Пошук

26.12.2017 14:49   Grodnensis.by / Catholic.by

Святую Імшу Пастэрку ў ноч Божага Нараджэння біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў у касцёле Святой Сям’і ў Лідзе.

На святочнай літургіі, якая адбылася апоўначы, прысутнічалі шматлікія парафіяне, якія прыйшлі цэлымі сем’ямі, каб перажыць гэтыя радасныя хвіліны.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ў гэтую ноч узгадваецца таямніца, «перад якой мы падаем на калені, якой не здольныя ні спасцігнуць, ні зразумець». «Сённяшняй ноччу мы перажываем гэтую вялікую хвіліну, якая паказвае нам, як моцна Бог нас палюбіў, што ажно Сына свайго прыслаў, Святло свету», — дадаў іерарх.

Гродзенскі ардынарый адзначыў, што гэтая святая ноч павінна ўсіх яшчэ больш умацаваць у перакананні, як Бог любіць кожнага. «Здаецца, што ў час святаў Божага Нараджэння кожны з нас яшчэ больш адчувае, што любімы — любімы Богам, любімы Хрыстом, Сынам Божым», — сказаў біскуп.

Іерарх заклікаў праз удзел у гэтай літургіі ўзяць Бога ў сваё сэрца і ў свой дом, бо пра гэта кажа вера і любоў.

«Прымем Бога ў нашы дамы і ў нашы сэрцы. Няхай Ён асвятляе ўсе змрокі нашага жыцця і няхай нас вядзе. Пажадаем так, як пастухі, казаць іншым аб гэтай радасці, якую спазнаём, да якой дакранаемся гэтай ноччу», — заахвоціў біскуп.

Па словах гродзенскага ардынарыя, гэтую радасць нельга ўтрымліваць толькі для сябе, а трэба радасна выйсці, каб усюды апавядаць аб гэтым цудзе, сведкамі якога з’яўляемся.

«Будзем казаць усім, што сустрэлі Святло, сустрэлі Жыццё, сустрэлі Любоў, сустрэлі Хрыста», — дадаў іерарх, заклікаючы дзяліцца гэтай Любоўю з іншымі.

«Каб мы дзяліліся гэтай любоўю з іншымі, працягвалі нашы рукі іншым і такім чынам яшчэ больш адчулі сябе адной вялікай сям’ёй, тут, у парафіяльным касцёле, і ў Касцёле Паўсюдным, які ахоплівае ўвесь свет», — сказаў біскуп Кашкевіч.

На заканчэнне пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц падзякаваў іерарху, што выбраў гэтую парафію месцам цэлебрацыі такой важнай ва ўсім годзе літургіі.

Святар запэўніў, што жывая і дынамічная парафіяльная супольнасць, якой апякуецца Святая Сям’я, у сваіх малітвах пастаянна памятае пра свайго біскупа і падтрымлівае ўсе яго ініцыятывы малітвамі і ахвярамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця