Пошук

05.02.2018 09:23   Фота: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё / Catholic.by

Дзень 3 лютага ў межах візіту ad limina Apostolorum быў для беларускіх біскупаў вольным ад наведвання ватыканскіх дыкастэрый.

У гэты дзень паводле падрыхтаванай Ватыканам праграмы беларускія біскупы цэлебравалі святую Імшу ў базыліцы св. Паўла за Мурамі. Гэтая святыня збудавана на месцы мучаніцкай смерці апостала язычнікаў.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, гамілію прамовіў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў у гаміліі, што 3 лютага Касцёл успамінае св. Блажэя, біскупа і мучаніка, набажэнства да якога вельмі распаўсюджана ў Беларусі. У гэты дзень вернікі атрымліваюць благаслаўленне горла так званымі свечкамі св. Блажэя.

«Горла мае вельмі вялікае значэнне ў функцыянаванні чалавечага арганізму. Яно патрэбна не толькі для прымання ежы і доступу патрэбнага для жыцця паветра, але таксама ў ім знаходзяцца галасавыя звязкі, дзякуючы чаму мы можам прамаўляць і словамі выказваць свае думкі, — адзначыў іерарх. — Дар мовы — гэта вялікі дар Бога. Мы вельмі спачуваем глуханямым, бо яны не толькі не чуюць, але і не могуць прамаўляць».

Па словах арцыбіскупа, успамін св. Блажэя «заклікае нас засяродзіцца на выкарыстанні дару мовы». «Ці яна служыць добрым справам і праслаўленню Бога? Бо вельмі часта адбываецца зусім наадварот», — сказаў Мітрапаліт.

«Божы Провід прывёў нас, беларускіх біскупаў, сёння ў базыліку св. апостала Паўла, вядомага свету як апостал язычнікаў», — падкрэсліў іерарх. Арцыбіскуп дадаў, што гісторыя навяртання св. Паўла і яго дзейнасць вельмі павучальныя. Саўл — такім было яго імя, — атрымаўшы добрую адукацыю і будучы фарысеем, пераследаваў хрысціян. Аднак перад брамамі Дамаска стаўся цуд.

Аслеплены незямным святлом, ён упаў з каня і пачуў невядомы голас, які спытаўся: «Чаму ты пераследуеш Мяне?» Саўл у адказ спытаўся, хто звяртаецца да яго, і пачуў, што да яго прамаўляе Хрысус, якога ён пераследаваў.

Саўл нічога не бачыў на працягу трох дзён, але гэтыя тры дні сталі для яго часам адкрыцця яго духоўных вачэй на Божую праўду. Гэта быў час яго навяртання ў хрысціянства.

Па словах Мітрапаліта, нельга казаць, што Павел не быў веруючым: ён быў глыбока веруючым фарысеем, які, аднак, не спазнаў Хрыста. Падзея пад Дамаскам адкрыла яму вочы на Таго, каго ён пераследаваў, так моцна, што з ганіцеля Хрыста ён стаў не толькі Яго паслядоўнікам, але і найбольш вядомым вестуном.

Усім вядомы, як нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, тры апостальскія падарожжы св. Паўла, дзякуючы якім ён занёс Евангелле многім народам.

У сваім вучэнні ён асаблівую ўвагу звяртаў на значэнне збаўчай пасхальнай таямніцы Хрыста, сакрамэнту хросту, Касцёла як Містычнага Цела Хрыста і яго еднасці.

Асабліва шмат увагі прысвячаў розным мясцовым Касцёлам, клапоцячыся аб тым, каб у іх панаваў дух любові і жыцця паводле вучэння Хрыста. Шмат клапаціўся і аб пастаўленых ім біскупах, вучыў іх, як яны павінны паступаць у той ці іншай сітуацыі. «З поўным правам св. апостала Паўла можна назваць голасам сумлення яго часу, якім ён застаецца і цяпер», — заўважыў Мітрапаліт.

«Святы апостал Павел — гэта прыклад бескарыслівага служэння Хрысту і Касцёлу, прыклад служэння біскупаў, — дадаў старшыня беларускага епіскапату. — Ці гатовы мы да апостальскіх падарожжаў на нашай зямлі, якая іх чакае пасля трох пакаленняў ваяўнічага атэізму і наступаючых новых ганенняў ваяўнічага лібералізму?

Ці ставім у цэнтр нашага біскупскага служэння Езуса і справу збаўлення даручанага нашай пастырскай апецы Божага народу? Ці гатовы па прыкладу св. Паўла зносіць усе знявагі, цярпенні і неразуменне сучаснага свету?»

Іерарх заклікаў беларускіх біскупаў адказаць на гэтыя і падобныя пытанні, каб візіт Ad limina не абмежаваўся толькі справаздачай аб пастырскай дзейнасці і ўслухоўваннем у парады ватыканскіх дыкастэрый, але і стаў часам пастырскага навяртання, да чаго біскупаў заклікае папа Францішак з мэтай стаць Паўламі XXI cтагоддзя.

Пасля Імшы беларускія біскупы наведалі дом манаскай супольнасці «Дзейнасць Касцёла». Яе галоўным заданнем з’яўляецца праз евангелізацыю паказаць прыгажосць Касцёла.

Абноўлена 05.02.2018 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа