Пошук

26.12.2017 13:59   Catholic.by

24 снежня 2017 г., катэдральны касцёл у Магілёве

Глыбокапаважаны архімандрыт Сяргей Гаек – Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі,
Глыбокапаважаныя святары – пробашч катэдральнай парафіі кс. Віталій і вікарый кс. Юзаф,
Вялебныя сёстры законныя – с. Алекса, с. Каміла і с. Вера,
Любыя дзеці і моладзь,
Дарагія браты і сёстры!

Вітаю і віншую вас усіх у гэты вялікі і радасны калядны вечар!

Цяжка сёння, перажываючы вігілію ўрачыстасці Божага Нараджэння, не пачаць гамалію, узгадваючы словы анёла, якія з’яўляюцца словамі Добрай Навіны: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10-11). Сапраўды, вялікая радасць для ўсіх.

Аднак варта ў такі вечар, акрамя выдатных адчуванняў, уражанняў, добрых эмоцый, паразважаць над глыбінёй гэтай Добрай Навіны. Паставіць сабе, магчыма, і цяжкія, сур’ёзныя пытанні пра нашае духоўнае жыццё і не толькі.

Чаму Езус – Бог – прыйшоў у свет як дзіця? Чаму не спусціўся адразу ў славе і велічы, як вялікі Валадар, але прыйшоў у свет настолькі малым і слабым? Што насамрэч Бог хоча нам гэтым сказаць праз сваё ўцелаўленне ў асобе малога, бездапаможнага дзіцяці?

Напэўна, многія з вас дарагія браты і сёстры, з’яўляюцца бацькамі, у многіх з вас свае дзеці.

Успомніце як гэта было, як упершыню вы даведаліся, што будзеце бацькамі, як першы раз вы сапраўды сталі бацькамі, як нарадзілася вашае дзіця.

Жыццё цалкам змяняецца. Ужо нельга свабодна кудысьці схадзіць, з’ездзіць, падарожнічаць – таму што ў вас ёсць дзіця.

Нават працаваць нармальна нельга, а нават і ў касцёл прыйсці – таму што ў вас ёсць дзіця.

Няма свабоды дзеянняў, якую мае моладзь, – таму што ёсць дзіця.

Закаханыя маладыя муж і жонка часта і шмат глядзяць адно аднаму ў вочы, аднак калі нараджаецца дзіця, яны ўжо больш глядзяць у вочы дзіцяці, чым адно аднаму. Жыццё пачынае круціцца вакол дзіцяці, яно ў нейкім сэнсе з’яўляецца галоўным у сям’і. Усё робіцца, як яно дазволіць, усё дзеля яго.

А як часта бацькі вымушаныя ўставаць уначы, таму што дзіця плача. І ніхто не мае прэтэнзій да дзіцяці, таму што гэта натуральна – дзіця мае свае правы. Жыццё мужа і жонкі, сям’і з дзіцём, - гэта зусім іншае жыццё, чым без яго.

Дарагія браты і сёстры, аднак дзіця – гэта не толькі праблемы і клопаты; дзіця – гэта нейкі новы сэнс жыцця, гэта гонар бацькоў і не толькі бацькоў, гэта новы энтузіязм у бабуль, дзядуляў.

Вось так і Езус, Збаўца чалавека, прыходзіць у гэты свет як дзіця. І мы кажам, што хочам прыняць Езуса ў сваё жыццё – бо прынялі хрост, называем сябе хрысціянамі, вызнаём, што мы веручыя людзі; гэта і ёсць прыняць Езуса ў сваё жыццё.

І як, наша жыццё неяк змянілася пасля гэтага?

Мы гатовыя ўстаць ноччу дзеля сустрэчы з Богам – так, як сёння мы зрабілі?

Ці гатовыя мы ўставаць раніцай, штодня, крыху раней, каб памаліцца?

Ці гатовыя мы ўвечары, хоць і стаміліся, прысвяціць яшчэ час для Бога?

Мы гатовыя памяняць свае планы, не быць зусім свабоднымі ў сваіх рашэннях, калі гэта Дзіця – Езус Хрыстус – нам гэтага не дазваляе?

А хто з вас пакінуў бы маленькае дзіця адно, забыўся б пра яго? Думаю, што няма такіх бацькоў, выхавацеляў, сваякоў, якія, маючы дзіця, пра яго забываюць, пакідаюць, кідаюць – а хай робіць, што хоча, я іду па сваіх справах.

Мы сёння пакланяемся Езусу як дзіцяці – і прымаем Яго ў сваё жыццё, і хочам, каб Ён быў з намі. Але разам з тым потым, пасля свята, забываемся пра Яго. Забываемся маліцца, перастаем прыходзіць у касцёл – вось у свята так шмат людзей, а па звычайных нядзелях ужо менш – чаму?

Таму, што мы пакідаем Дзіцятка Езуса аднаго, мы кідаем Яго.

Мы пакідаем, кідаем Божае дзіця, калі прапускаем малітву, святую Імшу, калі доўга не спавядаемся і не прымаем святую Камунію. Гэты маленькі Езус, які ляжыць у яслях, нарадзіўся не дзеля свята, а каб быць з намі заўсёды і нас збавіць.

Нельга ўсынавіць дзіця на адзін дзень у годзе – альбо прымаем назаўжды, альбо лепш наогул не прымаць.

Варта менавіта так паглядзець на сваё духоўнае жыццё, больш глыбока, больш стала.

Вера, рэлігія, малітва – гэта не штосці дадатковае, гэта не ўпрыгажэнне нашага жыцця. Гэта галоўны сэнс і галоўны смак жыцця.

Калі мы сёння запрашаем Езуса ў сваё жыццё, то нашае жыццё павінна быць іншым не сёння, а з сённяшняга дня.

Мы часта ў нашым жыцці шмат чым занятыя, шмат працуем, мітусімся. Праца ў нашым жыцці заняла ганаровае першае месца. Менавіта таму мы часта ад гэтага не адчуваем сябе шчаслівымі.

Аднойчы на будоўлі адзін работнік ездзіў з пустой тачкай. Туды-сюды, хутка, без перапынку, увесь спацеўшы, стомлены, бегаў з пустой тачкай. Іншыя работнікі глядзелі і не маглі зразумець – што ж адбываецца? З глузду з’ехаў ці што? У кагосьці нарэшце атрымалася яго спыніць і спытаць: “А чаму ты ездзіш туды-сюды з пустой тачкай?” Ён адказаў: “А ведаеш, столькі працы, столькі працы, што няма калі нават тачку загрузіць”.

Хочацца смяяцца, бо вясёлы прыклад! Але гэта пра нас, гэта мы. Бегаем, мітусімся, няма часу памаліцца, няма часу прыйсці на святую Імшу. Мы бегаем з пустой тачкай, як вар’яты. Наша жыццё, наша праца губляе сэнс, губляе свой непаўторны смак. Гэты сэнс, гэты смак можа даць толькі Езус, можа даць толькі Бог.

Яшчэ адзін падобны прыклад. У лесе працавалі два лесарубы. Адзін працаваў без перапынкаў, іншы час ад часу спыняўся і сыходзіў, потым праз нейкі час вяртаўся і працягваў працу. Той, які працаваў без перапынку, у думках асуджаў свайго калегу – які гультай, працаваць яму не хочацца. Але, на яго здзіўленне, увечары аказалася, што той, які рабіў перапынкі, насёк больш. Наш працаголік падышоў да свайго калегі і спытаўся: “Як ты гэта зрабіў – ты рабіў столькі перапынкаў, а ў канчатковым выніку ты зрабіў больш?” Той адказаў: “Таму што я ў гэтыя перапынкі хадзіў навастрыць сякеру, а ты ўвесь час працаваў тупой сякерай, таму ты і прыкладваў больш намаганняў, а зрабіў менш”.

Дарагія браты і сёстры!

Як часта мы працуем такой тупой сякерай, робім-робім, мітусімся, перажываем, а радасці няма, слёзы, дэпрэсія, таму што мы не знаходзім часу навастрыць свою сякеру. Мы не знаходзім часу паглядзець у вочы Езуса, мы не знаходзім часу, каб прыняць Хрыста, услухацца ў Яго словы, у Яго парады, не хапае нам гэтых збаўчых перапынкаў у жыцці.

Мы не клапоцімся пра тое, каб спыніцца і падумаць, памаліцца, папрасіць аб Божым благаслаўленні, падзякаваць за Яго ласкі.

Езус прыходзіць да нас як дзіця – хочаш-не хочаш, дзеля дзіцяці трэба ўсё пакінуць і быць з ім, заняцца ім.

Дарагі брат, дарагая сястра!

Паспрабуй пасля гэтых радасных святаў Божага Нараджэння над гэтым папрацаваць, каб не бегаць з пустой тачкай, каб не працаваць тупой сякерай.

Абяцай Немаўлятку Езусу, што кожны дзень будзеш знаходзіць час, каб памаліцца – пабыць з Ім, пагутарыць з Ім, з Езусам, кожны дзень, заўсёды.

Абяцай, што кожны тыдзень знойдзеш час, каб прыйсці да Яго, каб не пакідаць Дзіця.

Калі Яму, нованарожданаму Збаўцу, гэта паабяцаеш, калі будзеш працаваць над сабой, каб паслужыць гэтаму Дзіцяці, убачыш, што здарыцца, і не пашкадуеш. Бог адкажа сваім благаслаўленнем.

Тваё жыццё набудзе новы смак, новы сэнс – я не ведаю дакладна, які, але ты, дарагі мой брат і сястра, гэта ўбачыш, ты гэта адчуеш. Кожны дзень малітва, кожную нядзелю святая Імша, кожны месяц споведзь.

Мы, людзі ХХІ стагоддзя, а асабліва ва ўсходніх частках нашай бацькаўшчыны, маем вялікую праблему са сталасцю.

Сталасць, сістэматычнасць, адказнасць – гэта словы, якія мы часта нават чуць не жадаем, бо яны моцна б’юць па сумленні. Аднак калі мы запрашаем Езуса ў сваё жыццё, калі рыхтуем Яму цёплыя і ўтульныя яслі ў сваім сэрцы, то не можам Яго так проста і лёгка кінуць. Гэтыя словы – сталасць, сістэматычнасць, адказнасць – павінны стаць нашымі рысамі, нашымі якасцямі, праграмай нашага жыцця.

Дарагія браты і сёстры!

Віншую вас са святам Божага Нараджэння і жадаю вам, каб Езус нарадзіўся ў вашых сэрцах, каб вы знаходзілі час быць з Ім. Няхай Хрыстус у вашых сэрцах добра сябе адчувае. Хай нашае жыццё не будзе падобнае да работніка, якому няма часу загрузіць тачку і які працуе тупой сякерай.

Езус хоча сёння даць нам новае жыццё, новы шанец, новыя сілы, новую надзею. Дастаткова, каб мы былі на гэта адкрыты, каб мы хацелі, каб жадалі.

Такой сустрэчы з Нованароджаным, сустрэчы, якая дасць вам новую сілу, новую надзею і радасць, я вам усім ад усяго сэрца жадаю і аб гэтым для вас сёння малюся.

Са святам вас Божага Нараджэння!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа