У вігілію Божага Нараджэння біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу Пастэрку ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.
Ва ўрачыстай Эўхарыстыі прымалі ўдзел шматлікія вернікі катэдральнай парафіі, а таксама з усяго горада Магілёва. Цэлебравалі Імшу разам з біскупам архімандрыт Сяргей Гаек — Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, кс. Віталій Маргуноў — пробашч катэдральнай парафіі, кс. Юзаф Сярпейка — вікарый.
Пасля абвяшчэння Нараджэння Пана фігурка Дзіцяткі Езуса была ўрачыста пакладзена ў падрыхтаваныя яслі перад катэдрай і ў гонар нараджэння Бога прагрымеў салют.
У гаміліі, разважаючы над глыбінёй Добрай Навіны, якую прынеслі і абвясцілі пастухам анёлы, біскуп Аляксандр Яшэўскі разважаў над тым, чаму Езус прыйшоў у гэты свет як дзіця. «Напэўна, многія з вас, дарагія браты і сёстры, з’яўляюцца бацькамі, у многіх з вас свае дзеці. Успомніце, як гэта было, як упершыню вы даведаліся, што будзеце бацькамі, як першы раз вы сапраўды сталі бацькамі, як нарадзілася вашае дзіця, — сказаў іерарх. — Жыццё цалкам змяняецца. Ужо нельга свабодна кудысьці схадзіць, з’ездзіць, падарожнічаць — таму што ў вас ёсць дзіця. Працаваць нармальна нельга, а нават і ў касцёл прыйсці — таму што ў вас ёсць дзіця.
Няма свабоды дзеянняў, якую мае моладзь, — таму што ёсць дзіця. Закаханыя маладыя муж і жонка часта і шмат глядзяць адно аднаму ў вочы, аднак калі нараджаецца дзіця, яны ўжо больш глядзяць у вочы дзіцяці, чым адно аднаму. Жыццё пачынае круціцца вакол дзіцяці, яно ў нейкім сэнсе з’яўляецца галоўным у сям’і.
Усё робіцца, як яно дазволіць, усё дзеля яго. А як часта бацькі вымушаны ўставаць уначы, таму што дзіця плача. І ніхто не мае прэтэнзій да дзіцяці, таму што гэта натуральна — дзіця мае свае правы. Жыццё мужа і жонкі, сям’і з дзіцём — гэта зусім іншае жыццё, чым без яго».
У вобразе адносін бацькоў да маленькага дзіцяці біскуп паставіў пытанні, якія з’яўляюцца лагічным вынікам засяроджання над гэтым вобразам, закранаюць чалавека, пабуджаюць засяродзіць увагу на сваіх адносінах да Бога, які захацеў нарадзіцца дзіцём.
«Вось так і Езус, Збаўца чалавека, прыходзіць у гэты свет як дзіця, — адзначыў іерарх. — І мы кажам, што хочам прыняць Езуса ў сваё жыццё — бо прынялі хрост, называем сябе хрысціянамі, вызнаём, што мы веручыя людзі; гэта і ёсць прыняць Езуса ў сваё жыццё. І як, наша жыццё неяк змянілася пасля гэтага? Мы гатовыя ўстаць ноччу, дзеля сустрэчы з Богам — так, як сёння мы зрабілі? Ці гатовыя мы ўставаць раніцай, штодня, крыху раней, каб памаліцца?
Ці гатовыя мы ўвечары, хоць і стаміліся, прысвяціць яшчэ час для Бога? Гатовыя памяняць свае планы, не быць зусім свабоднымі ў сваіх рашэннях, калі гэта Дзіця — Езус Хрыстус — нам гэтага не дазваляе? А хто з вас пакінуў бы маленькае дзіця адно, забыўся б пра яго? Думаю, што няма такіх бацькоў, выхавацеляў, сваякоў, якія, маючы дзіця, пра яго забываюць, пакідаюць, кідаюць — а хай робіць, што хоча, я іду па сваіх справах».
Адказы на гэтыя пытанні відавочныя — мы можам заўважыць пустату і бессэнсоўнасць многіх сваіх дзеянняў. «Аднойчы на будоўлі адзін работнік ездзіў з пустой тачкай, — распавёў біскуп. — Туды-сюды, хутка, без перапынку, увесь спацеўшы, стомлены, бегаў з пустой тачкай. Іншыя работнікі глядзелі і не маглі зразумець — што ж адбываецца? З глузду з’ехаў ці што? У кагосьці нарэшце атрымалася яго спыніць і спытаць: “А чаму ты ездзіш туды-сюды з пустой тачкай?” Ён адказаў: “А ведаеш, столькі працы, столькі працы, што няма калі нават тачку загрузіць”».
Разам з тым біскуп у сваёй гаміліі паказаў слухачам належны шлях і адзначыў, што жыццё разам з Хрыстом мае «новы смак, новы сэнс».
Складаючы вернікам віншаванні, біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што «Езус хоча сёння даць нам новае жыццё, новы шанец, новыя сілы, новую надзею». «Дастаткова, каб мы былі на гэта адкрытыя, каб мы хацелі, каб жадалі. Такой сустрэчы з Нованароджаным, сустрэчы, якая дасць вам новую сілу, новую надзею і радасць, я вам усім ад усяго сэрца жадаю і аб гэтым для вас сёння малюся», - сказаў іерарх.
Пасля святой Імшы біскуп падзяліўся аплаткай са святарамі, сёстрамі законнымі і сабранымі ў катэдры вернікамі. Такім чынам катэдральная парафія стала нібы адной вялікай сям’ёй, якая, раздяліўшы радасць літургічнай сустрэчы з Нованароджаным, працягнула гэтую радасць, складаючы сардэчныя віншаванні адзін аднаму падчас дзялення аплаткай.