Пошук

25.12.2017 10:50   Grodnensis.by / Catholic.by

«Няхай радасць святаў Божага Нараджэння паселіцца ў кожным сэрцы, у кожнай сям’і і супольнасці, няхай будзе ўдзелена ўсяму нашаму грамадству і ўсім людзям добрай волі. Няхай Нованароджаны Сын Божы адорвае кожнага шчодрым благаслаўленнем, добрым здароўем і ўсялякімі патрэбнымі ласкамі», — піша іерарх.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Дарагія дыяцэзіяне!

У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14) Мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваёй айцоўскай любові.

Гледзячы на Божае Дзіцятка, пакладзенае ва ўбогіх бэтлеемскіх яслях, мы бачым у Ім Эмануэля — «Бога з намі». Езус Хрыстус прыходзіць у гэты свет, прымае чалавечую прыроду і становіцца адным з нас, каб мы паверылі, што Бог сапраўды блізка, што Яго любоў не ведае межаў і што Яго найвялікшае жаданне – адарыць нас усіх паўнатой збаўлення.

Няхай святы Божага Нараджэння прамаўляюць да нас усёй моцай надзеі і радасці. Няхай у нашых сэрцах паселяцца мір і радасць, дабрыня і міласэрнасць, цярплівасць і чуласць. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў Асобе Дзіцяткі Езуса, абудзіць у нас самыя высакародныя жаданні дзялення любоўю з бліжнімі, аказання дапамогі патрабуючым, сведчання словам і чынам аб веры, якая надае сэнс усяму нашаму жыццю.

У гэты святочны час складаю вам, дарагія браты і сёстры, мае самыя сардэчныя віншаванні. Няхай радасць святаў Божага Нараджэння паселіцца ў кожным сэрцы, у кожнай сям’і і супольнасці, няхай будзе ўдзелена ўсяму нашаму грамадству і ўсім людзям добрай волі. Няхай Нованароджаны Сын Божы адорвае кожнага шчодрым благаслаўленнем, добрым здароўем і ўсялякімі патрэбнымі ласкамі.

Запэўніваю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, у маёй малітве, жадаю вясёлых, радасных, поўных надзеі і аптымізму святаў Божага Нараджэння, а таксама шчаслівага, паспяховага, багатага Божым благаслаўленнем Новага 2018 года!

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 19 снежня 2017 г.

Прашу паважаных святароў прачытаць віншаванні падчас кожнай святой Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння (25 снежня 2017 г.) і Святой Багародзіцы Марыі (1 студзеня 2018 г.).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.