Пошук

23.12.2017 16:16   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

22 снежня ў касцёле св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску адкрылася першая выстаўка прац навучэнцаў каталіцкай мастацкай студыі «Крылы натхнення», якой кіруе мастачка Надзея Бука.

Студыя «Крылы натхнення» паўстала напрыканцы верасня 2017 года ў мінскім касцёле св. Роха. Заняткі па малюнку і жывапісе наведваюць 75 чалавек — як дарослыя, так і дзеці. Навучанне бясплатнае і праходзіць у дольнай частцы касцёла. На сёння гэта адзіная каталіцкая мастацкая студыя такога роду ў Беларусі.

На выстаўцы можна ўбачыць зімовыя пейзажы, вежы касцёлаў, нацюрморты з ружанцам і свечкамі — карціны, выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках, а таксама буцінанкі з каляровай паперы і кардону. Усё гэта — вынік працы студыі на працягу трох апошніх месяцаў.

Адкрыццё мастацкай экспазіцыі распачалося з удзелу ў святой Імшы, якую для навучэнцаў студыі і ўсіх парафіянаў цэлебраваў кс. Аляксандр Улас.

«Студыя, якая паўстала ў касцёле св. Роха, дае магчымасць заўважыць глыбока схаваныя таленты, вынесці іх наверх і даць ім магчымасць развівацца. Тут я найперш хацеў бы падзякаваць спадарыні Надзеі, за тое, што яна часамі з моцным высілкам і намаганнямі выцягвае гэтыя таленты на паверхню. І дзякуй Богу за гэты яе талент настаўніка», — заўважыў кс. Аляксандр Улас падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі.

На адкрыцці экспазіцыі са сваімі музычнымі нумарамі выступілі самыя маленькія навучэнцы студыі, а старэйшыя распавялі пра свой шлях у студыю, выказалі словы падзякі арганізатарам выстаўкі і сваёй настаўніцы.

«Я заўсёды марыла маляваць. І вось зараз, дзякуючы арганізатарам, дзякуючы Надзеі, мары здзяйсняюцца. Мы не толькі фарбуем паперу, але таксама фарбуем сваё жыццё», — падзялілася навучэнка студыі Наталля Муха.

«Заўсёды захапляў задор Надзеі, задор, які натхняе, прымушае прыходзіць, рабіць дамашняе заданне. Дзякуй, Надзея, за такі рухавік, што далі нам магчымасць дакрануцца да гэтага мастацтва», — заўважыў навучэнец студыі Дзяніс Гайдук.

«Хадзіць на заняткі да Надзеі мяне падштурхнула малодшая сястра, якая таксама тут займаецца і вельмі задаволеная. І вось зараз я на гэтай выстаўцы. Гэта вельмі незвычайнае пачуццё… Я бачу, што зрабіла крок да мары "маляваць як Надзея", і не збіраюся на гэтым спыняцца. Знаходзячыся на гэтай выстаўцы і бачачы вынікі, ты разумееш, што ёсць да чаго імкнуцца і адначасова ўжо ёсць тое, чаго ты дабіўся і што развіў у сабе. Вельмі прыемна бачыць захапляльныя погляды іншых наведвальнікаў нашай выстаўкі. Дзякуй Надзеі за спаўненне мары, і ўсім, хто спрычыніўся да яе здзяйснення. Хочацца развівацца і ствараць далей», — падзялілася вучаніца Ілона Мартынава.

«Мне вельмі падабалася маляваць, і я вырашыла ісці ў гэтую студыю, каб развіваць свой талент. Мне падабаецца, як тут выкладаюць», — распавяла ўдзельніца дзіцячай групы Дар’я Бязручнікава.

Кіраўнік студыі «Крылы натхнення» мастачка Надзея Бука заўважае, што выстаўка — гэта ажыццяўленне яе даўняй мары аб сваёй дзіцячай студыі. Аднак Бог так учыніў, што зараз тут займаюцца і дарослыя, і дзеці.

«Увогуле, для мяне было вялікім здзіўленнем, што столькі людзей захацела маляваць. Многія дарослыя пачыналі з нуля, бо апошні раз трымалі ў руках аловак ці фарбы ў дзіцячым садку або школе. Мне як выкладчыку прыемна, што яны праз мяне і з дапамогай Бога тут адкрываюць свае таленты. Гэта не проста студыя, гэта як евангелізацыя. Адчуваю вялікую ўдзячнасць і радасць за сваіх вучняў, а таксама за тое, што кс. Юрый Санько даў мне такую магчымасць — ажыццявіць сваю мару ў гэтым касцёле. Праз сваю студыю я імкнуся зноў аднавіць у людзях любоў да мастацтва», — дзеліцца Надзея Бука.

Выстаўка прац каталіцкай мастацкай студыі «Крылы натхнення» будзе трываць у касцёле св. Роха на Залатой Горцы да 22 студзеня. Усе жадаючыя могуць наведаць экспазіцыю. Уваход вольны.

Абноўлена 24.12.2017 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.