Пошук

21.01.2024 00:00   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

20 студзеня ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў экуменічнае набажэнства.

У супольнай малітве, да якой далучыўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, узялі ўдзел прадстаўнікі некаторых традыцыйных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.

Перад набажэнствам Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў галоўнай святыні сталіцы.

«Мы молімся аб гэтым адзінстве, якога, як мы ведаем, у рэальнасці няма: ёсць розныя канфесіі, ёсць розныя хрысціянскія супольнасці, дэнамінацыі. Мы па-рознаму ўспрымаем розныя праўды веры, розныя традыцыі. Але мы молімся, каб усе мы мелі адно сэрца, бо ўсе мы молімся аднаму Богу, праслаўляем таго самага Хрыста.

Таму падчас гэтай Імшы я асабліва малюся аб еднасці хрысціянаў, аб еднасці ў нашай краіне паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій, аб еднасці ў нашых сем’ях і аб адзінстве паміж усімі намі», — сказаў на пачатку цэлебрацыі іерарх.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі перадусім адзначыў, што «калі мы кажам пра адзінства хрысціянаў, мы звяртаем увагу на тое, што мы перш за ўсё павінны мець Духа Хрыстовага, Духа Божага ў нашым сэрцы». Разважаючы на падставе біблійных чытанняў пра навяртанне, іерарх сцвердзіў, што яно дае свой плён у хрысціянскім жыцці. Малітва аб адзінстве хрысціянаў, паводле яго, павінна быць спалучана з імкненнем да навяртання і перамены жыцця, што неабходна кожнаму верніку.

«Таксама і для нас гучыць гэты заклік <…>, каб змяніць штосьці ў сабе і старацца набрацца гэтага Духа Хрыстовага, Духа Божага, які дазваляе нам убачыць у іншым чалавеку брата, які дазваляе нам палюбіць іншага чалавека такім, які ён ёсць, з яго слабасцямі, недахопамі; прабачыць іншаму чалавеку… Бо гэта — першыя крокі, якія вядуць да адзінства», — сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля заканчэння святой Імшы да алтара ў працэсіі з крыжам выйшлі ўдзельнікі экуменічнага набажэнства на чале з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. Звярнуўшыся да сабраных у катэдры вернікаў розных канфесій, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, арцыпастыр паведаміў, што дэвізам сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з Евангелля паводле Лукі: «‎Любі Пана Бога твайго <…>, а бліжняга свайго, як самога сябе» (Лк 10, 27). Іерарх дадаў, што матэрыялы для экуменічных малітваў былі падрыхтаваныя хрысціянамі з Буркіна-Фасо ў Афрыцы.

«Гасцям, стомленым падарожжам, там падаюць ваду, каб яны маглі наталіць смагу і абмыць запылены твар. Вітаючы вас, браты і сёстры, мы ахвяруем вам жыватворчую ваду нашай любові і ачышчальную ваду супольнай малітвы.

Сэрцам нашай малітвы з’яўляецца прыпавесць пра міласэрнага самараніна, у якой мы чуем Божы заклік аб любові да Бога і да бліжняга. Давайце падрыхтуемся да сустрэчы з Богам Любові, праславім Яго і падзякуем Яму», — запрасіў удзельнікаў экуменічнага набажэнства арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля гэтага адбылася малітва праслаўлення і падзякі, а потым — чын пакаяння. Усе разам прысутныя ў катэдры супольна ўзнеслі малітву «Святы Божа, святы моцны, святы несмяротны, змілуйся над намі», і выслухалі біблійныя чытанні. Пасля евангельскай прыпавесці пра добрага самараніна да прысутных звярнуліся прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Першым прамовіў найстарэйшы ўдзельнік экуменічнага набажэнства, Апостальскі адміністратар католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Святар зазначыў, што прыпавесць Хрыста звяртае ўвагу вернікаў на любоў да Бога і да бліжняга — «блізкага і далёкага».

«Сёння молімся словамі: „Пане, адкрый нашыя сэрцы для тых, каго мы не заўважаем“. Сапраўды, патрэбна, каб Бог адкрыў нашыя вочы і нашыя сэрцы. Дзякуй Богу, хрысціяне, у тым ліку і ў нашай краіне, Беларусі, робяць шмат, каб заўважыць і адрэагаваць на патрэбы бліжніх: патрэбы матэрыяльныя.

Але застаецца шырокае поле, на якім можна паклапаціцца пра духоўныя патрэбы нашых бліжніх. Поле, на якім можам несці ім Божае слова: слова Божае запісанае ў Бібліі; слова Божае, пра якое мы павінны сведчыць нашымі ўчынкамі і справамі», — сказаў кіраўнік Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ён нагадаў, што наступная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца нядзеляй Божага Слова, і адзначыў, што гэта нагода паўней выкарыстоўваць экуменічны патэнцыял Святога Пісання.

Пастыр Евангельска-Лютэранскай супольнасці з Гродна Уладзімір Татарнікаў у сваёй прамове падкрэсліў важнасць супольнай малітвы хрысціянаў «адно з адным і адно за аднаго». Ён звярнуў увагу на тое, што менавіта любоў і прабачэнне займаюць у гэтым цэнтральнае месца.

Прадстаўнік Біблійнага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Камінскі зазначыў, што гэтае таварыства існуе перадусім дзеля міру, які ўсім людзям нясе Божае слова. Паводле яго, у час, калі паміж людзьмі так шмат варажнечы, малітва аб любові і адзінстве мае вялікае значэнне.

Аляксандр Камінскі падзяліўся сваёю мараю аб тым, каб людзі ва ўсім свеце селі за стол перамоваў і прыйшлі да міру.

Памочнік біскупа Аб’яднання супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі пастыр Валерый Шэйбак, у сваю чаргу, з горыччу заўважыў, што сёння паміж хрысціянамі розных веравызнанняў яшчэ шмат непаразуменняў і ўзаемнага недаверу. Паводле яго, неабходна шырэй глядзець на Царкву Хрыстову для дасягнення адзінства, якое «пачынаецца з братэрскага прыняцця».

Нарэшце, да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі. Каталіцкі іерарх перадусім узгадаў словы апостала Паўла пра любоў, якая «не чыніць бліжняму зла» і «ёсць выкананнем Закону». Паводле арцыпастыра, прыпавесць пра міласэрнага самараніна заахвочвае ўсіх хрысціянаў клапаціцца пра кожнага, хто знаходзіцца ў патрэбе.

«Браты і сёстры, мы вучымся, бо экуменізм, сённяшняя малітва аб еднасці хрысціянаў — гэта навука ад Бога. Не адмаўленне ад праўды, а пошук праўды. Гэта барацьба за праўду, якая, урэшце, вызваліць нас ад таго, што падзяляе», — сцвердзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Асабліва кранальным момантам экуменічнага набажэнства стала супольная малітва «Ойча наш», калі ўдзельнікі ўзяліся за рукі на знак агульнага імкнення да адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста — «каб усе былі адно».

 

Абноўлена 22.01.2024 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.