Навіна пра тое, што парафіяне касцёла св. Тройцы (св. Роха) змогуць трапіць на сапраўдны Калядны баль, дамы і кавалеры прынялі на ўра (асабліва дамы!). Умоваў удзелу было некалькі: вальсіраваць на балі маглі толькі замужнія пары або тыя, хто збіраўся пабрацца шлюбам.
Быў і дрэс-код: жанчыны — сукенкі да падлогі, мужчыны — гарнітуры.
Да выбару адзення дамы падышлі вельмі адказна: некаторыя апранулі рэканструяваныя сукенкі ў стылі ампір, многія шылі на замову і ў прызначаны час з’явіліся пры поўным парадзе. Мужчыны таксама не расчаравалі: белыя кашулі, матылькі і нават асанку трымалі не так, як звычайна.
23 пары ў гэты вечар танцавалі паланэз, вальс, кракавяк, польку і іншыя не зусім папулярныя сёння танцы. Настаўнікамі выступілі Алена і Уладзіслаў Валаховіч з фонда абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».
Для гэтай пары з Магілёва правядзенне баляў для сямейных пар стала ўжо традыцыяй, а вось у Мінск яны прыехалі як арганізатары ўпершыню.
Падтрымаць не толькі словам, але і справай вырашыў танцораў і пробашч парафіі канонік кс. Юрый Санько.
Першыя няўпэўненыя крокі хутка змяніліся лёгкімі рухамі і праз гадзіну, гледзячы на пары, якія слізгалі па паркеце, не верылася, што ўсе яны на падобным балі танцуюць упершыню. Мэта балю — зблізіць сужэнскія пары, даць ім магчымасць правесці час удваіх, без дзяцей, у асаблівай, рамантычнай атмасферы. У позірках мужчын чыталася і любоў — а гэта значыць, што мэта арганізатараў была дасягнута.
Як выявілася, трапіць на баль — для многіх было марай і вось яна ажыццявілася. Танцы дзяліліся на два вялікія аддзяленні і ў кожным абіралі караля і каралеву. Пяць гадзін праляцелі незаўважна!
Пробашч парафіі выказаў надзею на тое, каб гэты Калядны баль стаў добрай традыцыяй для касцёла на Залатой Горцы. Парафіяне ўжо сталі запісвацца на наступны год.