Пошук

22.01.2018 15:31   Catholic.by

Падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў з 18 па 25 студзеня ў святынях усяго свету адбываюцца сумесныя экуменічныя набажэнствы. Праходзяць такія малітвы і ў касцёлах Беларусі.

Мінская парафія Маці Божай Будслаўскай — прыклад таго, як можна арганізаваць такую малітву на парафіяльным узроўні.

Пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь расказаў Catholic.by пра арганізацыю экуменічнай малітвы і рэакцыю на яе парафіянаў:

«На экуменічную малітву я запрасіў святароў і пастыраў суседніх з нашай парафіяй супольнасцяў. Што вельмі радуе, усе яны адразу згадзіліся прыйсці. Нашы парафіяне ўважліва слухалі прамовы гасцей і кожнага ўзнагароджвалі апладысментамі», — адзначыў святар.

20 студзеня Імшу ў парафіі канцэлебраваў а. Яўген Усошын з Грэка-Каталіцкай Царквы. Прамаўляючы гамілію да вернікаў, ён звярнуў увагу на гістарычны аспект экуменічнай малітвы, адзначыўшы разнастайнасць традыцый у Каталіцім Касцёле.

21 студзеня парафію наведаў протаіерэй Павел Сярдзюк, настаяцель праваслаўнага храма Роўнаапостальнага свяціцеля Мікалая Японскага.

Пасля ранішняй святой Імшы святар звярнуўся да вернікаў з прамовай, у якой звярнуў асаблівую ўвагу на ролю сям’і ў сучасным свеце і важнасць супольнай малітвы.

Пасля літургіі апоўдні перад парафіянамі выступіў намеснік старшыні Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў епіскап Аляксандр Лотараў. Ён падкрэсліў, што вельмі важна запрашаць Хрыста ў сваё жыццё, не марудзячы з гэтым.

«Пан Бог — наша сіла. Таму не будзем саромецца падымаць духоўную планку ў нашым жыцці і ўключаць Бога ў наша жыццё ў новым годзе», — заклікаў пратэстанцкі епіскап.

«Экуменічныя набажэнствы паказалі, што такія сустрэчы патрэбныя. Спадзяюся, мы зможам арганізоўваць іх часцей, а не толькі раз на год», — сказаў кс. Францішак Рудзь.

Абноўлена 22.01.2018 16:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа