Пошук


«Зімна? Зусім не, асабліва, калі ўжо акунуўся. Калі мароз большы, то нават і цяплей», — робячы глыток гарачай гарбаты, бадзёра адказвае нам кс. Францішак Рудзь.

Вецер няўрымсліва гайдае галінкі дрэваў. У зімовых рукавіцах святар трымае тэрмас, на галаве — шапка і капюшон на ёй.

«Акунацца на Вадохрышча я пачаў ізноў гадоў пяць таму, — працягвае святар. — Некаторыя з маіх парафіянаў „маржуюць“ не першы год, таму падтрымка была. У дзяцінстве мы з братамі пасля лазні заўжды беглі да сажалкі, у вёсцы з гэтым прасцей — загартоўваліся адмалку».

«Трэшчы — не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!»

На дварэ мінус два. І ў Мінску гэта куды цяплей, чым колькі дзён таму, калі тэмпература апускалася да мінус 12.

У народным календары Вадохрышча, як правіла, супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год «паварочваўся» на лета. «Трэшчы — не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!» — казалі раней.

«Пасля акунання адчуваеш прыліў бадзёрасці. Я энергетыкаў не спрабаваў, але, мусіць, нешта падобнае — адразу становіцца цяплей. Аднаго разу ў мяне нават тапак адарваўся і нага да снегу прыліпла», — усміхаецца святар.

 

У 2016 годзе Catholic.by ужо пісаў пра акунанне ксяндза. Гэтым разам кампанію пробашчу з парафіі Маці Божай Будслаўскай склаў і адзін з нашых супрацоўнікаў — дыякан Мікола Гракаў.

«Калі вучыўся ў семінарыі, з клерыкамі таксама хадзілі акунацца на Вадохрышча. Сам я „маржую“ гадоў 15, рэкорд — акунанне пры -27 градусах», — прыгадвае дыякан.

«Ад надвор’я залежыць шмат, — кажа кс. Францішак. — Вада ўсюды аднолькавая: +2, +4. Але пакуль акунешся, да палонкі трэба дайсці, а гэта мароз і вецер».

Тым часам паўз альтанку, дзе мы спрабуем сагрэцца, да палонкі-купелі выстрайваецца адмысловая чарга. Большасць — мужчыны. Накрыўшы спіну ручніком, пераступаючы з нагі на нагу, яны нагадваюць пінгвінаў Грэнландыі (якія нават робяць сэлфі).

Большасць акунаецца ў «Ярдань» з галавой, многія пры гэтым жагнаюцца.

Хрысціянства звязвае Вадохрышча з хростам Езуса, калі ў Ярдане Збаўцу хрысціў Ян Хрысціцель. У народнай традыцыі на Вадохрышча людзі акунаюцца ў палонкі-купелі ў знак памяці пра свой хрост. У праваслаўных вернікаў Вадохрышча прыходзіцца на 19 студзеня, у католікаў Хрост Пана — нядзеля пасля ўрачыстасці Аб'яўлення Пана (6 студзеня).

«У католікаў, якія трымаюцца грыгарыянскага календара, на Хрост Пана палонак ніхто не робіць, таму я проста далучаюся да акунанняў на Вадохрышча па праваслаўнай традыцыі. Тым больш праваслаўе і каталіцтва ў нас стагоддзямі суіснуюць разам, шмат змешаных сем’яў», — адзначае кс. Францішак.

«Я раблю гэта ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў», — дадае дыякан Мікола Гракаў.

Афіцыйна:

18 і 19 студзеня ў Мінску абсталявалі 7 пляцовак для акунання, у ліку якіх і Цнянскае вадасховішча (вул. Кальцова). Як расказалі Catholic.by у Цэнтры вадалазна-выратавальнай службы МНС Беларуcі, што на Цнянскім вадасховішчы, штогод на Вадохрышча сюды прыязджаюць каля 1,5–2 тысяч чалавек.

Рыхтаваць месца для акунання тут пачынаюць загадзя. 18 студзеня сюды прыязджае праваслаўны святар, які благаслаўляе «Ярдань». Побач абсталяваны два намёты — мужчынская і жаночая распранальні, дзяжураць дзве брыгады хуткай дапамогі.

На пляцоўцы ўладкавана нават адмысловая лазня — для тых, хто ўжо акунуўся і хоча сагрэцца.

Абноўлена 22.01.2018 13:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа