбіскуп. У сувязі з гэтым іерарх дадаў, што нездарма Святы Айцец Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 31 студзеня заклікаў не толькі слухаць Божае слова, але і прымаць яго сэрцам і рэалізоўваць у штодзённым жыцці. «Слова Божае вядзе нас да пазнання Божай праўды і да сакрамэнтаў, у якіх Езус нас аздараўляе», — адзначыў старшыня беларускага епіскапату.
Так, па словах арцыбіскупа, жыла благаслаўлёная Цэліна Бажэнцка, якая, страціўшы мужа, заснавала супольнасць змёртвыхпаўстанак, харызматам якой з’яўляецца перадача хрысціянскай навукі і выхаванне дзяўчат.
«Місія перадачы хрысціянскага вучэння і выхавання з’яўляецца вельмі актуальнай у наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма», — дадаў Мітрапаліт. Пры гэтым іерарх нагадаў словы папы Францішка з яго гаміліі на свята Ахвяравання Пана ў Дзень кансэкраванага жыцця, 2 лютага, аб тым, што вера з’яўляецца не паняццем, якому можна навучыцца з падручнікаў, але мастацтвам жыцця з Богам.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў сёстрам змёртвыхпаўстанкам ажыццяўляць харызмат сваёй заснавальніцы, бо сучасны свет патрабуе не толькі настаўнікаў, але і сведкаў Евангелля. Папа Павел VI, як дадаў Мітрапаліт, вучыць, што свет больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі верыць ім, то толькі таму, што яны найперш з’яўляюцца сведкамі.